«Патрыёт» стаў лаўрэатам конкурсу на лепшае асвятленне пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, патрыятычнага выхавання насельніцтва. Напэўна, так і павінна быць. Раённая газета Ушаччыны — патрыёт не толькі па назве. Як і кожны жыхар нашага раёна, мы памятаем, цэнім подзвіг нашых продкаў і імкнёмся, каб пра гэта не забываліся нашы нашчадкі.
Вынікі конкурсу былі падведзены напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і 95-годдзя Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Праводзіцца ён шосты год, але, як адзначыў міністр абароны Юрый Жадобін, сёлета ў ім прыняла ўдзел больш сродкаў масавай інфармацыі, чым калі раней — было пададзена 63 заяўкі, 70 працэнтаў з якіх — ад рэгіянальных СМІ. Праводзіўся конкурс у 17 намінацыях па чатырох катэгорыях: друкаваныя СМІ, радыё, тэлебачанне і інфармацыйныя агенцтвы. Прыемна адзначыць, што сёлета сярод лаўрэатаў — ажно сем раённых газет Віцебшчыны: дыпломы Міністэрства інфармацыі акрамя «Патрыёта» атрымалі рэдакцыі Талачынскага, Аршанскага і Шумілінскага раёнаў, граматы Міністэрства абароны — Чашніцкага, Лепельскага і Верхнядзвінскага. Ва ўрачыстай абстаноўцы, з міні-канцэртам, кветкамі, падарункамі, узнагароды пераможцам уручылі міністр абароны Ю.Жадобін, міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі і памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах Аляксандр Гура.
Міністр абароны Юрый Жадобін адзначыў сімвалічнасць падвядзення вынікаў творчага спаборніцтва напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і 95-годдзя Узброеных Сіл — «свят, якія сімвалізуюць усенародны характар абароны Радзімы, у аснове якіх ляжыць патрыятызм беларускага народа». «Выхаванне сапраўднага патрыёта, падрыхтоўка яго як абаронца сваёй Айчыны з’яўляецца адной з прыярытэтных задач палітыкі забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Сёння мы маем права гаварыць аб высокай эфектыўнасці і рэзультатыўнасці супрацоўніцтва Узброеных Сіл і сродкаў масавай інфармацыі ў гэтай важнай, дзяржаўна значнай справе», — сказаў Юрый Жадобін.
Міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі таксама звярнуў увагу на асаблівую ролю СМІ ў патрыятычным выхаванні насельніцтва, падкрэсліўшы, што журналістам трэба больш дакладна фармуляваць і пашыраць у грамадстве беларускую нацыянальную ідэю і тым самым спыніць спробы дэвальваваць нашы традыцыйныя каштоўнасці.
Вольга КАРАЛЕНКА.