Першае, што прыцягвае ўвагу ў кабінеце дырэктара ААТ “Прамкамбінат”, гэта нават не вытворчыя графікі і карты паставак прадукцыі, а вялікае грашовае дрэва. Па ўсім бачна, што адчувае яно тут сябе выдатна. Гэты факт, дарэчы, даволі сімвалічны, прадпрыемства ўжо на працягу многіх гадоў працуе з прыбыткам, па выніках работы за 2011 год было занесена на раённую Дошку гонару, а ў 2012-м толькі ўмацавала свае пазіцыі і палепшыла паказчыкі. Менавіта аб тым, чым жыве і як працуе сёння калектыў, наша гутарка з дырэктарам ААТ “Прамкамбінат” Г.А.ГРЫДЗЮШКАЙ.
– Галіна Анатольеўна, як спрацавалі за мінулы год? Ведаючы, якія вялікія заданні даводзяцца да прадпрыемстваў, напэўна, ён не быў лёгкім.
– Так, у складанай эканамічнай сітуацыі няпроста трымацца на плыву, знаходзіць новых і ўтрымліваць старых кліентаў, атрымліваць прыбытак. Тым не менш, 2012 год увайшоў у гісторыю для нас як паспяховы і мы дасягнулі пастаўленых задач. Нам удалося выйсці на больш высокі паказчык рэнтабельнасці – ён склаў 14 працэнтаў. Аб’ём вытворчасці прадукцыі ўзрос у 1,7 раза, прадукцыйнасць працы склала 176 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Атрыманы прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі ў суме 516 мільёнаў рублёў, што складае 185 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года. За год мы выпусцілі прадукцыі на 4 мільярды 662 мільёны рублёў. 80 працэнтаў ад гэтай сумы прыходзіцца на швейны цэх і 20 – на сталярны. Сярэдняя зарплата на прадпрыемстве склала 2 мільёны 500 тысяч рублёў.
– Ці пашырыўся асартымент выпускаемай прадукцыі?
– Па-ранейшаму асноўнай нашай прадукцыяй з’яўляецца пашыў спецадзення, з кожным годам мадэлі ўдасканальваюцца, мяняецца іх асартымент. Сталярны цэх працуе ў асноўным па заказах, там ідзе выраб аконных і дзвярных блокаў, хлебнай тары, а таксама рытуальных прыналежнасцей.
– Каб павялічыць аб’ёмы прадукцыі і палепшыць яе якасць, многія прамысловыя прадпрыемствы краіны робяць стаўку на мадэрнізацыю вытворчасці. Што ў гэтым накірунку зроблена за мінулы год і што ў планах на бягучы?
– Канечне, гэта вельмі важны фактар і мы кожны год паступова мяняем старое абсталяванне на новае. Напрыклад, для швейнага цэха была куплена новая сучасная швейная машына, спецыяльны нож для раскрою. У пачатку гэтага года ўжо паспелі набыць новы станок для сталярнага цэха. У планах далейшая паэтапная мадэрнізацыя.
– Выбар прадпрыемства заўсёды за заказчыкам. Як вам удаецца ўтрымліваць патрабавальных кліентаў?
– У першую чаргу якасцю прадукцыі, тэрмінамі выканання заказаў, ну і напрацаваным за гады даверам. Рабіць гэта сёння вельмі няпроста, бо часам кліенты аддаюць перавагу расійскім фірмам, якія ў сваю чаргу прыцягваюць не якасцю, а “дзешавізной”. Тым не менш, без работы і заказаў сядзець не прыходзіцца, напрацаваны сувязі з прадпрыемствамі, фірмамі з самых розных гарадоў Беларусі.
– Поспех калектыву залежыць у вялікай ступені і ад людзей, якія тут працуюць. Ці існуе ў вас дэфіцыт кадраў?
– Сёння на прадпрыемстве працуе 50 чалавек. Аднак мы адчуваем недахоп кадраў, у прыватнасці, швачак і наладчыка швейнага абсталявання. Работа няпростая, але нашы работнікі заўсёды паспяхова спраўляюцца з заданнямі, заказамі, кліенты ж заўсёды ставяць высокую адзнаку гэтай рабоце.
– Дзякуй за размову, далейшых поспехаў вашаму калектыву.
В.КАМАРКОВА.