Ралли на снежных трассах Ушаччины

Cпорт

Ушаччына – мара ралійнага гоншчыка: тут ледзьве не кожная другая гравійная дарога можа ператварыцца ў хуткасны спецучастак. Не дзіўна, што менавіта наш раён быў выбраны для правядзення другога этапу чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па ралі, які павінен быў стаць упрыгожаннем ралійнага сезону ў адыходзячым годзе.

На жаль, з-за адсутнасці партнёраў і невялікай колькасці ўдзельнікаў (толькі 12 папярэдніх заявак) арганізатары былі вымушаны адмяніць спаборніцтва. Аднак трэніровачныя заезды па снежным і лёдавым пакрыцці ўсё ж адбыліся.
У мінулую суботу каля вёскі Рагуцкія было ажыўлена. На старт трасы, якая пралягала ад названага населенага пункта да кар’ера ў бліжэйшым лясным масіве і ў адваротны бок, выйшлі мацнейшыя ралісты з Беларусі, Літвы і Латвіі. Гоншчыкам неабходна было пераадолець маршрут працягласцю сем кіламетраў шэсць разоў. Яшчэ да старту многія ралісты, дарэчы, усе яны на Ушаччыне неўпершыню, адзначалі, што траса не вельмі складаная: дастаткова роўнае пакрыццё, ям практычна няма, а таму гонка павінна быць хуткай. І сапраўды, спецучастак працягласцю 3,5 кіламетра аўтамабілі з поўным прывадам пераадольвалі ўсяго за 1,5-2 хвіліны.
На гэты раз гонка праводзілася, як кажуць, “на цікавасць” саміх спартсменаў, каб у чарговы раз праверыць свой спрыт, не разгубіць навыкі хуткага ваджэння па слізкай трасе. Аднак усё тут было як падчас традыцыйных ралійных спаборніцтваў, аматарам якіх было на што паглядзець. Праўда, прыйшлося крыху паездзіць па лясных дарожках у пошуку відовішчных месцаў, аднак гэта было варта таго!
– Каб чаго-небудзь дасягнуць у спартыўнай кар’еры, неабходна пастаянна трымаць сябе ў тонусе, мець практыку спаборніцтваў. Таму мы з задавальненнем прымаем запрашэнні да ўдзелу ў любых стартах, – сказаў вядомы беларускі раліст, удзельнік гонкі Андрэй Галабародзька.
А як адзначылі арганізатары мерапрыемства, падобныя кантрольныя заезды павінны стаць традыцыйнымі.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *