Учреждение для сильных духом. Ушачские школьники побывали на дне открытых дверей в Академии Министерства внутренних дел

Образование и молодежь

Навучальны год у самым разгары, а Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ужо цяпер пачынае агітаваць будучых абітурыентаў падумаць аб паступленні ў дадзеную навучальную ўстанову. Менавіта з гэтай мэтай на мінулым тыдні ў Акадэміі праходзіў Дзень адчыненых дзвярэй. Пабывалі на ім і ўшацкія старшакласнікі.

Праграма знаёмства пакуль яшчэ школьнікаў, а ў перспектыве будучых абітурыентаў з навучальнай установай была надзвычай цікавай. Прысутныя атрымалі вычарпальную інфармацыю ад начальніка Акадэміі У.У.Бачылы і выкладчыкаў ВНУ аб умовах паступлення, асаблівасцях навучання і праходжання службы на розных пасадах. Сваімі ўражаннямі аб вучобе ў Акадэміі падзяліліся сённяшнія курсанты і яе выпускнікі – зараз супрацоўнікі міліцыі. Падчас экскурсіі па ўстанове школьнікі мелі магчымасць на свае вочы ўбачыць, у якіх умовах праходзіць навучанне, дзе пражываюць і харчуюцца курсанты. Для гасцей Акадэміі ў фае была арганізавана выстава агнястрэльнай зброі і спецыяльных сродкаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні ў органах унутраных спраў. Напэўна, нікога не пакінулі раўнадушнымі і паказальныя выступленні курсантаў па секцыях, а таксама канцэрт, падрыхтаваны спецыяльна для будучых абітурыентаў. Думаецца, усё гэта дасць магчымасць нашым старшакласнікам больш свядома зрабіць выбар будучай прафесіі і месца вучобы.
Хочацца звярнуць увагу выпускнікоў на тое, што Ушацкі РАУС праводзіць адбор кандыдатаў для паступлення ў наступным годзе ў Акадэмію, а таксама ў Магілёўскі вышэйшы каледж Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. У Акадэміі праводзіцца набор на тры факультэты дзённай формы атрымання адукацыі: факультэт міліцыі (спецыяльнасці – правазнаўства і эканамічнае права), судова-экспертны факультэт (правазнаўства і судовая экспертыза), крымінальна-выканаўчы факультэт (правазнаўства). Выпускнікам установы прысвойваецца кваліфікацыя юрыст, юрыст з веданнем эканомікі ці юрыст-эксперт-крыміналіст адпаведна. У каледжы навучанне праводзіцца толькі на факультэце міліцыі (спецыяльнасць – правазнаўства). Для паступлення ў абедзве навучальныя ўстановы патрабуюцца сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай (рускай) мове, матэматыцы і грамадазнаўстве. Тэрмін навучання ў Акадэміі і каледжы на дзённай форме атрымання вышэйшай адукацыі таксама аднолькавы – 4 гады.
Для атрымання падрабязнай інфармацыі аб названых установах адукацыі, правілах паступлення ў іх, афармлення неабходных дакументаў звяртайцеся ў раённы аддзел унутраных спраў па адрасе: г.п. Ушачы, вул.Ленінская, 26, каб.№13; тэлефон: 2-17-08.
Я.СЫНКОЎ, намеснік начальніка Ушацкага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.
На здымку: курсант Акадэміі І.Лёля з ушацкімі школьнікамі Ц.Сынковым і А.Лапёнкам на Дні адчыненых дзвярэй ВНУ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *