Демографическая обстановка в Ушачском районе: изменить ситуацию — реально

Демография

Перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю ў Беларусі, на жаль, даўно стала рэаліяй, і наш раён у гэтым сэнсе не выключэнне. Між тым, многія спецыялісты перакананы: зараз даволі спрыяльны час, каб змяніць сітуацыю да лепшага. Як гэта зрабіць? На гэтае няпростае, але вельмі важнае пытанне будзем шукаць адказ разам з вамі, штомесяц аналізуючы дэмаграфічныя паказчыкі нашага рэгіёну. Сёння ж спыніцца хацелася б на некаторых выніках мінулага года.

Бусел прылятаў часцей

У 2012 годзе ва Ушацкім раёне з’явілася на свет 157 малышоў, што на 16 больш, чым у 2011-м. З агульнай колькасці нованароджаных каля 49 працэнтаў складаюць першынцы, 33,5 працэнта – другія дзеці ў сям’і, 16 – трэція. Ёсць таксама выпадкі нараджэння чацвёртага дзіцяці.

Па даных органаў запісу актаў грамадзянскага стану, найбольшая колькасць дзяцей летась з’явілася ў жанчын ва ўзросце ад 18 да 30 (самы актыўны рэпрадуктыўны ўзрост). Амаль у 19 працэнтах выпадкаў матулямі сталі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва ад 31 да 40 гадоў. Адна жанчына рашылася на нараджэнне пасля 40. Самай жа маладой матулі на момант з’яўлення дзіцяці споўнілася 16.

  • Дэмаграфiчныя праблемы ёсць практычна ва ўсiх цалкам паспяховых еўрапейскiх краiнах. Нават у Iрландыi – а гэта чэмпiён Еўропы па нараджальнасцi – на сярэднестатыстычную жанчыну прыпадае толькi

Працягваючы называць “рэкорды”, хочацца спыніцца і на ўзросце мужчын, якія сталі ў 2012-м бацькамі. Самым маладым з іх стаў 18-гадовы хлопец, а самым старэйшым – мужчына ва ўзросце 52 гадоў (у яго з’явілася на свет другое дзіця).

Па раёне амаль кожны пяты нованароджаны зарэгістраваны ў матуль, якія не знаходзяцца ў законным шлюбе. Прычым, у сельскай мясцовасці ў няпоўных сем’ях з’явіўся кожны трэці малыш, у гарадской мяжы – кожны сёмы. У 2012-м каля 15 працэнтаў нараджэнняў рэгістравалася адначасова з устанаўленнем бацькоўства.

Смяротнасць можна скараціць

У 2012 годзе ва Ушацкім раёне зарэгістравана 337 смерцяў, што на 33 менш, чым у 2011-м. Самую вялiкую ўдзельную вагу ў агульнай структуры смяротнасцi склалі захворваннi сістэмы кровазвароту – ад іх памерла 145 чалавек. На другiм месцы – анкалогiя (на яе долю летась прыпала 24 смерці). Трэцюю ж прыступку занялі хваробы органаў дыхання (12).

  • Паводле даных сусветнай арганізацыі аховы здароўя, смяротнасць мужчын у Беларусi ва ўзросце 15-60 гадоў у 3-4,5 раза вышэйшая, чым у краiнах

Смяротнасць да ўзроўню 2011 года знізілася амаль на 9 працэнтаў. Дзякуючы правядзенню дыферэнцыраванай дыспансерызацыі насельніцтва з улікам узросту і фактараў рызыкі, знізілася і агульная захворваемасць ушачан. У прыватнасці, людзі сталі радзей паміраць ад хвароб органаў стрававання, мочапалавой сістэмы, сардэчна-сасудзістых захворванняў. Разам з тым, дэмаграфічная сітуацыя застаецца складанай. Летась у раёне зарэгістраваны хаця і меншы, аднак усё ж даволі высокі працэнт смяротнасці ад знешніх прычын. У вынiку дарожна-транспартных здарэнняў загiнулі 2 чалавекі, ад утаплення – 3. Самагубствы здзейснілі 5 чалавек, ад атручвання алкаголем памерла яшчэ 4.  На жаль, спіс ахвяр п’янства не абмяжоўваецца тымі, хто загінуў ад празмернага  ўжывання спіртных напіткаў. Як паказвае статыстыка, большасць самазабойцаў, тапельцаў,  загінуўшых у дарожна-транспартных здарэннях, на пажарах і ад іншых знешніх прычын знаходзіліся ў момант наступлення смерці ў нецвярозым стане.

І самае страшнае – калі паміраюць дзеці. На жаль, 2012-ы быў азмрочаны адразу некалькімі трагічнымі выпадкамі: трое малышоў не дажылі нават да годзіка…

Змянілі прапіску

У 2012 годзе на пастаяннае месца жыхарства на Ушаччыну прыехала 527 чалавек, а выехала за межы раёна 617. Дарэчы, гэта яшчэ не самы горшы паказчык апошніх гадоў: скажам, у 2011-м колькасць грамадзян, якія выбылі з Ушач, перавысіла колькасць тых, хто прыбыў, аж на 281! Для нашага рэгіёну адмоўнае міграцыйнае сальда стала, на жаль, ужо прывычнай справай. Як паказвае статыстыка, насельніцтва пераязджае ў асноўным з сельскай мясцовасцi ў гарадскую.

*     *     *

Дэмаграфічная абстаноўка ва Ушацкім раёне паляпшаецца: у апошнія гады змяншаецца колькасць памерлых і, наадварот, павялічваецца колькасць нараджэнняў. Між тым, гаварыць пра натуральны прырост насельніцтва ў нашым рэгіёне пакуль рана. Безумоўна, мы не можам пайсці супраць законаў Божых – людзі як паміралі, так і будуць паміраць. Аднак зменшыць колькасць недарэчных смерцяў праз прапаганду здаровага ладу жыцця, раннюю дыягностыку захворванняў, папярэджанне фактаў гібелі грамадзян ад знешніх прычын, праз работу з сям’ёй, прафілактыку п’янства і алкагалізму, асацыяльных з’яў у сямейна-бытавых адносінах у нашых сілах.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *