Звычайна мы стараемся рабіць героямі нашых публікацый працаўнікоў розных калектываў. Пра работнікаў участка “Арэхаўна” УП ЖКГ расказвалі тры гады таму, аднак іх пастаяннае ўпэўненае лідарства па прадпрыемстве прымусіла парушыць гэты прынцып і зноў наведацца да арэхаўцаў. Бываць жа ў гэтым калектыве прыемна: тут і людзі добразычлівыя, і атмасфера цёплая – прычым, ва ўсіх сэнсах, што якраз дарэчы ў сцюдзёныя дні сёлетняй вясны.
Кажуць, што чалавек можа бясконца назіраць за тым, як гарыць агонь, цячэ вада і як працуе другі чалавек. Пабываўшы ў кацельні аграгарадка Арэхаўна, можна пагадзіцца нават з апошняй часткай гэтага гумарыстычнага выразу. Сапраўды, прыемна назіраць, як нарыхтоўшчыкі паліва адладжанымі рухамі закладваюць у самаробны прэс (фірменны “знак” арэхаўскага ўчастка) кавалкі дрэў амаль метровага дыяметру – і магутная машына лёгка разразае калоды ўдоўж.
Зрэшты, і першая частка прыведзенага вышэй выразу тут дарэчы, бо назіраць за гарэннем агню – прамыя абавязкі работнікаў кацельні. Вядома ж, не толькі назіраць, але і захоўваць усе патрабаванні тэхналагічнага працэсу. А яшчэ – улічваць прынцыпы эканоміі і беражлівасці, якія ў гэтым годзе актуальныя як ніколі. Як гэта зрабіць у такім, здавалася б, няхітрым працэсе, як спальванне дроў ці торфу? Начальнік участка Віктар Міхайлавіч Шыркевіч ахвотна дзеліцца сакрэтамі: “Па-першае, правільна абслугоўваць кацёл, рэгулярна яго ачышчаць. Па-другое, тапіць кацёл у эканамічным рэжыме: закладваць дровы аптымальнага памеру і падкідваць паступова. Не забываемся і на эканомію электраэнергіі. Выкарыстоўваем, напрыклад, асаблівасці надвор’я: калі яно ветранае, можна выключыць рухавікі, якія прыводзяць у дзеянне дымасосы, бо маецца натуральная цяга, рэгуляваць якую можна заслонкай катла”. Рацыяналізатарскі склад розуму прымушае Віктара Міхайлавіча пастаянна шукаць шляхі ўдасканалення прылад і механізмаў, з якімі гэты чалавек мае справу. Апошняя яго задума – зрабіць адвод у трубе, па якой выходзяць адпрацаваныя газы, каб пусціць іх у рэзервовы кацёл і такім чынам выкарыстаць іх цеплыню. На гэты перспектыўны праект ужо атрыманы дазвол катланагляду.
Увогуле ж начальнік участка літаральна жыве вытворчымі справамі. Ён блізка да сэрца ўспрымае недахопы – засмучаны тым, што ніяк не зрушыцца з месца будаўніцтва ў аграгарадку станцыі абезжалезвання і ачышчальных збудаванняў, – і ад душы радуецца, што ўдалося на 2/3 замяніць трубы цепласеткі. А з якім задавальненнем паказвае па-дамашняму ўтульную лазню, чысценькую, з выдатнай парылкай і нават упрыгожаную кветкамі! “Той, хто хоць раз у нас памыўся, абавязкова становіцца пастаянным кліентам, нават з райцэнтра прыязджаюць!” – расказвае Віктар Міхайлавіч і дадае, што стварае гэтую ўтульнасць цудоўная работніца Валянціна Іванаўна Несцярэнка. Дарэчы, абслугоўвае арэхаўскі ўчастак 20 чалавек. І літаральна кожны работнік – спецыяліст шырокага профілю. Слесары-абходчыкі Алег Васільевіч Птушка і Андрэй Аляксандравіч Арцямёнак выконваюць таксама абавязкі машыніста кацельні, займаюцца нарыхтоўкай дроў і ўвогуле з’яўляюцца аплотам калектыву. Не падводзіць бацьку і сын начальніка ўчастка Павел (дарэчы, і другі яго сын, Віктар, таксама працуе ва Ушацкім ЖКГ, на цэнтральнай кацельні). Адказна ставяцца да сваіх абавязкаў Сяргей Пятровіч Булаўка, Андрэй Леанідавіч Барысавец, Мікалай Іосіфавіч Прашкевіч, хутка адчулі сябе сваімі ў калектыве і маладыя работнікі Аляксей Коршун, Дзмітрый Хвасціёнак, Аляксандр Собалеў. А той факт, што асобныя мужчыны прыязджаюць на работу з Ушач і Ліпаўца, красамоўна сведчыць аб тым, што працаваць тут людзям падабаецца.
І яшчэ адна адметная акалічнасць – у работнікаў участка не прынята сябраваць з зялёным зміем. А прыклад у гэтым паказвае сам начальнік, які не мае шкодных звычак. “У нас выдатны калектыў! На кожнага можна разлічваць, як на сябе,” – прызнаецца Алег Птушка, і з гэтымі словамі згодны ўсе яго калегі.
Н.БАГДАНОВІЧ.