Оригинальный праздник ко Дню Конституции РБ прошёл в Глыбочанской школе

Наши дети Образование и молодежь

На бягучым тыдні ў Глыбачанскай школе было арганізавана ўрачыстае свята, прымеркаванае да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь “Быць чалавекам на зямлі”, якое праходзіла ў нетрадыцыйным фармаце. Цэнтральнымі дзеючымі асобамі мерапрыемства сталі вучні, якім сёлета споўнілася 14 гадоў. І хоць галоўны дакумент грамадзяніна сваёй краіны яны атрымалі непасрэдна 15 сакавіка, аднак яркіх момантаў, станоўчых эмоцый і незабыўных уражанняў падчас свята хапіла ўсім.

У сонечны, па-сапраўднаму святочны дзень у актавай зале навучальнай установы было мнагалюдна. Падтрымаць маладых людзей, якія стаяць на парозе дарослага жыцця, прыйшлі настаўнікі, вучні школы, іх бацькі, а таксама ганаровыя госці мерапрыемства – старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В.Пашковіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы Ушацкага райвыканкама В.М.Захарэнка. Ва ўрачыстай абстаноўцы васьмікласнік Аляксандр Гутарэнка, а таксама дзевяцікласнікі Яна Буглак і Вадзім Сурынаў далі клятву грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Звяртаючыся да “віноўнікаў” урачыстасці, Вольга Мікалаеўна Захарэнка падкрэсліла, што маладыя людзі ўжо сталі паўнапраўнымі грамадзянамі нашай краіны і павінны ўзяць на сябе часцінку адказнасці за Беларусь. А гэта значыць – займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю, добрымі справамі даказваць сваю любоў да Радзімы, памнажаць яе багацці, захоўваць лепшыя традыцыі продкаў. Свае шчырыя віншаванні адрасавала ўдзельнікам урачыстасці Алена Васільеўна Пашковіч, якая ў рамках рэспубліканскай акцыі “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь” уручыла Аляксандру, Яне і Вадзіму памятныя падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Дырэктар жа навучальнай установы Віктар Пятровіч Котаў падарыў школьнікам кнігі “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”.
Трэба адзначыць, што не заўсёды мерапрыемствы падобнага кшталту атрымліваюцца пранікнёнымі і відовішчнымі: не так проста выкласці сур’ёзную грамадска-палітычную інфармацыю ў цікавым і даступным для школьнікаў выглядзе. Арганізатарам жа свята гэта цалкам удалося! Зал з захапленнем слухаў аповед выступаючых аб прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, яе асновах. Аб узнікненні, а таксама значэнні элементаў беларускай сімволікі расказвалі інтэрактыўныя слайды і змястоўныя тэатралізаваныя прадстаўленні, падрыхтаваныя вучнямі. Былі ў гэты дзень і песні, і танцы, і нават слёзы – зразумела, сцэнічныя – і ўсё дзеля таго, каб данесці да прысутных важнасць дзяржаўнага свята, абудзіць патрыятычныя пачуцці. Апафеозам жа мерапрыемства стала выкананне ўсімі яго ўдзельнікамі гімна Рэспублікі Беларусь. Думаецца, пасля такога насычанага, па-сямейнаму цёплага свята маладыя людзі будуць імкнуцца да шчырасці і прынцыповасці, гуманнасці і справядлівасці, няспыннага ўзбагачэння ўласных ведаў, каб дастойна насіць званне Грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *