У ноч з 8 на 9 лістапада 2011 года на мемарыяльным комплексе «Прарыў» было сарвана 38 сілумінавых пліт з імёнамі загінуўшых воінаў, тым самым пашкоджана кампазіцыя комплексу, які мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, нанесены ўрон на суму больш 111 мільёнаў рублёў.
10 лістапада раённым аддзелам унутраных спраў была ўзбуджана крымінальная справа, 12 лістапада затрыманы першыя падазроныя, а 22 лістапада тром ураджэнцам Чашніцкага раёна было прад’яўлена абвінавачванне адразу па двух артыкулах: крадзеж, здзейснены групай асоб, у асабліва буйным памеры і наўмыснае пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцей, здзейсненае групай асоб, якім нанесены ўрон у асабліва буйным памеры.
І калі вельмі хутка былі знойдзены самі пліты, вернуты на месца, то вельмі доўга раённаму аддзелу Следчага камітэта і пракуратуры давялося літаральна па крупінках збіраць даказальную базу, каб злодзеі панеслі пакаранне.
Маленькая зала ўшацкага суда бітком запоўнена брытагаловымі юнакамі. Яны — літаральна на ўсіх лавах, а ўся тэрыторыя ў чужых машынах. Хоць і прыехалі з Чашніцкага раёна — паводзілі сябе, як дома — упэўнена, нахабна, развязна. Пры такой псіхалагічнай падтрымцы так жа трымаліся і падсудныя. Толькі на апошняе пасяджэнне ў сакавіку 2012 года, каб змяніць «псіхалагічнае надвор’е», у залу прыйшлі ўшацкія ветэраны працы.
Напісаць тады, а было гэта роўна год таму, не атрымалася, паколькі прыгавор суда (7 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці) быў абскарджаны, пачаўся новы разгляд справы, дадатковыя і вельмі скрупулёзныя праверкі, пошук новых фактаў. І яны знайшліся. Тыя, што ў першую чаргу абверглі лінію двух абвінавачваемых аб тым, што яны ніколі не былі ва Ушачах і тым больш на «Прарыве». Што ў той вечар 8 лістапада 2011 года яны знаходзіліся ў Чашніках. Што іх проста абгаворвае Сабалеўскі, які зрабіў гэтае злачынства з нейкімі трэцімі асобамі.
На паказаннях апошняга, дарэчы, і трымалася лінія абвінавачвання. Ён адзіны, хто не навучыўшыся адчайна лгаць, пачаў даваць паказанні на першай гадзіне затрымання. І расказаў усё.
Прадпрымальнік (таксіст) Аляксандр Алісіевіч 1984 года нараджэння, беспрацоўны Вячаслаў Кунавіч (1988) і інвалід трэцяй групы Павел Сабалеўскі (1985) вырашылі нажыцца на ўшацкім помніку і загадзя рыхтаваліся да аперацыі. Апошні кіраваў мікрааўтобусам, у які і складвалі пліты. Разгрузілі ў адным з хлявоў на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна, загадзя дамовіўшыся з гаспадаром аб збыце. Скупшчык крадзенага паведаміў, што не здагадваўся аб крадзяжы, паколькі многія помнікі дэманціруюцца. Мабільныя тэлефоны ўсіх трох удзельнікаў былі папярэдне выключаны, так што высветліць, дзе яны знаходзіліся ў той вечар, не ўяўлялася магчымым. На месцы здарэння (мемарыяльным комплексе) засталася толькі запальніца Сабалеўскага ды сляды пратэктара дзвюх машын (яны супадалі з тымі, якімі кіравалі апошні і Кунавіч). Сведкі падсудных, а гэта сябры і родныя, сцвярджалі, што ў гэты вечар яны былі дома ці ў горадзе. Сабалеўскі ж іх абгаворвае, паколькі помсціць за сувязь Алісіевіча з яго жонкай, а Кунавічу за тое, што той не заплаціў за няякасны рамонт аўтамабіля.
Супраць Алісіевіча і Кунавіча не было прамых улік: сляды пратэктара маглі належаць і іншым аўтамабілям гэтай групы. За грашыма заязджаў Сабалеўскі, хоць Алісіевіч знаходзіўся ў той час у машыне і падчас папярэдняга следства скупшчык паведаміў, што перадаў іх у рукі Алісіевічу, потым памяняў свае паказанні. Частыя тэлефонныя перамовы ўсіх трох ва ўсе дні напярэдадні крадзяжу яны тлумачылі рознымі бытавымі справамі…
Не давяраць жа паказанням Сабалеўскага не было ніякай падставы. Чыстасардэчна раскаяўся, сазнаўся і актыўна дапамагаў у раскрыцці злачынства, яго бацька кампенсаваў увесь урон: на працягу некалькіх тыдняў аднавіў мемарыяльныя пліты, прывёз, а ўстанаўлівалі іх ужо разам, калі сыну памянялі меру абмежавання — выпусцілі з-пад варты. Гэтыя дзеянні давалі падставу звярнуцца да Прэзідэнта краіны з просьбай вызваліць апошняга ад крымінальнай адказнасці. У хадайніцтве, аднак, было адмоўлена, і ўжо падчас вяртання справы на паўторны разгляд Сабалеўскі таксама праходзіў па справе як абвінавачваемы.
Тады ж рассыпалася версія лжэсведкі аб тым, што ён з Алісіевічам 8 лістапада 2011 года быў вечарам у Чашніках. Мабільны тэлефон «засвяціўся» ў Полацкім раёне, і зараз пракуратура мае намер прыцягнуць былога сведку да адказнасці за дачу заведама лжывых паказанняў. Таксама тэлефоны падазроных падчас перамоў засякла некалькімі днямі раней (3 лістапада) Ушацкая станцыя №519, у якой малы радыус прыёму, і гэта не магла быць траса Мінск-Полацк. Так рассыпалася і алібі, і сцвярджэнне аб тым, што ніколі не былі ва Ушачах. Ды і ў спробе абвінаваціць іншых толькі нашкодзілі сабе. Алісіевіч настойваў на тым, каб паказанні даваў і бацька Сабалеўскага. Так на апошнім пасяджэнні суда і высветлілася, што апошняму літаральна ўсё расказаў аб крадзяжы Кунавіч у той час, калі сына і Алісіевіча ўжо затрымалі, а Кунавіч яшчэ быў на волі.
Алісіевіч атрымаў сем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, Кунавіч — шэсць, з канфіскацыяй маёмасці кожнаму, Сабалеўскі — пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову, без канфіскацыі маёмасці. Менавіта да яго быў прыменены артыкул 70 Крымінальнага кодэкса — пакаранне ніжэй ніжняй мяжы, аб чым і хадайнічаў пракурор Ушацкага раёна В.С.Бабашынскі. «Калі б не яго паказанні, не ўдалося б затрымаць адпетых нягоднікаў. Тым больш, што ён ва ўсім сазнаўся, поўнасцю кампенсаваў урон і, я ўпэўнены, ніколі больш не пойдзе на падобнае».
Ці зразумелі Алісіевіч і Кунавіч, на што пасягалі? Думаю, што як і пры задуме злачынства, так і пасля следства яны бачылі ў народным помніку толькі метал, за які атрымалі 1114 долараў.
«Зрабіць такое мог толькі самы адпеты падонак», — скажа ў сваім апошнім слове Алісіевіч. «За совокупность двух дерзких, низменных, посягающих на память народа о жертвах войны, тяжких преступлений он (Соболевский) получил наказание, не связанное с изоляцией от общества», — напіша ён ужо ў другой касацыйнай скарзе на прыгавор Ушацкага суда ад 10 снежня 2013 года. Зробіць гэта, каб у чарговы раз падкрэсліць сваю невінаватасць. І толькі ўзмоцніць перакананне тых, хто сачыў за працэсам: непапраўны цынік, для якога няма нічога святога. І якому не шкада даць і максімальныя 12 гадоў, прадугледжаных як па адным, так і па другім артыкуле.
Прыгавор Ушацкага суда пакінуты ў сіле.
В.КАРАЛЕНКА.
так им и надо, вандалам. Больше их никак не назвать
Не понимаю, как такое возможно в Беларуси?где не найдется семей у которых не погибли родные,война не пощадила никого и совершить такого рода преступление страшное кощунство.Возмездие не заставило долго ждать,молитвы были услышаны и пусть так будет с каждым ,кто посягнет на святыню и память наших предков.
На мемориальном комплексе «Прорыв» невысокая насыпь, уложенная дерном. Это братская могила с рядами надгробных плит. На плитах имена 1450 павших в боях с фашистами, среди которых фамилия моего деда.
Я глубоко возмущена этим вандализмом. Как можно додуматься совершить такое?