Па статыстыцы, кожны трэці жыхар раёна штогод звяртаецца ў міліцыю: да супрацоўнікаў пашпартна-візавай службы або дзяржаўтаінспекцыі, участковага інспектара або работніка іншага падраздзялення. Абараняць інтарэсы грамадзян і сваёй дзяржавы – менавіта такую задачу з году ў год выконваюць праваахоўныя органы. Напярэдадні прафесійнага свята людзей у пагонах – Дня міліцыі – мы сустрэліся з начальнікам Ушацкага раённага аддзела ўнутраных спраў С.А.АЛАБІНЫМ.
– Сяргей Аляксандравіч, які напрамак дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі з’яўляецца на сённяшні дзень прыярытэтным?
– Прафілактыка правапарушэнняў: выступаем у працоўных калектывах, арганізуем рэйды, наведваем нядобранадзейныя сем’і, адрасы пражывання асацыяльных асоб, сем’і, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія. Усё гэта прыносіць станоўчы вынік – тыя, хто знаходзіцца на ўліку, адчуваюць кантроль над сабой і менш здзяйсняюць правапарушэнняў. Так, за мінулы год на тэрыторыі раёна зарэгістравана 152 злачынствы, што на 30 (16,5 працэнта) менш, чым было ў 2011-м. Па лініі крымінальнага вышуку адбылося іх зніжэнне амаль на 25 працэнтаў (112 супраць 149). Адзначаецца зніжэнне з 36 да 26 колькасці злачынстваў, здзейсненых раней судзімымі асобамі. Не было зарэгістравана забойстваў, пакушэнняў на забойства, згвалтаванняў, махлярства. Стала менш у нас крадзяжоў з жылля, палепшылася і іх раскрыццё.
– Што выклікае асаблівую заклапочанасць?
– На жаль, летась з 1 да 5 павялічылася колькасць злачынстваў, здзейсненых непаўналетнімі. Таксама вырасла колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення з 19 да 36. За распіццё спіртных напіткаў ці з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 514 чалавек. Барацьба з гэтым злом вядзецца пастаянна. Летась у ЛПП накіравана 11 чалавек, канфіскавана 5338 літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці, знішчана 18 самагонных апаратаў.
– Ці стала больш бяспечна на нашых дарогах?
– Асноўная задача аддзялення ДАІ – папярэдзіць гібель і калецтва людзей. Гэта ўдаецца часткова. За мінулы год зарэгістравана 11 дарожна-транспартных здарэнняў (у 2011-м іх было 18). Колькасць загінуўшых знізілася з 6 да 2 чалавек, аднак амаль у 4 разы павялічылася колькасць траўміраваных.
– Для выканання службовых абавязкаў супрацоўнікам міліцыі неабходна добрая фізічная падрыхтоўка…
– Безумоўна. Для таго, каб падтрымліваць сябе ў форме, кожны тыдзень ходзім у спартзал, не радзей двух разоў за год здаём залікі па пэўных спартыўных нарматывах.
– Галоўную ацэнку рабоце вашых падначаленых, як звычайна, ставяць людзі. І, як сведчаць факты, ушачане адносяцца да міліцыі з даверам…
– Сапраўды, вельмі радуе тое, што па выніках апытання, праведзенага ў вобласці, насельніцтва Ушацкага раёна выказала адну з самых высокіх ступеняў даверу да праваахоўных органаў і гатоўнасці супрацоўнічаць з намі.
– Заслугі супрацоўнікаў міліцыі ў большасці выпадкаў застаюцца за кадрам. А пахваліцца, ведаю, ёсць чым…
– Прынцыпы нашай дзейнасці на тым і пабудаваны, каб не спачываць на лаўрах, а больш працаваць над вырашэннем праблем. Спыняючыся на пазітыўным, скажу, што ў 2012 годзе нагрудным знакам “За самаадданую службу” ІІ ступені былі ўзнагароджаны К.В.Аўсіевіч і А.Л.Раманоўскі, медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені – У.В.Ляхоўскі. Многія нашы супрацоўнікі адзначаны на абласным узроўні: Ганаровая грамата ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама ўручана В.М.Аўдошку і С.М.Таргонскаму, грамата – А.В.Карпёнку, падзякі – Д.У.Бабянку і А.У.Мялешку. Ганаровыя граматы Ушацкага райвыканкама атрымалі А.М.Рубанік, А.Л.Раманоўскі, С.І.Ціханёнак. Падзяка начальніка РАУС выказана У.В.Ляхоўскаму, А.А.Бандарэнку, С.І.Чырвонаму. А сёлета спіс узнагароджаных папоўніўся новымі імёнамі.
– Што пажадаеце сённяшнім і былым супрацоўнікам РАУС напярэдадні прафесійнага свята?
– Выказваю словы шчырай удзячнасці ўсім супрацоўнікам аддзела, якія карпатліва і штодзённа робяць агульную справу – аберагаюць спакой і бяспеку грамадзян Ушаччыны. Няхай ваша сіла і энергія забяспечваюць кожнаму з вас дастойнае жыццё, а грамадству – мір і працвітанне. Жадаю, каб здароўе і шчасце, любоў і ўдача, дабро і справядлівасць ніколі не пакідалі вас.
А простым грамадзянам хочацца сказаць: будзьце ўпэўнены, мы заўсёды прыйдзем вам на дапамогу.
– Дзякуй, Сяргей Аляксандравіч, за размову. І са святам!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.