Как избежать наезда на пешехода

Закон - один для всех Калейдоскоп

Па статыстыцы, адна з самых крытычных сітуацый на дарозе па сваіх наступствах – наезд на чалавека. Аналіз найбольш характэрных аварыйных сітуацый паказвае, што многіх такіх дарожна-транспартных здарэнняў можна было пазбегнуць. Менавіта таму хачацца спыніцца на канкрэтных выпадках ДТЗ і патлумачыць на іх прыкладзе, што можна было зрабіць, каб не дапусціць горкіх наступстваў.

На прыпынку перад пешаходным пераходам стаіць маршрутны аўтобус. За ім па другой паласе рухаецца легкавы аўтамабіль. Пешаход не бачыць з-за аўтобуса пагрозу, смела пераходзіць дарогу – у выніку трапляе пад легкавушку.

Пешаходам лепш пачакаць, калі аўтобус ад’едзе – тады астатнія транспартныя сродкі будуць добра бачныя. Вадзіцелі ў такой сітуацыі павінны прадугледзець з’яўленне пешаходаў, загадзя знізіць хуткасць і быць гатовымі да экстранага тармажэння. Пажадана зрушыцца лявей, да раздзяляльнай паласы, каб павялічыць зону агляду.

Перад рэгулюемым перакрыжаваннем стаяць аўтобус і грузавік. Па свабоднай левай паласе да перакрыжавання набліжаецца легкавы аўтамабіль. Загараецца зялёнае святло. Грузавік і аўтобус застаюцца на месцы, а вадзіцель легкавушкі, не зніжаючы хуткасці, аб’язджае іх па сваім радзе  і збівае пешахода, які выбег на пешаходны пераход на мігаючы зялёны сігнал светлафора.

Калі гарыць зялёнае святло, а машыны не пачынаюць рух, значыць на гэта ёсць прычына. Пакуль не высветліце, у чым яна, праязджаць перакрыжаванне нельга! Ну а пешаходам трэба цвяроза ацэньваць сваю хуткасць і не выходзіць на пераход ні на мігаючае зялёнае, ні, тым больш, на чырвонае святло.

Вадзіцель легкавога аўтамабіля рухаецца ў аб’езд па двары шматпавярховага дома. Паварочваючы налева, ён зразае траекторыю і прыціскаецца амаль ушчыльную да левага (па ходзе руху) тратуару. З-за павароту з’яўляецца дзіця на веласіпедзе. Убачыўшы машыну, малы рэзка прымае направа і ўязджае ў аўтамабіль.

Не забывайце, што ў жылой зоне пешаходам рух дазволены як па тратуары, абочыне, так і па праезнай частцы. Заўсёды рухайцеся бліжэй да правага боку дарогі і не перавышайце ўстаноўленую хуткасць. Калі па тых або іншых прычынах у вас абмежавана бачнасць, зменшыце хуткасць да мінімуму.

На праезную частку нечакана выбег чалавек. Каб не збіць яго, вадзіцель аўтамабіля пачынае рэзка тармазіць, а затым манеўраваць. На жаль, пазбегнуць наезду не атрымліваецца.

Першае дзеянне выключае другое. Аўтамабіль на заблакіраваных колах губляе ўпраўленне і працягвае прамалінейны рух з юзам колаў. Скараціць тармазны шлях дапаможа ступеньчатае камбінаванае тармажэнне. Калі яно не выратоўвае ад наезду, трэба рашыцца на экстраны манеўр. Каб выратаваць жыццё чалавеку, варта быць гатовым да кантактнага тармажэння ўдарам аб любую перашкоду.

Паважаныя ўдзельнікі дарожнага руху, будзьце ўважлівымі і сканцэнтраванымі, каб не трапіць у дарожныя “пасткі”!

А.ЛІСОЎСКІ, старшы дзяржаўтаінспектар.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *