Дзякуючы Нацыянальнай праграме дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь літаральна кожная раённая бальніца набывае як дастойны знешні выгляд, так і ўкамплектоўваецца суперсучасным абсталяваннем, неабходным для дыягностыкі і лячэння хворых. Толькі ў 2012 годзе на набыццё для ЦРБ абсталявання зрасходавана 351,2 мільёна рублёў, завершаны бягучы рамонт дзіцячага аддзялення і капітальны — даху стацыянара.
Уручную раней рабіліся аналізы крыві. Зараз – вось на такім біяхімічным аналізатары, куды фельчару-лабаранту варта толькі паставіць неабходную колькасць проб. На месцы, у паліклініцы робіцца і гарманальны аналіз крыві.
Літаральна ўсё абсталяванне – складаная тэхніка з электроннай начынкай і адпаведнымі праграмамі, якая не толькі скарачае верагоднасць чалавечай памылкі, але і выконвае за лабаранта ці ўрача шэраг функцый. Паколькі ў камп’ютарнай базе захоўваюцца папярэднія аналізы, на маніторы можна ўбачыць крывую суадносін двух аналізаў крыві аднаго і таго ж чалавека – прааналізаваць, якія паказчыкі пагоршыліся ці палепшыліся. Захоўваюцца таксама ўсе зробленыя УЗІ-апаратурай, пульмасканам, рэнтгенам здымкі. Любы з іх, а таксама кардыяграму хворага можна адправіць у электронным выглядзе ў абласную бальніцу і атрымаць патрэбную кансультацыю вузкіх спецыялістаў. Вось на такі новы віток выходзіць сучасная медыцына. Аднак любы медык вам скажа, што лепш весці здаровы лад жыцця і не хварэць. Чаго мы і жадаем вам у новым годзе.
Вольга КАРАЛЕНКА.