Сергей Анатольевич Щекочихин стал «Человеком года УП «Витебскоблгаз»

Экономика и малый бизнес

“На рабоце ён, як і ў жыцці – спакойны, ураўнаважаны і… непрыкметны”, – так ахарактарызавала слесара службы эксплуатацыі падземных газаправодаў філіяла РВУ “Ушачырайгаз” Сяргея Анатольевіча Шчакачыхіна адказны за пастаноўку ідэалагічнай работы на прадпрыемстве Раіса Іванаўна Шыханцова. Здавалася б, апошні эпітэт не можа лічыцца станоўчым, калі гаворка ідзе пра выкананне службовых абавязкаў. Але ж рабіць сваю справу сціпла, без шуму і мітусні, ды пры гэтым на “выдатна” – насамрэч вышэйшы пілатаж. І гэтая “непрыкметнасць” не засталася незаўважанай – здымак Сяргея Анатольевіча летась быў змешчаны на стэнд лепшых працаўнікоў “Ушачырайгаза”, сёлета ж ён упрыгожвае Дошку гонару галаўнога прадпрыемства. А нядаўна з Віцебска прыйшла прыемная навіна – С.А.Шчакачыхін атрымаў званне “Чалавек года УП “Віцебскаблгаз”.
“У нас не было праблемы з выбарам кандыдатуры на саісканне ўзнагароды”, – адзначыў дырэктар “Ушачырайгаза” А.Я.Кавалёў. – Сяргей Анатольевіч вылучаецца як адметнымі працоўнымі, так і выдатнымі чалавечымі якасцямі”.
Пачаў жа ён сваю дзейнасць ў газавай галіне ў 2000-м. У той час у яго працоўным багажы ўжо меліся гады работы на пасадзе загадчыка майстэрні ў саўгасе “Ушацкі”, галоўнага механіка на будаўніцтве санаторыя “Вечалле”. Спецыяльнасць тэхніка-механіка, набытая ў свой час ў Гарадоцкім тэхнікуме, давала магчымасць праявіць сябе ў розных вытворчых сферах, і калі з’явіліся вакансіі ва “Ушачырайгазе”, мужчына вырашыў паспрабаваць сябе тут. Трэба зазначыць, што для работнікаў газавай гаспадаркі існуюць асаблівыя патрабаванні, аднак у Сяргея Анатольевіча меліся ўсе козыры: працавітасць, адказнасць, дысцыплінаванасць і, вядома ж, адсутнасць шкодных звычак. “Ужо 24 гады, як адмовіўся ад цыгарэт, – прызнаецца ён. – Паспрабаваў неяк па маладосці, але не спадабалася”. Адным словам, абавязковы пры паступленні на работу выпрабавальны тэрмін аказаўся для мужчыны рэкордна кароткім – доўжыўся ўсяго тыдзень.
Некаторы час давялося папрацаваць кладаўшчыком-запраўшчыкам, потым прайшоў навучанне і трапіў у службу дастаўкі газавых балонаў. За гады работы Сяргей Анатольевіч дакладна вывучыў усе куткі раёна, ведае ў твар літаральна кожнага жыхара самых аддаленых вёсак. Давялося чуць, з якой цеплынёй адгукаліся аб ім і яго калегах людзі, якім яны дастаўляюць звадкаваны газ: “Да нашых дамоў, што у кіламетры ад Кугоняў, нельга пад’ехаць блізка, асабліва ў непагадзь. Таму хлопцам, што прывозяць балоны, прыходзіцца несці іх на руках некалькі сотняў метраў. Але ж яны ніколі не скардзяцца, уваходзяць у хату з усмешкай і добрым словам. У нашым райгазе выдатныя работнікі!” “Сапраўды, такіх месцаў у раёне нямала, але не пакінеш жа людзей без газу. Вось і прыходзіцца выконваць практыкаванні з 42-кілаграмовым грузам, затое спартыўную форму не губляем”, – усміхаецца Сяргей Анатольевіч. Зрэшты, гэты этап дзейнасці для яго нядаўна скончыўся – ён быў пераведзены ў службу эксплуатацыі падземных газаправодаў. Вядома, работа на новай пасадзе патрабуе спецыяльных навыкаў, атрымаць якія дапаможа вучоба ў газавым інстытуце. На пытанне, ці складана засвойваць новыя веды ў не такім ужо юным узросце, мужчына адказвае адмоўна і дадае, што працаўнікі іх галіны павінны павышаць сваю кваліфікацыю пастаянна. Адмоўна ён адказаў і на яшчэ адно пытанне – ці памяняў бы месца работы, калі б на іншай прапанавалі казачныя замежныя перспектывы. Патлумачыў, што моцна прырос каранямі да Ушаччыны, што хоча пастаянна бачыць жонку, дачку і сына, што не ўяўляе сябе без роднага калектыву, які шчыра парадуецца поспехам і не пакіне ў цяжкую хвіліну жыцця – як было гэта некалькі месяцаў таму, калі Сяргей Анатольевіч страціў бацьку. Калегі не толькі падтрымалі маральна, але і ўзялі на сябе ўсе матэрыяльныя клопаты, звязаныя з жалобнай падзеяй…
“Увогуле, тым, што мяне прызналі “Чалавекам года” я цалкам абавязаны калектыву. А калі атрымліваў з рук Генеральнага дырэктара “Віцебскаблгаза” П.П.Шэршня адпаведны дыплом, адчуваў гонар за сваё прадпрыемства і ўдзячнасць да ўсіх, хто тут працуе”, – падзяліўся ўражаннямі наш герой. А яшчэ прызнаўся, што грашовую ўзнагароду ўжо паспеў патраціць – набыў прыгожы касцюм, бо ў недалёкім часе ў яго сям’і мусіць адбыцца значная ўрачыстая падзея… Застаецца шчыра пажадаць, каб усе мары гэтага цудоўнага чалавека спраўдзіліся, а ўрачыстасцяў – і сямейных, і прафесійных – было ў яго жыцці яшчэ шмат.
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *