Юные футболисты Ушаччины удачно выступили на областном этапе спартакиады

Cпорт

Вядома ж, пражыванне ў буйных гарадах дае школьнікам больш шырокія перспектывы для раскрыцця сваіх спартыўных талентаў – спрыяюць гэтаму наяўнасць спартыўных збудаванняў і кваліфікаваных трэнераў, большыя фінансавыя магчымасці, шырокі выбар відаў спорту. Але ж не сакрэт, што менавіта вясковыя дзеці лепш прывучаны да працы, яны больш мэтанакіраваныя і ўпартыя, загартаваныя і вынослівыя. Яны – вялікі спартыўны патэнцыял, з мэтай раскрыцця якога штогод праводзіцца рэспубліканская спартакіяда “Каласок”, удзел у якой прымаюць школьнікі сельскіх населеных пунктаў.
Восенню праходзіў абласны этап спартакіяды па футболе. Спаборніцтвы праводзіліся ў дзвюх узроставых катэгорыях (юнакі 1996-1997 і 1998-1999 гадоў нараджэння). Прадстаўнікі нашага раёна выдатна правялі занальны этап, які праходзіў у Лепелі: сталі яго пераможцамі і дабіліся права выступаць у фінальнай частцы ў абласным цэнтры. Там юныя ўшачане выглядалі таксама вельмі дастойна. Саступіўшы толькі будучым пераможцам – камандам Віцебскага раёна, футбалісты старэйшага ўзросту занялі трэцяе, а малодшага – другое месца (хочацца асабліва адзначыць іх буйную перамогу 6:0 над вельмі моцнай камандай з Пастаў).
Падобныя турніры вельмі карысныя для юных спартсменаў, бо даюць не толькі спаборніцкую практыку, але і магчымасць ацаніць свой узровень, “трапіць на карандаш” да спецыялістаў, якія займаюцца пошукам маладых футбольных талентаў. У гэтай сувязі хочацца ў чарговы раз выказаць падзяку тым неабыякавым людзям і арганізацыям, дзякуючы матэрыяльнай падтрымцы якіх нашы юнакі атрымалі магчымасць прыняць удзел у турніры: М.Бабаедаву, ДЛГУ “Ушацкі лясгас”, ЦРБ.
Віктар ЛУК’ЯНЕНКА, трэнер ДЮСШ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *