Напэўна, кожны з нас хоць раз у жыцці абараняў свае спажывецкія правы, ці то вяртанне тавару, яго замена на больш якасны, патрабаванне чэку або пэўнай расфасоўкі прадукцыі. Каб даказаць сваю правату, мы навучыліся знаходзіць неабходную для гэтага інфармацыю, аперыраваць навуковымі тэрмінамі і нават разбірацца ў артыкулах заканадаўства. Аднак, на жаль, часам не заўважаем элементарных рэчаў, якія ставяць пад пагрозу наша здароўе і нават жыццё. Як засцерагчы сябе ад куплі “ненадзейнай” прадукцыі і чаго можна патрабаваць ад работнікаў магазіна, расказвае памочнік урача-гігіеніста Ушацкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталля Мікалаеўна МАРОЗ:
Пры правядзенні праверак і маніторынгу гандлёвых аб’ектаў прыходзіцца сутыкацца з беспарадкам яшчэ да ўваходу ў магазін: адсутнічаюць скрабкі для ачысткі абутку, не вычышчана урна, валяюцца паперкі, дзвярныя ручкі брудныя. Ужо гэта павінна насцерагчы патэнцыйнага пакупніка, бо, як паказвае практыка, амаль заўсёды аналагічны беспарадак можна ўбачыць і непасрэдна ў гандлёвай зале. Часам халадзільныя вітрыны, прылаўкі, гандлёвыя горкі або шалі не ўтрымліваюцца ў належнай чысціні, цэннікі ляжаць прама на прадуктах, якія мы ўжываем без дадатковай тэрмічнай апрацоўкі (вэнджаніне, кандытарскіх вырабах, піражках, чабурэках і інш.). У дадатак да гэтай «прыгажосці» прадавец абслугоўвае пакупнікоў не ў спецыяльным чыстым адзенні, а ў брудным фартуху і без аднаразовых пальчатак, прызначаных для кантакту з харчовымі прадуктамі. Будзьце ўважлівыя да таго, дзе, як і хто вас абслугоўвае! Не набывайце прадукты харчавання ў выпадковых «прадаўцоў», ля дарог, рынкаў. У магазінах самаабслугоўвання звяртайце ўвагу на чысціню карзінак для пакупак. Памятайце: бруд і прадукты – паняцці несумяшчальныя.
Выбіраючы прадукты харчавання, абавязкова глядзіце на тэрмін іх прыдатнасці. Сцёртая, забруджаная ці залепленая цэннікам маркіроўка – выгаднае рашэнне для супрацоўнікаў гандлёвых кропак: не трэба штодня кантраляваць тэрміны прыдатнасці, умовы захоўвання і г.д. Ні ў якім разе не купляйце такую прадукцыю! Больш таго, не праходзьце міма гэтага абуральнага факту – зрабіце адпаведны запіс у кнізе заўваг і прапаноў. Пры ўзнікненні сумненняў наконт якасці ці бяпекі прадукцыі, патрабуйце ў прадаўца адпаведны дакумент. Лабараторна правярайце прадукты, вырашчаныя на прысядзібных участках.
Пра захаванне таварнага суседства ведае, напэўна, кожная гаспадыня: ніколі не пакладзе побач падсмажаную катлету і свежую рыбу, хлеб са свежай агароднінай і г.д. А вось у многіх магазінах такое “нестандартнае” суседства – даволі прывычны малюнак. Звяртайце ўвагу на тое, што знаходзіцца побач з тым таварам, які набываеце.
Невыкананне тэмпературных рэжымаў пры захоўванні і рэалізацыі харчовых прадуктаў спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі выяўляюць у любую пару года. Трэба ведаць, што малочныя прадукты, вараныя каўбасы, крэмавыя кандытарскія вырабы, сыры павінны прадавацца толькі з халадзільніка з тэмпературай 2-6 градусаў. Не нова нам бачыць марожанае, размарожаную рыбу, якія маюць дэфармаваны выгляд, а таксама замарожаную агародніну і морапрадукты ва ўпакоўках з вялікай колькасцю лёду ці снегу. Не купляйце такую прадукцыю: яна небяспечная. Адмоўцеся таксама і ад куплі ў зімні перыяд на вуліцы сухафруктаў, а пры мінусавой тэмпературы – агародніны і садавіны.
Самае сумнае тое, што нягледзячы на засцярогі спецыялістаў многія грамадзяне працягваюць рабіць пакупкі ў ненадзейных “кропках”, не задумваючыся, чаго ад набытых прадуктаў будзе больш – карысці ці шкоды.
* * *
У 2012 годзе спецыялістамі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праведзены маніторынг 222 аб’ектаў, на 106 з іх былі выяўлены парушэнні. Складзена 72 адміністрацыйныя пратаколы, спагнаны штрафы на агульную суму 16 мільёнаў 160 тысяч рублёў, выдадзена 33 прадпісанні аб канфіскацыі з абароту 211 кг харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў, 2 прадпісанні аб прыпыненні эксплуатацыі аб’ектаў, 46 суб’ектам гаспадарання выдадзены прадпісанні аб ухіленні выяўленых парушэнняў. Накіравана 12 матэрыялаў аб выніках маніторынгу ў райвыканкам для прыняцця мер па ўхіленні выяўленых парушэнняў і недапушчэнні іх у далейшым. 30 чалавек адхілена ад працы з-за несвоечасовага праходжання медыцынскага агляду, 63 асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.