Оперативно-дежурная часть Ушачского РОВД — визитная карточка райотдела милиции

Закон - один для всех

Кожны ведае, што, набраўшы нумар 102, ён трапіць у аператыўна-дзяжурную службу аддзела міліцыі і зможа паведаміць аб здарэнні або правапарушэнні. Аднак наўрад ці хтосьці задумваўся, што адбываецца там – на другім канцы проваду, як праходзіць служба супрацоўнікаў АДС. Каб прыадкрыць завесу на дзейнасць названай структуры, мы адправіліся ў аператыўна-дзяжурную службу Ушацкага РАУС.

У дзяжурнай часці Ушацкага раённага аддзела ўнутраных спраў ніколі не бывае ціха. Тут кругласутачна функцыянуюць дзве тэлефонныя лініі 102, а таксама тэлефоны мабільных аператараў МТС і Вэлком,  на якія рэгулярна паступаюць званкі. Людзі звяртаюцца з самымі рознымі праблемамі. А нярэдка — і па пытаннях, якія не знаходзяцца ў кампетэнцыі міліцыі: просяць дапамагчы выклікаць пажарную або хуткую дапамогу, паведамляюць аб адключэнні электраэнергіі… Аператыўныя дзяжурныя рэагуюць на ўсе паведамленні. Кожную інфармацыю ў міліцыі правяраюць. На здарэнне накіроўваецца нарад, пры неабходнасці выклікаюцца супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі, аддзела па надзвычайных сітуацыях.

Бывае, тэлефануюць, каб проста пагаварыць. Вось тут неабходны асаблівая вытрымка і цярпенне, а яшчэ – ветлівасць.

Як адзначае старшы аператыўны дзяжурны Сяргей Генадзьевіч Глінскі (на здымку – справа), у выхадныя і святочныя дні, дакладней – вечары і ночы, на пульт паступае большасць выклікаў. Цікава, што калі пацярпелыя або сведкі злачынства па нейкіх прычынах не паспяваюць прадставіцца, назваць свой дакладны адрас, дзяжурныя вызначаюць гэтыя звесткі па нумары тэлефона або праслухоўваючы ў запісы голас таго, хто тэлефанаваў.

Усяго аператыўна-дзяжурная служба Ушацкага РАУС налічвае 11 чалавек. Кожную раніцу на змену заступае дзяжурны інспектар, яго памочнік і вадзіцель.  У іх абавязкі ўваходзіць не толькі рэагаванне на паведамленні (шчыра кажучы, асабіста я думала, што на гэтым сфера іх дзейнасці заканчваецца). Яны яшчэ адказваюць за захоўванне і выдачу зброі, за прапускны рэжым у аддзеле. Прымаць затрыманых, афармляць неабходныя дакументы, сачыць па камп’ютары за тым, што адбываецца ў камерах для затрыманых, на тэрыторыі РАУС, у ізалятары часовага ўтрымання – гэта далёка не ўвесь пералік абавязкаў міліцыянераў аператыўна-дзяжурнай службы.

– Стараемся працаваць хутка і якасна, – гаворыць старшы інспектар-дзяжурны Віктар Пятровіч Обух (на здымку злева). – Можна сказаць, што дзяжурная часць – гэта візітная картка аддзела. Ад таго, як мы спрацуем, зачастую складваецца імідж усёй міліцыі.

І сапраўды, як тэатр пачынаецца з вешалкі, так райаддзел унутраных спраў – з рэжымнага памяшкання. Да дзяжурных АДС прыходзяць грамадзяне, каб знайсці каго-небудзь з супрацоўнікаў, паведаміць аб злачынстве, напісаць заяву ці проста пракансультавацца.

Назіраючы некаторы час за тым, што адбываецца ў аператыўна-дзяжурнай службе РАУС, які паток тэлефанаванняў сюды паступае, колькі людзей прыходзіць, шчыра кажучы, хутка стамілася. Супрацоўнікі ж АДС, змена якіх доўжыцца суткі, да такой абстаноўкі даўно прывыклі. Без выхадных і святаў, раніцай і глыбокай ноччу, яны кожную хвіліну гатовы прымаць паведамленні і накіроўваць нарады міліцыі ў любыя куточкі раёна. Вопыт, прафесіяналізм. Што тут яшчэ скажаш?..

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *