Ці лёгка быць выратавальнікам? Людзі гэтай прафесіі ніколі не будуць скардзіцца на цяжкасці, нават калі ўсю ноч змагаліся з агнём, выцягвалі з вогненнага палону людзей. Не прывыклі яны і хваліцца і не вядуць падлік выратаваных чалавечых жыццяў. Яны смелыя, вынослівыя, цярплівыя. Такімі ім трэба быць па доўгу службы, такім, бясспрэчна, з’яўляецца і Аляксандр Міхайлавіч Чарнышоў – начальнік пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 аграгарадка Глыбачка.
Падчас чарговай змены 5 лістапада на выратавальны пост паступіла паведамленне аб пажары ў адной з кватэр двухпавярховага дома ў Глыбачцы. Па прыбыцці на месца суседзі паведамілі, што хутчэй за ўсё ўнутры знаходзіцца чалавек, кватэра і пад’езд ужо былі запоўнены дымам. Не задумваючыся, А.Чарнышоў паспяшаўся ў эпіцэнтр узгарання. Выбіўшы зачыненыя дзверы кватэры, ён кінуўся ў пакой, на падлозе якога ўжо губляў прытомнасць чалавек. Аляксандр вынес яго з кватэры, дзе пацярпеламу аказалі дапамогу. Ачаг пажару быў хутка ліквідаваны і абышлося без матэрыяльных страт.
26 лістапада А.Чарнышоў у складзе каравула заступіў на службу. І зноў пажар – на гэты раз у вёсцы Зарэчча Вяркудскага сельсавета. Дах дачнага дома ўжо быў ахоплены агнём, а па словах мясцовых жыхароў унутры знаходзілася 2 чалавекі. Патушыўшы дах і тым самым знізіўшы тэмпературу, Аляксандр зайшоў у дом, аднак знайсці людзей адразу не ўдалося, адшукаў аднаго з пацярпелых толькі ў другой палове дома і разам з калегам А.Жукавым вынес у бяспечнае месца. Выратаваць другога мужчыну так і не ўдалося, яго цела знайшлі толькі пасля поўнай ліквідацыі пажару.
Дарэчы, аб гэтых нядаўніх фактах і падрабязнасцях выратавання людзей А.Чарнышоў пры нашай сустрэчы сціпла прамаўчаў. Пра смелыя ўчынкі, калі супрацоўнік рызыкаваў сваім жыццём дзеля выратавання чужога, удалося даведацца ад кіраўніцтва аддзела, што толькі пацвердзіла вышэй прыведзеную характарыстыку.
На пытанне, ці падабаецца абраная прафесія, Аляксандр не раздумваючы даў станоўчы адказ і дадаў, што інакш немагчыма было б пратрымацца на такой працы столькі гадоў. З 1999 года А.Чарнышоў працуе на глыбачанскім пасту, пачынаў з камандзіра аддзялення, а са жніўня 2011-га ўзначаліў гэты невялікі калектыў выратавальнікаў з васьмі чалавек.
Кожны дзень, кожную хвіліну супрацоўнікам трэба быць напагатове. Нават калі дзень праходзіць без выклікаў, расслабляцца нельга. Добра памятае Аляксандр Міхайлавіч свой першы баявы выезд:
– Загарэўся хлеў у вёсцы Лозы, агонь хутка распаўсюджваўся і ўжо пачынаў перакідвацца на жылы дом і надворныя пабудовы. Наш пост на самай кароткай адлегласці ад названай вёскі, таму першымі да ліквідацыі пажару і прыступалі. Страшна не было, у галаве толькі думкі аб тым, каб дапамагчы, не дапусціць вялікіх страт, гібелі. І адчуванне самастойнасці. Першае маё баявое хрышчэнне прайшло паспяхова, ніхто тады не пацярпеў і пажар удалося своечасова патушыць.
Як і ў любога супрацоўніка МНС у А.Чарнышова з памяці не сціраецца і самае складанае заданне, з якім прыйшлося спраўляцца больш года таму. Жыхара Наваполацка засыпала зямлёй у шахце будучага калодзежа на яго дачы ў вёсцы Цётча. Сітуацыя самая што ні на ёсць надзвычайная і нестандартная. Звычайна змагаліся з агнём, а тут жывы чалавек пад зямлёй… Аляксандр першым аказаўся на месцы здарэння і, не разгубіўшыся, прыступіў да выратавальнай аперацыі. Хутка яму на дапамогу прыбылі і калегі з Ушач. Больш пяці гадзін выратавальнікі з дапамогай спецыяльнага абсталявання змагаліся за жыццё мужчыны і вытрымалі той складаны экзамен на прафесіяналізм.
Наогул Глыбачэнскі сельсавет лічыцца найбольш спакойным у плане пажарнай абстаноўкі і трымае лідарства па найменшай колькасці пажараў. Гэтаму спрыяе і праводзімая прафілактычная работа, у якой самы непасрэдны ўдзел прымае і А.Чарнышоў. Пастаянныя абследаванні домаўладанняў, прафілактычныя размовы з насельніцтвам таксама ўваходзяць у яго абавязкі.
Вельмі часта прыходзіцца выязджаць на тушэнне пажараў на дапамогу суседнім раёнам – Полацкаму і Бешанковіцкаму, бо ў бядзе і надзвычайных сітуацыях не існуе тэрытарыяльных межаў.
За свае працоўныя поспехі Аляксандр Міхайлавіч Чарнышоў неаднаразова адзначаўся як на раённым, так і абласным узроўні. Сёлета яго кандыдатура заслужана вылучана ў лік прэтэндэнтаў на званне “Чалавек года Віцебшчыны-2012”.
А з кожнай змены дома Аляксандра чакаюць любячыя людзі – жонка і дзеці, заўсёды разам з ім раздзяляюць усе поспехі і праблемы. Зусім нядаўна сям’я Чарнышовых папоўнілася трэцім дзіцём – сыночкам Іванам. Не толькі родныя, але і калегі, знаёмыя ганарацца такім добрым, мужным, смелым чалавекам.
Вольга КАМАРКОВА.