Піць або не піць? Многія лічаць, што гэта справа асабістая – маўляў, маё здароўе, маё жыццё, што хачу, тое з ім і раблю. І ўвогуле, за свае п’ю – якія да мяне прэтэнзіі? Але ж пераважная большасць выпівох, прыняўшы на грудзі, ператвараюцца ў носьбітаў небяспекі для іншых – тыраняць сям’ю, падвяргаюць суседзяў рызыцы стаць пагарэльцамі або становяцца патэнцыяльнымі забойцамі, сеўшы за руль аўто.
Менавіта да апошняй катэгорыі належаць жыхары Віцебскага раёна Юрый і Дзяніс. Ёсць такая кагорта людзей, якіх пасля “запраўкі” непераадольна цягне ў дарогу – гэта якраз той выпадак. Так, напрыклад, у крымінальным багажы Юрыя маецца некалькі судзімасцяў, звязаных з кіраваннем транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення і без вадзіцельскага пасведчання. Так, у 2004 годзе ён збіў пешахода і знік з месца здарэння, за што быў асуджаны да двух гадоў папраўчых работ і пазбаўлены права кіраваць транспартным сродкам тэрмінам на пяць гадоў. Знаходзіўся малады чалавек і пад наглядам нарколага. Меліся адпаведныя судзімасці і ў яго сябра.
Гэтым летам маладыя людзі, мабыць, засумавалі па экзотыцы, таму пагодлівы ліпеньскі дзень вырашылі правесці на перыферыі – на беразе аднаго з ушацкіх азёр. А тут яшчэ прыемная кампанія намалявалася ў выглядзе дзвюх прывабных дзяўчат. Неўзабаве да вясёлай тусоўкі далучылася мясцовая жыхарка С., якую да месца трапезы прывёў абвостраны нюх на спіртное. Апошняга, як гэта заўсёды бывае, не хапіла. Прычым, высветлілася гэта ўжо апоўначы. Зрэшты, у тых, хто прагне “дагнацца”, фантазія працуе выдатна: С. прыгадала, што ў яе маецца аўто, на якім можна “зганяць” у райцэнтр. Той жа факт, што цвярозых вадзіцеляў побач няма, нікога не засмуціў – спачатку за руль села сама жанчына, калі ж, “пацалаваўшы замок” у пасялковым прадмагу, засумаваўшая кампанія накіравалася ў зваротны шлях, сілы канчаткова пакінулі С., і яна саступіла вадзіцельскае крэсла Юрыю. Праўда, сядзеў ён там нядоўга: машына трапіла ў поле зроку супрацоўнікаў міліцыі, якія прапанавалі нецвярозаму вадзіцелю перасесці ў свой транспартны сродак. Пры гэтым знаходлівая С. паспела выцягнуць з замка запальвання ключ і надзейна схаваць яго ва ўласным дэкальтэ. Страціўшы аднаго “байца”, кампанія засумавала яшчэ больш, а С. успомніла, што прыстойныя людзі сяброў у бядзе не кідаюць, і прапанавала ехаць на выручку Юрыю. Вакансію вадзіцеля на гэты раз заняў Дзяніс, а супрацоўнікі міліцыі вельмі здзівіліся, калі праз колькі хвілін міма іх як ні ў чым не бывала ў зваротным накірунку праехаў усё той жа настойлівы аўтамабіль, толькі ўжо з іншым п’яным шафёрам. У выніку на медыцынскі агляд у райбальніцу былі дастаўлены абодва аматары нецвярозых ралі, а ў іх “паслужным спісе” з’явілася новая крымінальная справа.
Суд прызнаў Дзяніса вінаватым у кіраванні транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, здзейсненым на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за такое ж парушэнне, і на падставе часткі 1 артыкула 317-1 КК Рэспублікі Беларусь назначыў яму пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на 4 месяцы. Да яго таксама будзе прыменена прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Юрый, як асоба, раней судзімая за адпаведнае злачынства, па тым жа артыкуле атрымаў пакаранне ў выглядзе шасці месяцаў арышту. Абодва таксама пазбаўлены права займацца пэўнай дзейнасцю ў выглядзе пазбаўлення права кіравання транспартнымі сродкамі на пяць гадоў.
Сэнс жа гэтай павучальнай гісторыі ў тым, што за язду “пад мухай”, якую часам дазваляюць сабе нават законапаслухмяныя грамадзяне, можна пазбавіцца не толькі вадзіцельскіх правоў, але і волі.
В.БАБАШЫНСКІ, пракурор Ушацкага раёна.
поражаюсь «находчивости» наших граждан 🙂