Як вы думаеце, на што можа патраціць адзін мільён рублёў сярэднестатыстычны старшакласнік? На мабільны тэлефон, модную байку, а вось вучань Мосарскай школы Іван Рубанік, які за шматлікія спартыўныя дасягненні атрымаў сёлета такую грашовую прэмію ад старшыні Ушацкага райвыканкама А.А.Кавалёнка, збіраецца патраціць яе на сродкі, неабходныя для далейшага самаўдасканалення ў спорце.
Ваня заўсёды раўняўся на свайго старэйшага брата, імкнуўся быць ва ўсім не горш за яго. І ў спорце таксама. І хаця розніца ва ўзросце хлопцаў немалая – больш за чатыры гады, аднак “трымаць марку” меншаму ўсё ж удавалася. Калі бацькі ўстанавілі ў доме турнік для старэйшага – да яго пачаў падыходзіць і Іван. І небезвынікова – ужо ў дзіцячым садзе ён мог некалькі разоў падцягнуцца.
Сур’ёзна займацца спортам Іван Рубанік пачаў гады два таму. Выпрацаваў для сябе спецыяльную сістэму трэніровак, якой адказна прытрымліваецца. Так, каля дзвюх гадзін у дзень, у адзін і той жа час, хлопец займаецца ўмацаваннем пэўнай групы мышцаў. Скажам, у аўторак выконвае практыкаванні на грудную клетку, у сераду “накачвае” трыцапсы, бегае, у чацвер акцэнтуе ўвагу на біцапсы і г.д. І так на працягу шасці дзён у тыдзень, толькі па панядзелках у рэжыме Івана значыцца перапынак ад трэніровак. Такі рэжым хлопец выпрацоўваў доўга: тэлефанаваў сябру брата, які служыць у АМОНе і добра разбіраецца ў сістэме трэніровак, кансультаваўся, падбіраў падыходзячыя варыянты. І зараз камфортна сябе адчувае нават пасля выканання даволі жорсткіх практыкаванняў.
Тое, што для Івана спорт – важнейшы складальнік яго жыцця, даказваюць многія факты. Скажам, пасля рэпетыцыйнага тэсціравання, якое праходзіла на базе Ушацкай школы, Іван адразу накіраваўся не дамоў, каб адпачыць, і нават не да сяброў, каб абмеркаваць вынікі тэстаў, а менавіта ў “трэнажорку”. Летам хлопец уладкаваўся на работу, каб купіць спецыяльныя харчовыя дабаўкі, прызначаныя для спартсменаў. І нават захварэўшы, з тэмпературай паехаў на “вобласць”, каб прыняць удзел у спартакіядзе. І перамог.
На рэспубліканскіх спаборніцтвах па зімнім мнагабор’і “Здароўе” Іван Рубанік выступаў пад нумарам 13. Гэтая, па меркаванні многіх, нешчаслівая лічба прынесла хлопцу ўдачу – ён стаў любімчыкам публікі, якая актыўна падтрымлівала яго, “вырваў” перамогу ў сваіх сапернікаў. Цікава разварочваліся падзеі для Івана падчас правядзення спартакіяды па праграме зімняга мнагабор’я “Абаронца Айчыны” сярод юнакоў дапрызыўнага і прызыўнога ўзросту. Так, на абласным этапе хлопец стаў другім у асабістым заліку, што, напэўна, і падштурхнула яго да паляпшэння вынікаў. Бо ўжо на “рэспубліцы” ён дэманстраваў уласныя рэкорды: выстраліў на 48 з 50 магчымых ачкоў, скокнуў у даўжыню на 2,78 метра (раней скакаў 2,30), амаль на 4 хвіліны палепшыў час праходжання лыжнай трасы. У выніку Іван Рубанік стаў першым як у асабістым, так і ў камандным заліку.
Гэты просты мосарскі хлопец на многіх спаборніцтвах аказваецца на галаву вышэй сваіх гарадскіх аднагодак, нягледзячы на тое, што ўзровень падрыхтоўкі ў апошніх, мякка кажучы, адрозніваецца ад нашага. І хоць няма пакуль у Івана магчымасці займацца ў прэстыжных, аснашчаных па апошніх патрабаваннях спартыўных залах, аднак гэта не спыняе яго ў жаданні самаразвівацца, дасягаць поспехаў у спорце. Зараз хлопец збіраецца заняцца дзюдо, трэніруецца, каб за кароткі тэрмін здолець сесці на шпагат.
У многім Івану дапамагае яго акружэнне. Па-ранейшаму прыкладам, “ідэйным” натхняльнікам для яго з’яўляецца старэйшы брат, які зараз працуе выратавальнікам. Падтрымліваюць ініцыятыву хлопца трэніравацца яго бацькі, а таксама сябры, большасць з якіх таксама нераўнадушныя да спорту. Ну і, безумоўна, важным для Івана з’яўляцца разуменне з боку педагогаў Мосарскай школы. Настаўнік фізічнай культуры і спорту У.М.Магілін займаецца з хлопцам па індывідуальнай праграме, дае неабходныя нагрузкі, кансультуе. Іван жа ў сваю чаргу стаў “правай рукой” Уладзіміра Міхайлавіча, дапамагае праводзіць заняткі і спартыўныя мерапрыемствы. Бывае, што і ў без таго насычаным жыцці Івана Рубаніка з’яўляецца перыяд, калі ён прымае ўдзел адразу ў некалькіх спаборніцтвах запар. Зразумела, у такіх умовах крыху церпіць школьная праграма. Аднак дырэктар навучальнай установы У.У.Фокін, а таксама настаўнікі школы, у прыватнасці, Л.А.Голік, І.У.Шабанава, С.К.Кішулька і іншыя ідуць насустрач – асобна займаюцца з вучнем па прапушчаных тэмах. І гэта дае свой плён – зараз сярэдні бал Івана складае дзевяць.
За дасягнутыя поспехі ў спартыўным жыцці Івану Рубаніку неаднаразова прапаноўвалі паступаць у школу алімпійскага рэзерву. Аднак хлопец вызначыўся з будучай прафесіяй ужо даўно – сёлета ён будзе “штурмаваць” Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Што ж, кемлівыя, вынослівыя, адказныя і фізічна падрыхтаваныя маладыя людзі, як Іван, упрыгожаць любую прафесію.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
На здымку: Падчас уручэння ўзнагароды: начальнік аддзела адукацыі Л.Р.Карабань, І.Рубанік, настаўнік фізкультуры У.М.Магілін, маці А.В.Рубанік, старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак.