Не за гарамі вясна, а значыць і адна з самых важных кампаній для аграрыяў – пасяўная, да якой рыхтуюцца загадзя, каб у будучым атрымаць добры ўраджай. Адна са складаемых гэтага – добра падрыхтаваная тэхніка.
Завітаўшы на машынны двор КУСГП “Кублічы”, адразу заўважыла “Палессе” з пасяўным агрэгатам.
– Ён у нас ужо гатовы да тэхагляду і ўвогуле падрыхтаваны да пасяўной, як і некаторая іншая тэхніка, якую яшчэ не спяшаемся выстаўляць на вуліцу, – расказвае інжынер сельгаспрадпрыемства М.Нічыпар, – разумеем важнасць сваёй работы, а таму стараемся зрабіць усё не толькі своечасова, але і якасна.
Тэхніка ў гаспадарцы ўжо падрыхтавана прыкладна на 70 працэнтаў і работы працягваюцца. У апошнія дні наогул працуюць з самай раніцы і без выхадных. Лішніх рабочых рук тут, вядома, няма, а таму на кожнага механізатара прыходзіцца немалы аб’ём работы.
У крытым памяшканні захоўваецца дарагая тэхніка – камбайны, пасяўныя агрэгаты, сеялка. Тут жа засталі за работай механізатараў, якія рамантавалі чатырохкорпусны плуг. Паколькі ў гаспадарцы восенню з-за неспрыяльных умоў надвор’я не ўзнята ўсё зябліва, то вясной на тэхніку будзе яшчэ большая нагрузка. А калі ўлічыць, што вясна чакаецца няпростай, то і тэхніка адпаведна павінна быць падрыхтавана так, каб пры першым выездзе на поле не зламалася. Разумеюць гэта і механізатары, за якімі замацавана тэхніка, стараюцца і працуюць сумленна.
На рамонт затрачаны ўласныя сродкі, а таксама бюджэтныя, якія сёлета былі выдзелены раней, а таму не прыйдзецца займацца ім у самыя апошнія тэрміны. Асноўная праблема пакуль што ў адсутнасці колаў і шын, а каб набыць якасныя, неабходна больш сродкаў. Маюцца і іншыя недапрацоўкі, але тут упэўнены, што ўсё паспеюць выправіць у тэрмін і вясна не стане для гэтых старанных працаўнікоў нечаканасцю.
Зараз гаспадарцы ўжо выдзелены новы аўтамабіль МАЗ з прычэпам, па лізінгу плануюць атрымаць яшчэ і трактар МТЗ-3022. А гэта значная падтрымка ў час пасяўной і ўборачнай кампаній.
у час рамонту.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: