Тры гады таму, калі пісала пра адкрыццё ва Ушачах прадпрыемства «Твестубы», дабаўляла: «Шкада, што ў трохпавярхоўкі побач няма гаспадара». Сёння ў былога ткацкага цэха ён ёсць, прычым усё той жа — заснавальнікі вытворчасці кардонных гільз, якія за мінулы год поўнасцю адрамантавалі памяшканне, адкрылі другую лінію, асвоілі вытворчасць падарачных упаковак, стварылі новыя працоўныя месцы і галоўнае — не чакаюць ад новага года цуда, а дакладна ведаюць, што ён ім прынясе.
Дырэктар «Твестубы» Васіль Васільевіч Трушко пралічвае ўсе магчымыя варыянты на некалькі крокаў наперад. Нават калі канкурэнты з Польшчы будуць прадаваць тубы па кошце ніжэй за сабекошт, у «Твестубы» ёсць запас рэнтабельнасці. Як адзіныя вытворцы кардонных намотачных гільз не толькі ў Беларусі, але і на постсавецкай прасторы, перакананы, што іх рынкі збыту будуць толькі пашырацца. У першую чаргу ў Беларусі, паколькі за гэтую імпартазамяшчальную прадукцыю не трэба плаціць валюту.
І таму ўпэўнена развіваюцца. Пусцілі 65 тысяч долараў на рамонт і перапланіроўку будынка, падвялі газ, завяршаюць аддзелачныя работы да мантажу чарговай лініі, якая праз некалькі тыдняў прыплыве з Кітая. Яе запуск дазволіць з 60 да 72 пашырыць колькасць працоўных месцаў і пастаўляць спецыяльную намотку для гродзенскіх і светлагорскіх перапрацоўшчыкаў нафтахіміі. Гэта асноўныя і самыя буйныя заказчыкі. Ёсць яшчэ і «хобі». Так жартоўна дырэктар называе выпуск упаковачнай прадукцыі — каробак пад спіртное, чай, якая па аб’ёмах займае далёка не асноўнае месца. Тым не менш прыемна, набыўшы Арманьяк, на каляровай упакоўцы прачытаць «Ушачы. Твестуба».
Для ўшачан жа самае галоўнае — што ёсць месца працы з дастойнымі ўмовамі. Дзякуючы сёлетняму выпуску «Твестубай» прадукцыі на 11 мільярдаў 395 мільёнаў рублёў (у 2010 годзе было ў 10 разоў меней), у бюджэт раёна і пазабюджэтныя фонды пералічана 970 мільёнаў. І гэта яшчэ не мяжа ні выпуску прадукцыі, ні падаткаў, паколькі зараз прадпрыемства мае льготы.
В.КАРАЛЕНКА.