У 2012 годзе ў Віцебскай вобласці патанулі 120 чалавек, з іх 6 дзяцей, у 2011 – 140 чалавек (10 дзяцей), у 2010 – 224 (14 дзяцей).
Зімой небяспека патануць узнікае, калі людзі выходзяць на лёд. Беражыце сябе і не абмініце ўвагай нашы парады.
ДАПАМОГА ПАЦЯРПЕЛАМУ
Аказанне дапамогі чалавеку, які праваліўся пад лёд, надзвычай небяспечны занятак, таму, каб не пацярпець самому, прытрымлівайцеся наступных правіл.
Па магчымасці самі не выходзьце на лёд, а працягніце пацярпеламу вяроўку, рэмень, палку, лыжу ці іншы падобны прадмет. Калі ж трэба выйсці на лёд, паўзіце, раўнамерна размяркоўваючы вагу цела па паверхні. Трымаючыся далей ад лункі, працягніце пацярпеламу палку ці вяроўку. Калі пачняце выцягваць, папрасіце яго працаваць нагамі – так будзе лягчэй выбрацца з лункі.
Пасля правядзення выратавальнай аперацыі выклікайце хуткую дапамогу. Пакладзіце пацярпелага на цвёрдую паверхню, прачысціце верхнія дыхальныя шляхі і пры неабходнасці зрабіце штуршкі ў вобласці жывата, пры адсутнасці дыхання неабходна штучная вентыляцыя лёгкіх, а пры адсутнасці пульсу – сардэчна-лёгачная рэанімацыя.
ДАПАМОГА САМОМУ САБЕ
Не імкніцеся рэзка выбрацца на лёд, бо ў тым месцы, дзе вы праваліліся, ён нетрывалы. Павярніцеся на жывот у позу плыўца, пакуль паміж слаямі вашага адзення застаецца паветра, яно дапаможа вам трымацца на плыву. Падбярыцеся да краю лункі, адпіхніцеся нагамі і грудзьмі і спрабуйце выбірацца на лёд. Пасля таго, як асноўная частка тулава будзе на лёдзе, адпаўзіце ці адкаціцеся далей ад лункі, перамяшчайцеся да больш бяспечнага месца, адштурхоўваючыся рукамі і нагамі.
ЯКІ ЛЁД ТРЫВАЛЫ?
Самы трывалы лёд – блакітнага колеру, у белага трываласць удвая меншая, шэры колер указвае на прысутнасць вады.
Для аднаго-двух чалавек бяспечнай з’яўляецца таўшчыня лёду ў 15 сантыметраў. Калі ж на лёдзе група людзей, то не менш 20 см, для машын – 40 см.
Працягласць выжывання чалавека ў вадзе залежыць ад яе тэмпературы. Так, пры 2 градусах чалавек пражыве не больш 40 хвілін, пры плюсавых 2-4 – каля 1,5 гадзіны, ад 4 да 10 – не больш трох гадзін, ад 10 да 15 – не больш шасці гадзін.
Дзмітрый ЛЁЛЯ, намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.