У мінулыя выхадныя з-за непагадзі не суджана было адбыцца раённай спартакіядзе сярод сельскай моладзі, хоць маладыя людзі, поўныя сіл і энтузіязму, гатовы былі нават і ў самае сцюдзёнае надвор’е паказаць “клас” у спорце. Спартакіяда прайшла ў гэтую суботу, а спрачалася за перамогу моладзь у чатырох відах спорту – валейбол, настольны тэніс, падыманне гіры і перацягванне канату. Сёлета ў гэты спіс не трапіў міні-футбол, чым былі засмучаны яго прыхільнікі. Аднак спаборніцтвы па футболе будуць праведзены пазней асобна.
Хто ж яны, удзельнікі спартакіяды? Першапачаткова прыняць удзел у спаборніцтвах планавалі многія, але ажыццявілі свае планы толькі чатыры пастаянныя ўдзельнікі – каманды ААТ “Ільюшынскі”, ПУП “Сарочына”, КУСГП “Дубраўка” і “Кублічы”.
Пачаліся спаборніцтвы з валейбола, тут адразу выбыла з гульні, нават не выйшаўшы на поле, каманда ПУП “Сарочына” – яны не выканалі ўмовы палажэння, згодна якога сярод валейбалістаў павінны быць юнакі і дзяўчаты. Сарочынцы ж хацелі выставіць толькі моцную палову, таму аўтаматычна і атрымалі чацвёртае месца. Такі ж ход хацелі зрабіць і кублічане, аднак вельмі хутка выставілі і дзяўчат.
Усе каманды трымаліся дастойна, аб тым, што не навічкі ў гульні, сведчылі адпрацаваныя падачы, меткія ўдары, моцныя блокі. Нядрэнна гуляла “Дубраўка”, аднак не ўдалося выстаяць у супрацьстаянні з ільюшынцамі і кублічанамі. Апошнія настолькі ўпэўнена трымаліся на полі, што складвалася ўражанне, быццам яны сапраўдныя прафесіяналы і працуюць не ў сельскай гаспадарцы, а ўвесь час аддаюць трэніроўкам. У выніку дзвюх партый яны з лёгкасцю разграмілі “Ільюшынскі” і занялі першае месца.
Сур’ёзна выкласціся моладзі прыйшлося падчас падымання гіры, вага якой была 24 кілаграмы. Адны ледзьве дакрануўшыся да яе, адразу адмаўляліся падымаць, другія ўпарта падымалі яе 50-60 разоў, як напрыклад, М.Александровіч (на здымку). Ёсць і такія волаты ў сельскай мясцовасці! У выніку самымі моцнымі і вынослівымі зноў жа аказаліся кублічане, не намнога адсталі ад іх і прадстаўнікі ПУП “Сарочына”, трэцімі сталі ільюшынцы.
Доўга выяўлялі, хто ж лепшы ў настольным тэнісе, дзе ўдзельнічалі па тры ўдзельнікі каманд. Аказалася, што сапраўдныя тэнісісты працуюць у ПУП “Сарочына”. Там жа маюцца і сапраўдныя асілкі, як на падбор моцных выставілі яны ў перацягванні каната. Ім нават не прыйшлося надта напружвацца, каб выйграць. Толькі жылістыя хлопцы з Кубліч не пабаяліся аказаць ім супраціўленне, астатнія пры адным толькі выглядзе сапернікаў ужо згаджаліся ўступіць ім. Аб тым, што сельская моладзь гатова да любых выпрабаванняў, сведчыла і тое, што смела цягнуць канат выходзілі і дзяўчаты, асабліва ўпэўненым крокам рабіла гэта слабая палова “Дубраўкі”. Нездарма менавіта гэтая каманда заслужана атрымала прыз “за волю да перамогі”, амаль ва ўсіх відах ім зусім крыху не хапала да прызавога месца. Трэцяе месца па выніках усёй спартакіяды заняла каманда ААТ “Ільюшынскі”, серабро дасталася прадстаўнікам ПУП “Сарочына”, ну а абсалютным пераможцам спартакіяды сярод сельскай моладзі стала каманда КУСГП “Кублічы”.
– У любым выпадку сёння перамагла дружба! Бо нягледзячы на дух саперніцтва, вы яшчэ больш раззнаёміліся паміж сабой! – зазначыла, падводзячы вынікі спартакіяды, начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Н.І.Гардзіёнак.
Каманды-пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі ад аддзела, якія будуць ім нагадваць пра спартакіяду. Стомленыя, але задаволеныя ўдзельнікі абмяркоўвалі дасягненні і ўжо планавалі свой наступны ўдзел у ёй.
В.КАМАРКОВА.