Белорусская лыжня-2013

Cпорт

У суботу ўжо з раніцы многія ўшачане актыўна спяшаліся ў раён гарадскога катка – адны, каб паспрачацца за перамогу ў лыжных спаборніцтвах, другія, каб падтрымаць калег, пахварэць за знаёмых, трэція – проста правесці выхадны дзень на свежым паветры. У чарговы раз усіх паклікала “Беларуская лыжня” – адно з самых масавых спартыўных святаў.

Сёлета прыняць удзел у спаборніцтве пажадалі 16 працоўных калектываў. Спрыяльным для іх правядзення аказалася ў гэтым годзе надвор’е, пастаянныя прыхільнікі лыжні добра памятаюць, як у папярэднія гады прыходзілася скарачаць адлегласць забегу з-за моцнага марозу ці мачыць ногі ў адлігу. Пачалося спартыўнае свята з традыцыйнага пастраення, узняцця сцяга (права зрабіць гэта было дадзена мінулагоднім пераможцам – аб’яднанай камандзе аддзела па надзвычайных сітуацыях і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва), а таксама пажаданняў паспяховых стартаў, лёгкіх лыжных трас.
Сярод удзельнікаў – як ужо вядомыя фаварыты, так і навічкі.
– Мы за здаровы лад жыцця, а таму заўсёды ўдзельнічаем у “Беларускай лыжні”, – дружна заявіла каманда ДРБУ-105.
Як ніхто хваляваліся за свае каманды ідэолагі калектываў-удзельнікаў, яны пільна сачылі за справядлівасцю судзейства, перажывалі за кожнага, падбадзёрвалі на старце лыжнікаў і да апошняга стаялі на трасе, здавалася вось-вось ухопяцца за вяроўку, каб дапамагчы цягнуць канат…
– Не паверыце, усю ноч не спаў, хваляваўся, каб ніхто з удзельнікаў не захварэў, каб усё атрымалася, – стомлены, але задаволены нядрэннымі вынікамі сваёй каманды, зазначыў намеснік дырэктара УП ЖКГ па ідэалагічнай рабоце Павел Мікалаевіч Пашкоў.
Прыемнай падтрымкай была прысутнасць родных, яны сустракалі на фінішы, паілі гарачым чаем, накідвалі на плечы курткі і, вядома ж, падбадзёрвалі цёплымі словамі. Не абышлося, канечне, і без лёгкіх траўм, падзенняў. Як гаварылі самі лыжнікі, для перамогі патрэбна не толькі майстэрства, але і ў пэўнай ступені шанцаванне. Ва ўзроставай групе 18-29 гадоў сярод мужчын перамог Аляксандр Федарэнка, сярод жанчын лепшай стала Дар’я Мяжуй. Не было роўных Канстанціну Краснову і Людміле Кучаронак у падгрупе 30-39 гадоў, а ва ўзросце 40-50 гадоў пераможцамі сталі Андрэй Лапёнак і Ларыса Корабава. Выдатныя вынікі паказалі і тыя, каму за 50: сярод мужчын пацвердзіў сваё мінулагодняе першынство Уладзімір Клачкоў, сярод жанчын перамагла даўняя прыхільніца лыжаў Таццяна Гулевіч. Нельга не сказаць, што разам з мужчынамі гэтай узроставай групы на дыстанцыю выйшаў адзін удзельнік, які проста хацеў паспрабаваць свае сілы – гэта 12-гадовы Міша Ярмош. Ён не пабаяўся “цягацца” з ужо вопытнымі лыжнікамі і паказаў даволі высокі рэзультат – па часе заняў другое месца. Безумоўна, самы малады ўдзельнік не мог застацца незаўважаным і атрымаў грамату, а таксама спецыяльны прыз “за волю да перамогі”. Судзейская калегія вызначыла яшчэ двух уладальнікаў спецыяльных прызоў: самай дружнай была прызнана каманда жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а прыз глядацкіх сімпатый дастаўся камандзе райвыканкама.
Калі пераможцы ў асабістым заліку былі бачны ўжо на фінішы, то інтрыга, якія каманды перамогуць у агульным камандным заліку, захоўвалася аж да самага моманту ўзнагароджвання. Так, абсалютным пераможцам “Беларускай лыжні-2013” прызнана каманда ПУП “Сарочына”, другое месца прысудзілі каманддзе ААТ “Ільюшынскі”, трэцяе – УП ЖКГ. У пяцёрку лепшых увайшлі таксама каманды ДРБУ-105 і аддзела культуры.
У спорце нярэдка ўзнікаюць і спрэчныя моманты. Вось і гарачы прыхільнік, прапагандыст лыжнага спорту Мікалай Леанідавіч Фядосенка, які ўдзельнічае ў лыжных спаборніцтвах з моманту пачатку іх правядзення ў раёне, выказаў свае заўвагі ў бок арганізатараў:
– Па-першае, прапаную зрабіць старт масавым у кожнай узроставай групе, а не адзін за адным, паколькі гэта больш цікава і відовішчна, а таксама будзе адразу відавочны пераможца. Па-другое, не толькі я, але і многія іншыя не задаволены сістэмай падвядзення камандных вынікаў, да канца нават не зразумела, як гэта рабілі суддзі. Трэба было вызначаць каманду-пераможцу па занятых удзельнікамі месцах, як гэта запісана ў палажэнні (па найменшай суме занятых месцаў усімі ўдзельнікамі). Ну ці не крыўдна камандзе УП ЖКГ, узяўшы чатыры першыя месцы ў розных узроставых катэгорыях (мінімум), заняць толькі трэцяе агульнакаманднае месца? І па-трэцяе, нарэшце ва Ушачах трэба зрабіць (дарэчы, ужо распачатую) сапраўдную лыжную трасу, а не праводзіць вось такія спаборніцтвы на агародах. Упэўнены, што тады не толькі ўдзельнікаў спаборніцтваў, але і проста жадаючых пакатацца на лыжах было б намнога больш…
Заўвагі, згадзіцеся, абгрунтаваныя.
Як і ў мінулым годзе, вырашана было правесці ў рамках “Беларускай лыжні” і спаборніцтвы па перацягванні каната, якія сабралі яшчэ большую колькасць балельшчыкаў і гледачоў, чым лыжныя гонкі. Удзельнікі ж у сваю чаргу былі настроены сур’ёзна і рашуча. Немагчыма перадаць словамі атмасферу азарту, якая прысутнічала падчас спаборніцтваў па перацягванні каната! Як імкнуліся вырваць перамогу ўдзельнікі, як перажывалі, моцнымі крыкамі імкнуліся дапамагчы балельшчыкі! У кожнай каманды была дастатковая колькасць прыхільнікаў. Хутка выбылі з барацьбы аб’яднаная каманда аддзела ўнутраных спраў і Дэпартамента аховы, аддзела адукацыі, нечакана для ўсіх ва ўпартай барацьбе аддзел па надзвычайных сітуацыях уступіў райспажыўтаварыству. Сапраўдная барацьба разгарнулася паміж прадстаўнікамі Ушацкага ПМС і ААТ “Ільюшынскі”, у выніку якой мацнейшымі аказаліся апошнія. Здалі пазіцыі мінулагоднія пераможцы ў перацягванні каната – каманда лясгаса. Доўга змагалася і ўсё ж такі заняла трэцюю прыступку п’едэстала каманда райвыканкама. Ну а за абсалютную перамогу спрачаліся моцныя хлопцы з “Райаграсэрвіса” і ЖКГ, якія ў выніку і занялі другое і першае месца адпаведна.
Мерапрыемства дазволіла ўшачанам не толькі праявіць свае спартыўныя здольнасці, але і набрацца шмат станоўчых эмоцый і уражанняў. Думаецца, што наступная “Беларуская лыжня”, нягледзячы на сёлетнія вынікі і спрэчныя моманты, у будучым годзе зноў збярэ шмат ушачан.
Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *