Тройное счастье семьи Лабань

Демография

У савецкія часы існавала добрая традыцыя: на дамах, дзе жылі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, зіхацелі чырвоныя зорачкі. Думаецца, на тых, дзе жывуць мнагадзетныя сем’і, варта было б прымацоўваць жоўтае сонейка з мноствам праменьчыкаў, як сімвал цеплыні, любові і пяшчоты, якой звычайна поўняцца адносіны ў вялікіх сем’ях. Калі б гэты звычай існаваў, то ў адыходзячым годзе такое сонейка з’явілася б на кватэры Вікторыі і Сяргея Лабанёў з гарпасёлка. Самай адметнай сёлетняй падзеяй для іх стала з’яўленне на свет трэцяга сыночка Даніка, з нараджэннем якога сям’я набыла статус мнагадзетнай.

Аб сустрэчы з сям’ёй Вікі і Сяргея дамаўляліся па тэлефоне. Менавіта таму ўражанні ад яе сталі для мяне крыху нечаканай. Калі насустрач выйшла маладая, усмешлівая дзяўчына, шчыра кажучы, падумалася, што гэта нейкая памылка: уяўленне пра вобраз мнагадзетнай мамы дагэтуль у мяне было крыху іншым. Аднак як толькі мы з Вікай зайшлі ў кватэру, усе мае сумненні развеяліся. На парозе нас важна сустракаў старэйшы Мікіта, з іншага пакоя, крыху саромеючыся, выглядваў Жэня, а сямімесячны Даніла тым часам упарта “напрацоўваў” навыкі поўзання.
Аб тым, што ў дастаткова юным узросце давялося стаць бацькамі, як прызналіся Віка і Сяргей, шкадаваць ніколі не прыходзілася.
— Гэта ж найвялікшы падарунак лёсу, калі нараджаюцца дзеці! – ледзьве не ў адзін голас сказалі маладыя людзі. – Спачатку было крыху боязна: усё ж такая адказнасць за малыша! Аднак дзякуючы бацькам, якія нам дапамагалі, хутка “прыраслі” да сваёй новай місіі ў жыцці.
Сёлета Вікторыя і Сяргей адзначылі адразу два хаця і невялікія, але важныя для іх юбілеі. Пяць гадоў таму маладыя людзі афіцыйна аформілі свае адносіны, стаўшы мужам і жонкай, тады ж нарадзіўся іх першынец Мікіта. У хуткім часе на свет з’явіўся другі сыночак Жэня. Многія маладыя пары, напэўна, спыніліся б на гэтым, а Віка і Сяргей усё ж рашыліся на трэцяе дзіця. Чакалі дзяўчынку – будучую памочніцу для мамы, гонар для таты, любімую сястрычку для Мікіты і Жэні. Аднак хітрун-бусел вырашыў не псаваць класічнага казачнага сюжэту і адарыў сямейства трэцім сынам. Ну што тут скажаш, матулі ж, канечне, у нейкім плане не пазайздросціш: усё ж мець у хаце чатырох багатыроў – справа клопатная. Хаця відовішча таго, як ужо зараз пяцігадовы Мікітка старанна прыбірае за сабой цацкі, выклікае ўпэўненасць, што мужчыны не пакінуць сваю гаспадыньку сам-насам з грузам бытавых клопатаў. Затое ў бацькі заўсёды будзе кампанія для таго, каб схадзіць на рыбалку ці пагуляць у футбол.
Ну а калі сур’ёзна, то, канечне, маладой сям’і з трыма маленькімі дзецьмі бывае даволі няпроста. Груз фінансавага забеспячэння лёг на плечы галавы сямейства, які працуе лесніком ва Ушацкім лясгасе. Віка, якая дагэтуль была буфетчыцай у райспажыўтаварыстве, зараз набывае на завочным аддзяленні Полацкага гандлёвага каледжа спецыяльнасць бухгалтара. Менавіта таму Вікторыя і Сяргей з аптымізмам успрынялі навіну аб значным павелічэнні з новага года сацыяльнай дапамогі па доглядзе за дзіцяці. Зараз Лабані жывуць у бацькоўскай кватэры Вікі ва Ушачах, стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў будаўніцтве жылля, і плануюць стаць членамі наступнага жыллёва-будаўнічага кааператыва, які будзе створаны ў гарпасёлку. Галоўнае ж у маладых людзей ужо ёсць – іх пяшчотныя адносіны і, канечне ж, любоў іх хлопчыкаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *