Размаляваныя алоўкамі і фламастарамі шпалеры, цацкі ва ўсіх кутках дома, пакінутыя кніжкі на стале, праліты на падлогу чай… Такі расклад, канечне, сведчыць аб тым, што ў сям’і жыве маленькі, але вельмі важны чалавечак. А ўявіце сабе, што ў доме чацвёра вясёлых энергічных дзетак… Зразумела, што ў такім выпадку вельмі няпроста прыходзіцца ў першую чаргу маме.
– Мама, я пайшоў гуляць на вуліцу з сябрамі!
– Мама, куды дзеўся мяч?
– Мама, дзе маё адзенне, я ўжо спазняюся ў гурток!
– Мама, я таксама хачу за камп’ютар!
Куды што падзелася, дзе што ляжыць, як апрануцца і чыя чарга пасядзець каля камп’ютара – усё трэба ведаць менавіта маме, як і вырашыць праблему, прадухіліць канфлікт. У сям’і Дробыш з гарпасёлка ніколі не бывае сумна, у доме ўвесь час кіпіць і бурліць жыццё – тут выхоўваецца чацвёра дзяцей. Кожны дзень мамы Марыі Аляксандраўны пачынаецца рана і насычаны шматлікімі хатнімі і сямейнымі клопатамі. З раніцы трэба сабраць і адправіць старэйшых Уладзіслава, Антона і Алесю ў школу, хутка прачынаецца і маленькі Глеб. Прыглядваючы за гэтым непаседам, трэба яшчэ паралельна прыбраць у вялікім доме, памыць бялізну, прыгатаваць ежу, схадзіць у магазін і зрабіць яшчэ мноства самых розных спраў. Акрамя гэтага, сям’я трымае і падсобную гаспадарку, якую таксама трэба даглядаць. Летам да гэтага дабаўляецца яшчэ і агарод – на прысядзібным участку вырошчваецца агародніна, адпаведна дабаўляецца і клопат пра нарыхтоўку прыпасаў на зіму для вялікай сям’і. Да ўсяго гэтага, хапае работы і менавіта ў доме, які яны набылі некалькі гадоў таму па субсідыі і, зразумела, зараз робяць яго больш утульным.
У другой палове дня, калі вяртаюцца дзеці са школы, дом ажывае яшчэ больш. Старэйшы Улад пачынае дзяліцца поспехамі ў вучобе, расказваць пра сяброў. Ён, дарэчы, вучыцца паспяхова, у мінулым годзе заваяваў дыплом трэцяй ступені на абласной алімпіядзе па матэматыцы. Вельмі радавалася гэтаму дасягненню ўся сям’я і больш за ўсіх, канечне, мама. Зараз Улад адпачывае ў санаторыі. Зараджае ўсмешкай і добрым настроем дзесяцігадовы Антон, які імкнецца першым заняць для гульняў камп’ютар. Алеся спяшаецца паказаць вырабы з бісеру, зробленыя ў гуртку ў цэнтры дзяцей і моладзі.
У эпіцэнтры ўвагі і ўсіх падзей у доме заўсёды і самы маленькі член сям’і. Яму трэба і націснуць кнопкі на тэлевізары, і хутчэй ухапіць мамін тэлефон, і паспытаць пакінуты на стале яблык, і пагуляць з мячом. Ён цягне свае маленькія ручкі да старэйшых братоў і сястры, хоча гуляць з імі, сустракае кожны дзень з працы і тату.
– Быць мнагадзетнай мамай сапраўды няпроста. Гэта не толькі клопат, каб дзеці былі накормлены і адзеты, не хварэлі і не рабілі дрэннага. Трэба выхаваць іх дастойнымі людзьмі, даць адукацыю, прывучыць працаваць, дапамагаць. Гэта вялікая праца і ў тым плане, што да кожнага трэба сумець знайсці падыход, яны такія розныя, у кожнага свой характар, тым больш паміж усімі розніца як мінімум у тры-чатыры гады, прыходзіцца быць і псіхолагам, – гаворыць Марыя Аляксандраўна.
Вось ужо шаснаццаць гадоў сямейнага жыцця яна поўнасцю аддае сябе самым родным людзям. Нават стаміўшыся пасля чарговага дня, паклаўшы ўсіх спаць, яна імкнецца зноў жа зрабіць штосьці карыснае для сям’і – звязаць для сына шапачку, паспрабаваць сябе ў бісерапляценні, каб потым абмеркаваць тэхніку пляцення з дачкой, зрабіць пры дапамозе газет і клею прыгожы кошык, які спатрэбіцца ў гаспадарцы, а калі патрэбна, то і пашыць што-небудзь. Па прафесіі Марыя якраз тэхнік-тэхнолаг швейнай вытворчасці, аднак з-за невялікіх заробкаў працавала ў гэтай сферы нядоўга. Пэўны час працоўная дзейнасць яе праходзіла на агароднінасушыльным заводзе, а апошнія гады перад дэкрэтным водпускам – у “Райаграсэрвісе” на жывёлагадоўчым комплексе “Маяк”. Пра тое, што праца жывёлавода не з самых лёгкіх і не ў ліку прэстыжных, ведае кожны. Тым не менш, жанчына старанна спраўлялася са сваімі абавязкамі і, не зважаючы ні на якую стомленасць ці дрэннае самаадчуванне, дабіралася на працу ў Двор Пліна і назад дадому на веласіпедзе, дзе, вядома, таксама было не да адпачынку.
Кожнае свята абавязкова адзначаюць у гэтай сям’і, не стане выключэннем 8 Сакавіка. У гэты дзень самыя шчырыя пажаданні і падарункі дастануцца маці – самаму клапатліваму, добраму, любячаму чалавеку, які ўсю сябе аддае сям’і і дзецям.
Вольга КАМАРКОВА.