При покупке бытовой техники обращайте внимание на энергетическую маркировку

Общество

Калі 10 гадоў таму я набывала пральную машыну знакамітай еўрапейскай маркі, прадавец, расхвальваючы яе вартасці, падкрэсліў: “Яна вельмі эканамічная. Спажывае мала вады і энергіі, адносіцца да класу А”. Шчыра кажучы, у той час гэтыя характарыстыкі мяне не надта ўразілі. Электраэнергія каштавала няшмат, вада ўвогуле была лічы дармавой, таму я нават прабурчала: “Напэўна, будзе дрэнна выпалоскваць бялізну…” Але машыну ўсё ж купіла, аб чым не пашкадавала: нават калі прыходзілася загружаць яе штодня, лёгка ўкладвалася ў агульную сотню з невялікім кілават у месяц. А пра маркіроўку, што ставіцца на складана-бытавой тэхніцы, прыгадала, калі змяніліся ўмовы аплаты за электрычнасць.
Каб вытрымаць канкурэнцыю, вытворцы бытавых электрапрыбораў працуюць над паляпшэннем эканамічных характарыстык сваіх тавараў. Ідэя энергазберагальнай тэхнікі ўзнікла не на пустым месцы. Яшчэ ў час нафтавага крызісу ў 70-х гадах мінулага веку перавагу атрымалі прыборы, здольныя эканамічна выконваць свае функцыі. З развіццём навукі і тэхналогіі агрэгаты станавіліся ўсё больш “разумнымі” і ўсё менш “пражэрлівымі”. А каб зарыентаваць спажыўца, было вырашана сварыць сістэму ярлыкоў эканамічнасці.
Зараз амаль уся бытавая тэхніка мае спецыяльную “еўранаклейку” з абазначэннем класа энергазберажэння. Сістэма энергетычнай маркіроўкі ўключае ў сябе 7 класаў ад А да G. Больш высокі клас (А або В) азначае, што выдаткі электраэнергіі будуць меншыя ў параўнанні з такім жа прыборам ніжэйшага класа. Літарамі ад Е да G пазначаюць самых злосных «транжыр» энергіі, але прысвойваюцца яны вельмі рэдка, у асноўным некаторым тыпам лямпаў накальвання з нізкім ККД.
Для вызначанага класа кожнага тыпу прыбораў характэрны пэўны расход электраэнергіі. Напрыклад, халадзільнік класа В спажывае 1,26 кВт за суткі, класа С – 1,45 кВт.
Развіццё новых энергазберагальных тэхналогій у апошнія гады ішло паскоранымі тэмпамі, у выніку паказчыкі, характэрныя для некалі вышэйшага класа А, зараз ужо “не ўражваюць”. Таму для прыбораў з асабліва высокімі параметрамі энергаэфектыўнасці ўнутры класа А вылучаюць дадатковыя ўзроўні А+, А++.
Прыемна, што ідуць у нагу з часам і беларускія вытворцы. Напрыклад, клас А+ маюць апошнія мадэлі халадзільнікаў “Атлант”. Дасягаецца гэта рознымі спосабамі. У прыватнасці, у якасці хладагента ў гэтых халадзільніках выкарыстоўваецца найбольш бяспечны ў экалагічным сэнсе ізабутан, які дазваляе зменшыць энергаўжыванне. А сярод навінак 2012 года названага прадпрыемства – пральная машына класа А++.
Такім чынам, пры набыцці электрапрыбора не забудзьцеся звярнуць увагу на “эканамічную” літару, сэнс якой вам цяпер зразумелы. А каб яшчэ зменшыць выдаткі, устанаўлівайце куплены прыбор на больш эканамічны рэжым работы – зусім неабавязкова награваць ваду да 60 градусаў, калі збіраецеся пасціраць некалькі амаль чыстых кашуль, да і адціскаць бялізну на 800 абаротах не мае сэнсу, калі цёплы летні ветрык за лічаныя гадзіны высушыць яе на балконе.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *