У зале ПМК-66, дзе праходзіла адкрытае судовае пасяджэнне, гэты 50-гадовы мужчына выглядаў няблага: высокі, статны, прыстойна апрануты, хіба што характэрны колер твару ды свежая драпіна на сківіцы выдавалі ў ім патэнцыяльнага кліента ЛПП — а менавіта заява начальніка РАУС аб накіраванні ў гэтую лячэбную ўстанову работніка названага будаўнічага прадпрыемства Аляксандра А. разглядалася на пасяджэнні.
Зрэшты «работнікам» гэтага чалавека можна назваць з вялікай нацяжкай: уладкаваўшыся ў арганізацыю ў леташнім красавіку, ён больш-менш рэгулярна «радаваў» калег сваёй прысутнасцю толькі першы месяц, потым жа і без таго слабы працоўны энтузіязм Аляксандра згас канчаткова. Як толькі яго ні заахвочвалі, як ні заманьвалі на работу. Па словах галоўнага інспектара па кадрах С.А.Парашкінай, і на транспарце прывозілі, і майстра з брыгадзірам за ім замацоўвалі, і ў міліцыю па дапамогу звярталіся — усё роўна за некалькі месяцаў мужчына ўмудрыўся назапасіць каля 30 прагулаў. А галоўнае — і звольніць яго нельга, бо Аляксандр — абавязаная асоба. Дарэчы, у гэтай сувязі суддзя Ф.А.Зінькевіч зазначыў, што адпаведна артыкула 174 Крымінальнага кодэкса РБ, ужо за 10 прагулаў абавязаную асобу можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за неўтрыманне дзіцяці. Але ж працоўныя калектывы часта залішне няньчацца з прагульшчыкамі, даюць ім чарговыя шансы на выпраўленне, якія гора-бацькі не спяшаюцца выкарыстоўваць, бо плённая працоўная дзейнасць у схему іх жыцця ніяк не ўпісваецца. Вось і ў нашага героя гэтая схема выглядае проста: выпіць і пакуражыцца. Асабліва «бурным» яго адпачынак быў у жніўні-верасні, калі на працягу пяці тыдняў работнікі міліцыі 4 разы складалі на яго пратаколы: Аляксандр учыніў дэбош на вакзале, блудзіў па райцэнтры ў п’яным выглядзе, які абражае чалавечую годнасць і маральнасць. Паспеў ён «адзначыцца» і сёлета: у сярэдзіне студзеня ў марозны вечар прылёг адпачыць на прыступках ганка Ушацкай школы, і, напэўна, гэты сон мог стаць для яго вечным, калі б прахожыя не патэлефанавалі ў міліцыю. І, як ні жорстка гэта гучыць, мала хто сумаваў бы з прычыны такой трагедыі, бо чалавек гэты папіў нямала крыві сваім блізкім. Але ж няўжо ён сам гэтага не разумее, няўжо не рабіў нават спроб нешта змяніць? Аказваецца, рабіў. І нават сцвярджае, што аднойчы пасля «кадзіроўкі» здолеў два гады не ўжываць спіртное. За гэты перыяд купіў дзве машыны, набыў новую мэблю, але алкаголь зноў зацягнуў у багну. «Ваюе працоўны калектыў, пакутуюць родныя, не маюць спакою суседзі», — сказала ў сваёй прамове на судзе памочнік пракурора Н.Ф.Аваднёва. А адказам на рытарычнае пытанне суддзі, ці не хоча хто-небудь узяць свайго калегу на парукі, было дружнае маўчанне. Не выклікалі даверу ў суда і словы самога Аляксандра аб тым, што ён зможа выправіцца сам. Суд прыняў рашэнне накіраваць мужчыну ў ЛПП тэрмінам на 1 год.
Сярод прысутных у зале былі спецыяльна запрошаныя на пасяджэнне абавязаныя асобы з іншых прадпрыемстваў, для якіх убачанае было падставай задумацца аб тым, што сапсаваць свой лёс вельмі проста. Аб гэтым яскрава сведчыць прыклад нашага героя — чалавека, які вырашыў з дапамогай алкаголю зрабіць сваё жыццё суцэльным святам, а ў выніку сам стаў лішнім на свяце жыцця.
Н.БАГДАНОВІЧ.