Дом, дзе жыве “Чалавек года Віцебшчыны” Уладзімір Уладзіміравіч Лёля на вуліцы Сонечнай у аграгарадку Ільюшына, знайсці нескладана. Ён адразу вылучаецца сваёй дагледжанасцю, акуратнасцю, парадак у двары гаворыць аб тым, што тут ёсць сапраўдны гаспадар, а сонейка на доме сведчыць не толькі аб назве вуліцы, але і аб тым, што тут жывуць добразычлівыя, сонечныя людзі.
Уладзімір Уладзіміравіч заўсёды сустракае цёплай і прыветлівай усмешкай ці то на тэрыторыі сваёй сядзібы, ці то на сваім працоўным месцы – на палях “Ільюшынскага” за рулём тэхнікі. Так жа шчыра ўсміхаецца ён і ўсім жыхарам і гасцям Ушач з бігборда на ўездзе ў гарпасёлак.
Застаць жа яго часцей за ўсё можна менавіта на палетках. Літаральна ва ўсіх сельскагаспадарчых работах ёсць значны ўклад У.Лёлі і ён заўсёды ў перадавіках. І не таму, што лідар па натуры, а таму, што як ніхто сумленна адносіцца да таго, што робіць, і гэтая аксіёма паўтараецца з году ў год. Вясной за яго трактарам кладуцца зярняткі ў глебу, у пачатку лета нарыхтоўвае кармы, затым перасядае на зернеўборачны камбайн і з раніцы да вечара на жніве, потым яго чакаюць кукурузныя палеткі, сяўба азімых… Зімой, канечне, не так напружана праходзіць рабочы дзень, аднак розныя справы ўсё роўна ёсць – вывазка арганікі, пагрузка-выгрузка кармоў.
У ліку самых лепшых працаўнікоў кіраўніцтва заўсёды вылучае У.Лёлю, а ён у сваю чаргу пастаянна апраўдвае аказаны давер. Станавіцца пераможцам сельскагаспадарчых спаборніцтваў не толькі ў межах сваёй гаспадаркі, але і ў раёне для гэтага чалавека зусім не выпадковасць, а заканамернасць. На раённым свяце працаўнікоў сяла ён кожны год падымаецца на сцэну за заслужанымі ўзнагародамі. Напрыклад, сёлета стаў лепшым у нарыхтоўцы кармоў, а таксама ўвайшоў у тройку “тысячнікаў” падчас уборачнай кампаніі. Акрамя ўсяго, Уладзімір ва ўзорным стане трымае ўсю замацаваную за ім тэхніку, умее адрамантаваць, выправіць тэхнічныя непаладкі.
З задавальненнем пераймае вопыт бацькі, змалку знаходзіцца побач, дапамагае яму, а ў час апошніх уборачных кампаній быў памочнікам і сын Аляксей. Расце дастойная змена!
Той, хто працуе ў сельскай гаспадарцы, успамінае пра адпачынак толькі ў зімовы час. Дакладней сказаць, гэта адпачынак ад працоўных спраў, а дома ў гэты час накопліваецца шмат адкладзенай работы. Так заўсёды бывае і ў Уладзіміра Лёлі, пасля чарговага напружанага сельскагаспадарчага года ён прымаецца за хатнія справы, далей абжывае і ўпрыгожвае выдзелены гаспадаркай дом.
– Вось і водпуск праляцеў у адно імгненне, – гаворыць Уладзімір.
Працоўныя поспехі У.Лёлі можна пералічваць доўга, нездарма па выніках мінулага года ён стаў адным са ста лаўрэатаў прэміі “Чалавек года Віцебшчыны-2011”. Прайшоў амаль год з той прыемнай падзеі і ўрачыстага мерапрыемства, з цеплынёй ён успамінае той хвалюючы момант, калі падымаўся на вялікую сцэну ў Віцебску і атрымліваў узнагароду з рук губернатара вобласці. Уся Ушаччына і родны калектыў ганарыліся і зараз ганарацца сваім працаўніком і, канечне, больш за ўсіх раздзяляла радасць вялікая сям’я Лёляў – родныя і прыёмныя дзеці, жонка Іна Аляксандраўна, якая ўслед за мужам таксама атрымала высокую ўзнагароду – прэмію Тусналобавай-Марчанкі. Дарэчы, сваю грашовую прэмію Уладзімір Уладзіміравіч патраціў не на сябе, а на карысць усёй сям’і – бо памяняў на больш эканамічны газавы кацёл.
Сёння ён ніколькі не здае сваіх перадавых пазіцый і толькі пацвярджае сваё высокае званне, застаецца такім жа старанным працаўніком, добрым гаспадаром і любячым бацькам і мужам.
“Для мяне працаваць – значыць жыць”, – сцвярджае Чалавек года, і ў гэта ахвотна верыцца. І гледзячы на гэтага простага вясковага мужчыну ўпэўніваешся ў тым, што каб цябе паважалі, неабавязкова займаць высокую пасаду, быць палітычным дзеячам ці рабіць навуковыя адкрыцці. Дастаткова як след выконваць сваю работу.
Вольга КАМАРКОВА.