Передовое предприятие Ушаччины — ЧУП «Сорочино»

Сельское хозяйство

Нядаўна ў ПУП “Сарочына” прайшоў справаздачны сход. Своеасаблівы экскурс у гісторыю на падмурку рэчаіснасці. Бо падводзячы вынікі, дырэктар В.П.Сяргееў абапіраўся не толькі на гадавыя лічбы, але і вяртаўся да часоў заснавання комплексу, да яго лепшых паказчыкаў. І як заўсёды, заглядаў у будучыню. Пра дасягненні і перспектывы гэтага ўстойлівага сельскагаспадарчага прадпрыемства раёна мы і гутарылі з Віктарам Пятровічам. P1140750
– Рэзка плюсуе той, хто падымаецца з нуля. Вы ж наадварот на працягу пяцігодкі ў ліку лепшых, і тым не менш умудраецеся расці.– Практычна па ўсіх паказчыках мы прыкладна шостыя сярод 26 комплексаў вобласці. Аднак і той факт, што шостыя, сведчыць пра тое, што рэзервы ёсць. Адносна саміх сябе мы ў 2,5 раза павялічылі выпуск прадукцыі ў параўнанні з 1999 годам, а колькасць свіней вырасла толькі на 146 працэнтаў. І гэта якасны паказчык, які гаворыць пра многае: павялічыліся сярэднясутачныя прывагі, за карацейшы перыяд жывёла набірала вагу, патрэбную да здачы… Менавіта на якасных паказчыках мы засноўваем сваю работу на сёлетні год, хоць заставацца на плыву, мець плюсавую рэнтабельнасць, а за мінулы год яна 1,09 працэнта – вельмі няпроста. Прывяду толькі два факты – кошт на нашу прадукцыю не павышаўся са жніўня 2008 года, а ўдзельная вага кармоў, якія пастаянна даражэюць, у сабекошце прадукцыі займае 63 працэнты.

– Вы прыводзілі прыклад перадавога прадпрыемства “Сноў”, дзе рэалізавана на адну сярэдняю галаву – 201 кілаграм, а ў нас – 152. За кошт чаго гэта можна атрымаць?

– Спынюся на тым, што ўжо ёсць. Адна кармавая адзінка з сыроваткі і з камбікорму адрозніваецца ў 250 разоў! Толькі за кошт выпойвання першай мы маем эканамічны эфект у 360 мільёнаў. Наогул жа зніжэнне долі кармоў на кілаграм прываг толькі на 0,1 адзінкі эканоміць больш 250 мільёнаў. І менавіта гэту задачу, зніжэнне кармоў да 3,9 кілаграма на кілаграм прываг (сёлета 4,4) паставіў перад калектывам наш заснавальнік – Віцебскі камбінат хлебапрадуктаў. Будзем імкнуцца зніжаць невытворчае выбыццё: дадатковых 15 галоў з кожнай секцыі – таксама дадатковых 480 мільёнаў. Зніжэнне здачы мяса другой, трэцяй катэгорыяй на 50 працэнтаў – яшчэ 700 мільёнаў. Усё пралічваем і імкнёмся да таго, каб гэты лічбы зрабіць быллю, аднак у нас вытворчасць, жывы механізм, якому далёка да ідэальных тэарэтычных разлікаў. Асноўная ж наша перспектыва ў тым, каб пашырыць пагалоўе. Увесь абслугоўваючы персанал застанецца ў той жа колькасці, далучыцца толькі некалькі чалавек непасрэдна аператараў, а эфект будзе значны. Аднак, нам гэтага не зрабіць без будоўлі, павелічэння плошчаў, што зараз і абдумваем.

– Вы на сходзе папрасілі работнікаў актыўна прыняць удзел у ананімным апытанні наконт пошуку дадатковых рэзерваў. Нестандартны падыход.

– Са свайго боку мы пралічваем, думаем, што трэба рабіць, а чалавек на сваім рабочым месцы таксама думае. Гэта можа быць добрай падказкай тых рэзерваў, якія адміністрацыя не заўважае. Ананімнае, каб людзі смела маглі выказацца наконт недаробак спецыялістаў, аднак тым не менш мы прасілі, каб гэта была больш не крытыка некага, а погляд на тое, як зрабіць больш эфектыўнай работу на сваім рабочым месцы.

– Сёлета ў калектыўным дагаворы не самыя прыемныя змены, прыпынены некаторыя пункты.

– На сходзе мы агучылі суму, якую мы можам сабе дазволіць на матэрыяльныя выплаты, прадугледжаныя калектыўным дагаворам – 52 мільёны. Будуць сродкі – і ўсе пункты будуць працаваць у поўным аб’ёме. Вы чулі, калектыўна вырашаем, як імі лепш распарадзіцца, была прапанова сваім работнікам прадаваць свініну па ніжэйшым кошце – зрабіць гэта можам толькі адмовіўшыся ад матэрыяльнай дапамогі. Людзі выбралі грошы. Наогул, галоўная мэта агульных сходаў менавіта ў тым, каб работнікі прачулі сваю ролю ў калектыве, актывізаваць іх не толькі на атрыманне вышэйшага заробку (у нас ён непарыўны з ростам вытворчасці), а і на свой удзел у жыцці калектыву. Нездарма і пра тэхніку бяспекі гаварылі так сур’ёзна, і асобнага чалавека абралі ў грамадскія наглядальнікі, бо ёсць і ўласныя прыклады, калі жыццё, здароўе работнікаў залежала ад неабыякавасці тых, хто побач. Нават ад аднаго чалавека залежыць вельмі многае, калі ён хварэе за свой калектыў, разумее, што ён і ёсць калектыў.

Гутарыла В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *