Минчане едут в Малиновку. Всё больше ушачских деревень на берегу озёр привлекает жителей городов

Саветы і жыццё

Гадоў дзесяць назад размаўляла з сынам жыхаркі Малінаўкі, і ён бедаваў, як далёка ад бойкіх дарог жыве яго маці. Што і казаць, не так блізка ад нашых Ушачаў, а тым больш ад гарадоў. І тым не менш…

– Як пайшла ў людзей тэндэнцыя купляць участкі непадалёк ад азёр, так гэта і стала нашым выратаваннем, магчымасцю захавання бязлюдных вёсак, – расказвае старшыня Вяркудскага сельскага Савета В.П.Цянюга і прапаноўвае паехаць у тую ж Малінаўку, якая, здавалася б, ужо не магла набыць новае дыханне.
Адзінаццаць кіламетраў ад Вяркуд – і мы ў вёсцы з такой прыгожай назвай і з такой светлай сённяшняй перспектывай.
– Вось тут, прама ля самай дарогі, стаяла старая кінутая хата, – гаворыць Васіль Пятровіч, – зняслі. А вунь будуюць сабе дамы тры мінчаніны. З правага боку заліта аснова фундаментаў яшчэ двух, у мінулым годзе гэтыя ўчасткі прададзены за амаль сотню мільёнаў рублёў зноў жа жыхарам Мінска.
Аказваецца, у 2010-м годзе, калі такія аўкцыёны толькі яшчэ пачыналіся, намаганні старшыні сельскага Савета першы раз аказаліся дарэмнымі. Але пасля гэтага ён стаў куды больш настойліва шукаць канкрэтных прэтэндэнтаў. І знайшоў спачатку аднаго, потым яшчэ, а тыя, хто атрымаў магчымасць будаваць дом непадалёк ад возера, пацягнулі за сабой іншых. Так Малінаўку сталі забудоўваць мінчане. Некалькі дамоў стаяць ужо ў рыштаваннях. Вымалёўваецца прыгожая вуліца на ўзвышшы над возерам: так падрыхтаваны ўчасткі.
Тры дамы забудоўваюцца ў Калках. У мінулым годзе ў Залужэнні з аўкцыёну сельвыканкам прадаў пяць участкаў, вясной будуць гатовы яшчэ два, у Павуллі і Гуськах – па адным. Плануецца падрыхтаваць таксама ў Гарадку, Усаі, бо зарастаюць былыя падворкі і ваколіцы.
Ужо больш чым палова дамоў у вёсках гэтага сельсавета – дачнікаў. Гэта каля сямісот.
У мінулым годзе выручка з аўкцыёнаў па продажы ўчасткаў пад будаўніцтва склала 210 мільёнаў рублёў. Грошы былі пакладзены на дэпазітны рахунак пад працэнты.
Дзякуючы продажу зямельных участкаў і разумнаму выкарыстанню вольных сродкаў сельскі Савет не зрасходаваў ні рубля з запланаваных датацый. Больш таго, атрыманыя сродкі пайшлі на распрацоўку новых участкаў і добраўпарадкаванне тэрыторый. Закуплена мэблі для кабінетаў сельвыканкама на суму 26568,7 тысячы рублёў, аргтэхнікі – на 12094,2 тысячы. Упершыню ў гісторыі сельвыканкама аказана важкая спонсарская дапамога Вяркудскай і Дубраўскай школам у памеры 30 мільёнаў рублёў, столькі ж – аддзяленню кругласутачнага прабывання для адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў.

Галіна ВАРАТЫНСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *