Хлеб – гэта той прадукт, які ніколі не будзе на стале лішнім. Аднак нават у гэтым, здавалася б, простым тавары наш распешчаны спажывец хоча знайсці для сябе штосьці асаблівае, смачнае і карыснае. Ушацкіх пекараў не напалохаць такімі патрабаваннямі: асартымент выпускаемай імі прадукцыі пастаянна павялічваецца, улічваюцца ўсе пажаданні пакупнікоў.
На мінулым тыдні ўшачане мелі магчымасць пазнаёміцца з навінкамі хлебабулачных вырабаў ушацкага каапнарыхтпрама падчас выставы-дэгустацыі, якая праводзілася ў магазіне “Сельгаспрадукты”. Наведвальнікам было прапанавана адразу шэсць новых відаў. Прыйшоўся даспадобы “дэгустатарам” хлеб “Рыжскі”, пры вытворчасці якога выкарыстоўваецца натуральны зацямняльнік мякіша “Рагена”, “Дабрыня” з семачкамі сланечніка, “Палявы” з тмінам, а таксама “Заварны з чарнаслівам”. Названыя гатункі хлеба адрозніваюцца складам мукі і напаўняльнікамі. Не абышлі сваёй увагай ушацкія пекары і ласуноў. Ад аднаго позірку на духмяны “разан” (пірог ў выглядзе ружы) з карыцай ці макам у аматараў салодкага загараліся вочы. Дарэчы, многія ўшачане ўжо ацанілі высокую якасць гэтай прадукцыі, якая нядаўна паступіла ў продаж.
Па словах супрацоўнікаў ушацкага хлебазавода, на бягучым тыдні ў магазінах раёна з’явіцца яшчэ адзін гатунак хлеба – “Фруктовы дэсерт”, 300-грамовы бохан з арэхамі, чарнаслівам, курагой і разынкамі, які можна будзе ўжываць як асобную страву ці, скажам, з чаем або малаком. У планах прадпрыемства ў хуткім часе — выпуск новага дыябетычнага хлеба, ужо распрацоўваецца яго састаў.
Праведзеная выстава-дэгустацыя і прадстаўленая на ёй хлебабулачная прадукцыя абвяргалі меркаванне, што хлеб – страва стандартная. Наадварот, тэхнолагі ўшацкага хлебазавода яшчэ раз пацвердзілі, што гэты прадукт можа быць цалкам самадастатковым і вельмі смачным.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.