Когда ждать автобуса? На вопросы читателей ответил начальник филиала «Ушачи» ОАО «АТП №6 г.Новополоцк» Алексей Бородич

Зваротная сувязь

“Прамая тэлефонная лінія” з чытачамі нашай газеты, якую праводзіў начальнік філіяла “Ушачы” ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства №6 г.Наваполацк” А.В.БАРОДЗІЧ, праходзіла ў спакойным рэжыме. Са сваімі пытаннямі да Аляксея Васільевіча звярнуліся нямногія. Аднак пачуць адказы на іх, думацца, будзе карысна кожнаму жыхару нашага раёна.

– Некалькі разоў было такое, што, купляючы білет непасрэдна ў аўтобусе, ён абыходзіўся крыху танней, чым у касе аўтавакзала. З чым гэта звязана?
– Як у касе, так і ў аўтобусах дзейнічае адзіная сістэма аплаты праезду. Хутчэй за ўсё вадзіцель не выдаў вам білет, кладучы грашовыя сродкі сабе ў кішэню, ці вы атрымалі талончык да населенага пункта, які размешчаны бліжэй, чым было патрэбна. У любым выпадку такая “эканомія” не апраўдвае сябе. Перыядычна праводзяцца праверкі білетаў у пасажыраў грамадскага транспарту. Калі вы акажацеся ў ліку так званых “зайцаў”, вашы тлумачэнні наконт своечасова не выдадзенага вам талончыка не дапамогуць – прыйдзецца заплаціць немалы штраф. Акрамя гэтага безбілетны пасажыр не можа прэтэндаваць на страхавую кампенсацыю ў выпадку аварыі на лініі.
Чаму на аўтобусным прыпынку ў Наваселлі няма раскладу руху грамадскага транспарту? Прыходзіцца пастаянна тэлефанаваць на аўтавакзал, каб даведацца аб часе прыбыцця аўтобуса.
– Замена таблічак на аўтобусных прыпынках праводзіцца рэгулярна. На жаль, новыя прыгожыя металічныя шыльды з раскладам руху транспарту доўга не жывуць – іх невядомыя асобы псуюць, ламаюць ці крадуць – відаць, з думкай, што ў гаспадарцы спатрэбіцца ўсё. Для нашай арганізацыі гэта сур’ёзная праблема: выраб і ўстаноўка новых шыльдаў – справа даволі клопатная і затратная. Час ад часу вывешваем расклад, надрукаваны на звычайных лістах паперы, аднак і яго зрываюць хуліганы.
Да канца І квартала бягучага года таблічкі з раскладам руху грамадскага транспарту будуць устаноўлены або абноўлены на ўсіх аўтобусных прыпынках Ушацкага раёна, у тым ліку і ў Наваселлі. Калі ж яны “працягнуць” нядоўга, прыйдзецца шукаць іншыя спосабы інфармавання насельніцтва. У вёсцы Ваўчо, напрыклад, гэта робяць так. Старэйшына названага населенага пункта перыядычна прыходзіць да нас, каб надрукаваць расклад у некалькіх экземплярах, і пільна сочыць за тым, каб патрэбная мясцовым жыхарам інфармацыя аб руху аўтобусаў пастаянна была на прыпынку.
У дыспетчарскай аўтавакзала называюць толькі час адпраўлення аўтобуса ад пачатковай кропкі маршрута, яго прыбыцця ва Ушачы ці на канечны пункт. Чаму не гавораць, калі аўтобус прыбывае па раскладзе на іншыя прыпынкі?
– Дыспетчару агучваць інфармацыю аб часе прыбыцця і адпраўлення грамадскага транспарту па ўсіх прыпыначных пунктах раёна, а іх больш за 300 (!), па кожным маршруце не ўяўляецца магчымым. Так што шукайце неабходныя звесткі на шыльдах вашага прыпыначнага пункта.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *