Лучшие молодые животноводы – в «Ушачском райагросервисе»

Образование и молодежь Сельское хозяйство

Яна не апранае на працу прыгожую сукенку, а ён касцюм з гальштукам. Яна не праводзіць рабочы час у цёплым кабінеце за камп’ютарам, ён не ездзіць на камфортным аўтамабілі. Іх рукі ў мазалях, а погляд хоць і аптымістычны, але крыху стомлены. Гэтыя маладыя людзі пайшлі не па самым лёгкім працоўным шляху і абралі для сябе прафесію, якая ў маладзёжным асяроддзі лічыцца непрэстыжнай. Яны –  жывёлаводы, а месца працы іх – жывёлагадоўчы комплекс “Маяк” ААТ “Райаграсэрвіс”.

Рабочы дзень Святланы Карповіч і Андрэя Логінава (на здымку) пачынаецца з раніцы і доўжыцца да шасці гадзін вечара. Працуюць яны ў розных групах, але задача ў іх адна – даглядаць жывёлу, сачыць, каб цяляты былі накормлены, каб своечасова атрымлівалі канцэнтраты, самых маленькіх трэба глядзець больш пільна, як гаворыцца “падымаць на ногі”.

А.Логінаў працуе на комплексе ўжо больш пяці гадоў, хоць і мае кваліфікацыю трактарыста-машыніста, але прызнаецца, што больш прыцягвае жывёлагадоўля, чым тэхніка.

С.Карповіч на працягу двух гадоў спраўна выконвае свае абавязкі жывёлавода. Нялёгка, канечне, прыходзіцца маладой жанчыне на такой няпростай рабоце, а пасля рабочага дня трэба хутчэй спяшацца дадому, дзе чакаюць двое маленькіх дзетак і трэба дагледзець сваю  ўласную (прычым вялікую!) падсобную гаспадарку. Працавітасць Святланы сапраўды заслугоўвае ўвагі.

Гэтыя маладыя людзі сёння героі нашай публікацыі невыпадкова. Менавіта яны сталі абсалютнымі пераможцамі маладзёжнага спаборніцтва і лепшымі жывёлаводамі па выніках 2012 года. Сярэднесутачныя прывагі ў групе С.Карповіч за год склалі 865 грамаў, а А.Логінава – 825 грамаў. Гэта не толькі самыя лепшыя паказчыкі сярод моладзі, а і наогул сярод жывёлаводаў раёна. Сярод маладых аператараў машыннага даення кароў адзначана Алеся Бычковіч, таксама з “Райаграсэрвіса”. У 2012 годзе яна надаіла на адну карову 4035 кілаграмаў.

Пераможцы спаборніцтва атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі ад аддзела райвыканкама па справах моладзі. Віншуем маладых жывёлаводаў, так трымаць!

В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *