Згадзіцеся, звыклая для многіх сітуацыя — прачнуцца ў суботнюю раніцу гадзін гэтак у сем ад гукаў перфаратара за сцяной ці, наадварот, марна намагацца задрамаць пад акампанемент начной дыскатэкі ў суседзяў… Хтосьці скажа, што гэта звычайныя нязручнасці шматкватэрнага жылля, маўляў, хочаш спакою — перасяляйся ў прыватны дом. А між тым, у адпаведнасці з Правіламі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома ў Рэспубліцы Беларусь, зацверджанымі загадам Міністэрства ЖКГ ад 07.12.1999г. №177, грамадзяне павінны прытрымлівацца шэрагу патрабаванняў, у тым ліку — не псаваць памяшканняў, не ствараць павышаны шум ці вібрацыю, не парушаць нармальныя ўмовы пражывання грамадзян у іншых жылых памяшканнях.
Названыя Правілы забараняюць праводзіць работы, якія ствараюць шум і вібрацыю, у выхадныя і святочныя дні, а па буднях пачынаць іх раней 9 і заканчваць пазней 19 гадзін, прымяняць абсталяванне, ад работы якога узровень шуму і вібрацыі перавышае санітарныя нормы. З 23 да 7 гадзін належыць памяншаць гук тэлевізараў, магнітафонаў і падобнай тэхнікі, каб не быў парушаны пакой жыльцоў дома. Забараняецца таксама курэнне ў дапаможных памяшканнях дома або кватэры, дзе пражываюць некалькі наймальнікаў або ўласнікаў.
Кантроль за захаваннем Правіл ажыццяўляюць жыллёва-эксплуатацыйныя арганізацыі або юрыдычныя асобы, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жылых дамоў. Права складаць пратаколы аб парушэннях маюць упаўнаважаныя на гэта пасадныя асобы адпаведных выканкамаў, органаў, якія ажыццяўляюць дзяржсаннагляд, а таксама арганізацый, якія ажыццяўляюць эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) аказваюць камунальныя паслугі. Менавіта ў пералічаныя вышэй арганізацыі вы можаце звярнуцца пры ўзнікненні пытанняў, звязаных з захаваннем правіл карыстання жылымі памяшканнямі. Дарэчы, на асобу, якая іх парушае, можа быць накладзены штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь, а на юрыдычную асобу — ад 30 да 50. Трэба таксама мець на ўвазе, што органы ўнутраных спраў не ўпаўнаважаны складаць пратаколы аб названых парушэннях. Аднак вы можаце звярнуцца ў іх у выпадку здзяйснення ў адносінах да вас супрацьпраўных дзеянняў.
В.АНКУДОВІЧ, юрысконсульт УП ЖКГ.