Более 20 лет радует ушачан красивыми цветами Валентина Байрамова

Экономика и малый бизнес

Панядзелак. Ды і дзень не святочны. А павільён кветак працуе. І яго гаспадыня, уявіце сабе, не сядзіць, млява пазіраючы ў акенца, у чаканні пакупнікоў. Спрытна закручваючы стужку, Валянціна Уладзіміраўна Байрамава па-майстэрску прымацоўвае яе да мініяцюрнага кошыка… і букет у незвычайнай упакоўцы і, тым самым, дзіўна трапяткі гатовы. Падобны, толькі з доўгай ручкай, вісіць на сцяне. Стэлажы літаральна за дзень папоўніліся ўжо гатовымі падарункамі – зрэзанымі кветкамі архідэі ў прыгожай упакоўцы. Побач – яны ж, набываючыя ўсё большую папулярнасць сярод ушачанак, пяшчотных колераў – у вазончыках. Цвітуць хрызантэмы самых розных форм і адценняў, герберы, цыкламены. Ды ў яе руках нават кактусы пастаянна цвітуць.
І не толькі за кветкамі можна з цікавасцю назіраць у гэтым квітнеючым царстве. Але і за людзьмі, якія таксама расцвітаюць, пераняўшы частку энергетыкі кветак. “Карзіну нашаму хору ветэранаў заказаў,” – свяціўся задаволены старшыня ветэранскай арганізацыі У.М.Малаткавец. “Дзякуй вам, што вы ёсць”, – прытуліўшы да паліто падрыхтаваны букет, усміхнуўшыся прадаўцу, сказала дзяўчына. “Які грунт лепш набыць для перасадкі архідэі?” – пыталася жанчына і таксама дзякавала, што ёсць ва Ушачах такі патрэбны павільён. Літаральна кожны, хто пакідаў невялічкае памяшканне, казаў дзякуй.
– Гэта самае прыемнае для мяне. Шчыра кажу, даражэй за прыбытак. Прыходзяць і дзякуюць нават пасля таго, як мінуў пэўны час. За тое, што букет спадабаўся, што доўга стаіць, вяртаюцца за падобным для падарунка. І я імкнуся не расчараваць, зразумела, ніколі не прадам няякаснага, я ж пастаянная, свая сярод сваіх. Ды і навучылася ўжо ўгадваць пажаданні, перавагі, нават колькасць. Хацелася б яшчэ прывучыць ушачан працаваць пад заказ, тады б і кветкі поўнасцю адпавядалі пажаданням пакупнікоў, і можна было загадзя зрабіць сапраўды непаўторныя кампазіцыі.
А пачыналася ўсё… З драўлянага павільёна, дзе райспажыўтаварыства гандлявала агароднінай, у якім і выдзеліла Байрамавым куток для продажу кветак. Было гэта напярэдадні 8 сакавіка… 21 год таму. Валянціна Уладзіміраўна не адразу прыгадала, колькі з той пары мінула часу, і сама здзівілася, што так доўга дорыць ушачанам кветкі, а разам з імі і задавальненне. “Гваздзікоў тады прывезлі нямнога, на пробу, а яны разляцеліся імгненна”.
Цяпер гэтую кветку набываюць пераважна на пахаванні. Значна вырас густ ушачан, не параўнаць асартымент, разбалавала Валянціна Уладзіміраўна і пажаданні пакупнікоў. Пяшчотны букецік для нявесты, вялізную карзіну высокім гасцям на канцэрт у РДК ці мудрагелістая кампазіцыя ў падарунак. Ведаеце, які заказ выконвала напярэдадні сёлетняга жаночага свята. Сэрца з пяцідзесяці руж на белым фоне заказаў сын у падарунак маці. Прадумала, зрабіла каркас, заказала адпаведныя кветкі. І з задавальненнем прынялася за працу.
Дарэчы, стварэнне кампазіцый – яе любімы занятак. Прычым, і прыдумвае, і ажыццяўляе ўсё сама. Заглядвала, канечне, у інтэрнэт, але нічым не захапілася, каб увасобіць. “Тое, што падабалася – занадта дарагое для ўшачан. Таму арыгінальнічаю, як умею, як падказвае фантазія і густ. Нядаўна было вяселле на 70 чалавек, усе букеты заказвалі ў мяне. І потым госці гаварылі, што ні адзін не паўтарыўся”.
Перад такімі святамі, як 8 Сакавіка клопату ў Валянціны Уладзіміраўны хоць адбаўляй. І гэта першы год, калі ёй не дапамагае дачка Таміла. Зусім нядаўна ў сям’і Байрамавых да двух унучак далучыўся прадаўжальнік роду. Да гэтага часу кожны год такая ж вынаходлівая дачка імгненна ўпакоўвала букет, і вокладка таксама станавілася шэдэўрам. Што яшчэ падобна ў дачцэ і маці – дагледжаны манікюр, прычоска, абаяльная жаноцкасць і заўсёды цудоўны выгляд. Гэта перакананне Валянціны Уладзіміраўны, якая прысвяціла сябе сям’і, што прычоска, манікюр і абутак у жанчыны заўсёды павінен быць на вышыні. І мала хто ведае, што ёй не заўсёды проста дабрацца да работы, тым больш усміхацца. Немалыя праблемы са здароўем. І яна штодня займаецца на трэнажорах, прытрымліваецца дыеты і, галоўнае, настройвае сябе на пазітыўны лад. Дапамагаюць у гэтым і кветкі. Яна размаўляе з імі, шкадуе, з любоўю ставіцца літаральна да кожнай. Колькі іх, што падмярзалі, ламаліся ў дарозе, потым ажывалі дома ў яе клапатлівых руках. Пераважна так і папаўнялася хатняя калекцыя (а ў доме і ля яго ў Байрамавых таксама ўсё квітнее), разрасталіся з выратаваных галінак. Хоць сама Валянціна Уладзіміраўна прызнаецца, што больш за ўсё любіць палявыя.
Практычна год Валянціна Уладзіміраўна не працавала, і яе нішу так і не змагло запоўніць райспажыўтаварыства. Нават калі кветкі былі, ніхто не мог іх так прыгожа падаць. Практычна кожны ўшачанін адчуў гэты прабел. Бо любы падарунак, асабліва для жанчыны, без букета кветак – як святочны дзень без сонца. А для пераважнай большасці з нас менавіта кветкі – самы жаданы падарунак. Зірнеш – і настрой гарантаваны, падыдзеш бліжэй – і адчуеш энергетыку. Якая кветка твая – падкажа сэрца, менавіта тая і падзеліцца сваім зарадам. Так лічыць Валянціна Уладзіміраўна і жадае кожнай ушачанке сямейнага шчасця, здароўя і душэўнай гармоніі, якая дасягаецца ў тым ліку і з дапамогай кветак. І не перастае пераконваць мужчын, каб не баяліся дарыць каханым жоўтыя кветкі. Жоўты – колер дабрабыту, сонца, цяпла і кахання, а зусім не разлука.
Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Более 20 лет радует ушачан красивыми цветами Валентина Байрамова

  1. Хотел купить цветы на 8-е марта 8-го марта,но не на рынке ,нигде их не нашёл время около 11-00 было.Когда во всех городах РБ это время продажи цветов-у нас почему то нет.Грусть.Ну а женщин своих я всёравно поздравил,пришлось съездить в Полоцк.Всех с прошедшими!!!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *