Выйти на новый уровень — такая задача поставлена перед аграриями Ушачского района

Сельское хозяйство

У пачатку тыдня пасада першага намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання нарэшце перастала быць вакантнай: спецыялісты ўпраўлення, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў і службаў, якія курыруе начальнік райсельгасхарча, пазнаёміліся з Аляксеем Пятровічам Бухаловічам.
Прадставіў жа прысутным новага кіраўніка намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Э.М.Дзям’янаў. Свой візіт на Ушаччыну Эдуард Міхайлавіч скарыстаў і для таго, каб правесці сур’ёзную размову з кіраўнікамі сельскагаспадарчых арганізацый. Падставай для яе сталі вынікі нядаўняй праверкі малочнатаварных ферм і іншых сельскагаспадарчых аб’ектаў нашага раёна. На гэты раз пад увагай правяраючых аказаліся КУСГП “Дубраўка”, “Арэхаўна”, “Кублічы, ААТ “Агра-Селішча”, “Ільюшынскі”, “Ушацкі райаграсэрвіс”. Па паказчыках вытворчасці малака раён, на жаль, знаходзіцца ўнізе абласной зводкі. І гэта прытым, што апошнім часам няма праблем з кармамі – некаторыя гаспадаркі іх нават прадаюць…

У чым жа нявыкарыстаныя рэзервы? Як паказала праверка, па-першае, у незбалансаванасці рацыёну кармлення. Напрыклад, у дзень наведвання фермы Ціханяты КУСГП “Арэхаўна” цялятам быў прапанаваны на абед толькі кіслы сілас. Нямала парушэнняў было выяўлена на фермах КУСГП “Дубраўка” і ААТ “Агра-Селішча”, былі заўвагі і па аб’ектах жывёлагадоўлі астатніх правераных гаспадарак. Не на ўсіх фермах жывёла штодня атрымлівае патрэбную (60-70 літраў) колькасць вады. Важны фактар прадукцыйнасці – прагулкі, а яны на большасці правераных ферм або ўвогуле не практыкуюцца, або праводзяцца толькі для асобнай часткі статка. Брудныя кармушкі, недастатковы подсціл, сумеснае ўтрыманне здаровай і хворай жывёлы, адсутнасць стойлавых картак і нумарных бірак, няправільнае ўтрыманне цялят, антысанітарны стан бытавых памяшканняў, парушэнні працоўнай дысцыпліны – вось няпоўны пералік тых хібаў, якія не дазваляюць нашым гаспадаркам дасягаць высокіх надояў, а таксама ўплываюць на якасць малака. І хоць па апошнім паказчыку наш раён – не ў ліку самых горшых, рэзервы прыбытковасці ў гэтым аспекце вельмі вялікія. Строгае выкананне тэхналагічных працэсаў, захоўванне дысцыпліны і, канечне, пастаянны кантроль – вось складаемыя павышэння якасці прадукцыі. У прыватнасці, як заўважыў Э.М.Дзям’янаў, каб павялічыць працэнт “экстры”, вытворца павінен пастаянна кантраляваць узровень саматычных клетак у сабраным малацэ. Калі ў статку ёсць некалькі кароў, што даюць малако з іх павышаным утрыманнем, гэта цягне ўніз агульную якасць і, адпаведна, зніжае закупачную цану. Праверка ўзроўню саматыкі дазваляе таксама раней выяўляць захварэўшую жывёлу, пазбягаць канфліктаў, якія нярэдка ўзнікаюць у вытворцаў пры здачы малака на завод.
Безумоўна, станоўчыя вынікі ў рабоце жывёлагадоўлі павінна прынесці ўвядзенне ў эксплуатацыю новых і рэканструяваных ферм. На жаль, і ў гэтым працэсе Ушацкі раён не на лідарскіх пазіцыях. ”Асваенне выдзеленых бюджэтных сродкаў у гаспадарках ідзе марудна”, – зазначыў намеснік старшыні аблвыканкама і дадаў, што час патрабуе ад кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў больш актыўных дзеянняў, сканцэнтраваных намаганняў і дакладных рашэнняў.
Падчас сустрэчы разглядаліся і іншыя пытанні сельгасвытворчасці: аналізаваліся прычыны нізкай ураджайнасці, у прыватнасці, ва “Ушацкім райаграсэрвісе”, праблемы льнаводчай галіны, умовы захавання бульбы (яны прызнаны здавальняючымі), захаванасць у гаспадарках насеннага фонду. Як зазначыў напрыканцы Э.М.Дзям’янаў, асаблівую ўвагу зараз трэба звярнуць на выкананне прагнозных паказчыкаў. Работы ва ўшацкіх аграрыяў наперадзе шмат, трэба развівацца, вучыцца гаспадарыць, пераймаць перадавы вопыт. Патэнцыял жа раёна, у тым ліку і кадравы, дазваляе выконваць усе пастаўленыя задачы.
Н.БАГДАНОВІЧ.
На здымку: А.Кавалёнак, Э.Дзям’янаў, А.Бухаловіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *