Конкурс «Мисс Весна-2013» прошёл недавно в Ушачском центре детей и молодёжи

Наши дети Образование и молодежь

Вясна — гэта прыгажосць і натхненне, маладосць і выдатны настрой. Усё гэта было на святочнай шоу-праграме «Міс Вясна-2013», якую падрыхтавалі да Дня жанчын у раённым цэнтры дзяцей і моладзі.
Вядучыя шоу — удзельнікі дзіцячага тэатра «Церамок» Аляксандра Карпушэўская і Віктар Тарашкевіч — запрасілі на сцэну пяць юных прыгажунь, каб тыя прадэманстравалі журы і гледачам свае лепшыя якасці і здольнасці. «Ах, якая я прыгожая!» — падчас гэтага жартаўлівага конкурсу дзяўчаты, гледзячыся ў люстэрка, уваходзілі ў ролю гераіні вядомай пушкінскай казкі. А вось у конкурсе «Васіліса Прамудрая» бліснуць трэба было эрудыцыяй, адказаўшы на каверзныя пытанні. Творчы конкурс цяжкасцей ва ўдзельніц не выклікаў, бо ўсе яны наведваюць працуючыя ў цэнтры аб’яднанні па інтарэсах: танцуюць у «Васільках», спяваюць у «Вясёлых нотках», да таго ж добра малююць і робяць кампазіцыі з бісеру. Ну, а які ж конкурс прыгажунь без традыцыйнага дэфіле? Стыльныя сукенкі і прычоскі, мадэльная паходка і, вядома ж, чароўная ўсмешка — ад дзяўчатак проста нельга было адвесці вока! І ўсё гэта падмацоўвалася выдатным музычным афармленнем, над якім працаваў дзі-джэй Кірыл Касарэнка (хлопец хоць і вучыцца зараз у Полацку, але па-ранейшаму пастаянна наведваецца ў цэнтр дзяцей і моладзі, дзе знайшоў шмат сяброў). Але, бадай, найбольш спадабаўся ўсім конкурс фірменных страў — што і не дзіўна, бо ацаніць смак пяці цудоўных прыгатаваных удзельніцамі і іх мамамі тартоў змаглі не толькі члены журы, але і балельшчыкі.
Прайграўшых на гэтым свяце не было — усе дзяўчаты атрымалі дыпломы, падарункі і перамогі ў пэўных намінацыях: Наташа Шарыпа стала Міс-элегантнасць, Марыя Курбака — Міс-чароўнасць, Марыя Жогаль — Міс-грацыя, прыз глядацкіх сімпатый дастаўся Юліі Грыневіч, ну а званне Міс Вясна-2013 атрымала Ганна Герцык.
Т.ЛАПЁНАК, педагог дадатковай адукацыі РЦДМ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *