Качественное — значит прибыльное. Как обстоят дела с качеством молока в хозяйствах Ушачского района?

Сельское хозяйство

Якасць прадукцыі адносіцца да асноўных складаючых канкурэнтаздольнасці. Гэта ў поўнай меры датычыцца і галіны жывёлагадоўлі, у прыватнасці, вытворчасці малака. Якая сітуацыя на сённяшні дзень складваецца ў гаспадарках з яго якасцю? На гэтую тэму мы пагутарылі з галоўным спецыялістам райсельгасхарча Людмілай Міхайлаўнай МІХАЛЬ.

– За 11 месяцаў бягучага года сельгаспрадпрыемствамі раёна на малаказавод здадзена 12,8 тысячы тон малака, з іх 36 працэнтаў – сортам “экстра”, 38 – вышэйшым, 23 – першым і 3 працэнты другім.
– Як складваецца сітуацыя з якасцю малака ў разрэзе гаспадарак?
– Найбольшую ўдзельную вагу па пастаўцы высакаякаснага малака займае ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, дзе на долю “экстры” прыходзіцца 67 працэнтаў ад усяго здадзенага малака. Такі высокі паказчык у першую чаргу абумоўлены магчымасцямі і тэхналогіямі новага малочнатаварнага комплексу ў Завячэллі, малако якога поўнасцю ідзе “экстрай”, стараюцца не адставаць і атрымліваюць якаснае малако і на звычайных фермах.
Добрая пастаноўка работы па якасці малака ў КУСГП “Дубраўка” і “Вялікадолецкае”, дзе атрымалі за прайшоўшы перыяд года 42 і 46 працэнтаў “экстры” адпаведна. У апошні час працуюць над якасцю малака і атрымліваюць нядрэнны вынік і ў “Глыбачанах” – 41 працэнт “экстры”. Стабільна трымаюцца на ўзроўні 23-24 працэнтаў па атрыманні самага якаснага малака “Ільюшынскі” і “Арэхаўна”.
А вось з негатыўнага боку па гэтым пытанні нельга не адзначыць такія гаспадаркі, як КУСГП “Кублічы”, дзе доля высакаякаснага малака ўсяго 3,8 працэнта, і ААТ “Дземенец”, дзе атрымалі толькі 0,4 працэнта “экстры”. Другі сорт у гэтых сельгаспрадпрыемствах займае 9,6 і 3 працэнты адпаведна. Лічбы гавораць самі за сябе – якасці тут удзяляецца неналежная ўвага.
Трэба адзначыць, што за прайшоўшы перыяд мелі месца выпадкі і вяртання малака па прычыне неадпаведнасці санітарна-ветэрынарным патрабаванням, наяўнасці антыбіётыкаў. Так, за 10 месяцаў па раёне ўсяго было вернута 37 тон малака, прычым 19 працэнтаў ад гэтага прыйшлося на “Кублічы”.
Якаснае – значыць каштоўнае, адпаведна і прыбытковае. І наадварот, чым ніжэй якасць малака, тым меншы прыбытак гаспадаркі.
– Гэта так. Атрымліваючы малако высокай якасці, можна мець добры прыбытак. На сённяшні дзень адна тона малака сорту “экстра” без падатку на дабаўленую вартасць каштуе 3215 тысяч рублёў, вышэйшага – 2770, першага – 2550, другога – 1100. Розніца адчувальная. Зрабіўшы нескладаныя падлікі, можна ўбачыць, колькі грошай губляецца толькі на якасці.
У чым прычыны атрымання невысокай колькасці якаснага малака ў многіх гаспадарках і як можна палепшыць сітуацыю?
– Асноўнай прычынай нізкай якасці малака з’яўляецца адсутнасць неабходнай арганізацыі пры выкананні тэхналагічных працэсаў, а таксама гігіены вытворчасці. Санітарная ачыстка і абслугоўванне даільнага абсталявання, санітарны стан ферм з’яўляюцца важнымі звеннямі ў тэхналагічным ланцужку якаснага малака. Стан здароўя жывёлы – таксама важны фактар, які ўплывае на якасць, таму трэба ўдзяляць увагу лячэнню кароў, перыядычна абнаўляць статак.
Вялікі ўплыў на гэты момант у жывёлагадоўлі аказвае чалавечы фактар. Усё вышэй пералічанае не атрымаецца без укладу, адносін да справы людзей – ад кіраўніка і спецыялістаў да даярак. Напрыклад, у “Дубраўцы” з прыходам новага заатэхніка А.І.Барылы палепшылася абстаноўка ў жывёлагадоўлі, у тым ліку і ў накірунку якасці. У тым, што ў “Вялікадолецкім” такі працэнт “экстры”, вялікая заслуга і заатэхніка Т.Г.Карчэўскай. У прыгаданых вышэй “Кублічах” і “Дземенцы” заатэхнікаў няма і ў гэтым таксама прычыны недагляду за якасцю прадукцыі.
У цэлым жа работа па паляпшэнні вытворчасці малака павінна быць не аднадзённай, а пастаяннай і мэтанакіраванай. І абсалютна ўсім гаспадаркам раёна трэба падцягнуць гэты паказчык, каб малочная галіна заўсёды была рэнтабельнай.
Падрыхтавала  В.КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *