Прафесійнае свята — выдатная нагода для таго, каб падвесці пэўныя вынікі дзейнасці, адзначыць лепшых, акрэсліць бліжэйшыя задачы. Аб сёлетніх працоўных дасягненнях дырэктар філіяла Ушацкае ДРБУ-105 Анатоль Іванавіч Коцур гаворыць са стрыманым аптымізмам: «Ужо зараз відавочна, што год будзе больш удалым, чым мінулы».
Дастаткова сказаць, што выручка за 9 месяцаў склала 9 мільярдаў 907 мільёнаў рублёў, што на 171,4 працэнта больш, чым было за адпаведны леташні перыяд. Амаль трэцяя частка гэтай лічбы — 2 мільярды 900 мільёнаў — асвоена падчас работ па бягучым рамонце і ўтрыманні мясцовай дарожнай сеткі, і хоць гэта 166 працэнтаў у параўнанні з 2011 годам, выдзеленых сродкаў для якаснага выканання задачы недастаткова. Амаль паўтара мільярда рублёў асвоена на аднаўленні вуліц пасля газіфікацыі ва Ушачах і Арэхаўне, каля 600 мільёнаў прынеслі дарожныя работы падчас падрыхтоўкі да свят у суседніх раёнах, больш за два мільярды — добраўпарадкаванне тэрыторыі «Паліміра». Больш сціплымі тэмпамі, чым хацелася б, ішло сёлета аднаўленне дарог у райцэнтры. Тым не менш, магчымасць хадзіць па новым асфальтавым пакрыцці атрымалі жыхары вуліц Дзяржынскага, Калінінскай, часткі Ленінскай, нядаўна з раённага бюджэту выдаткавана 427 мільёнаў, якія будуць выкарыстаны на рамонт вуліц Фрунзе і другой часткі Ленінскай.
Гаворачы аб сёлетніх дасягненнях дарожнікаў, нельга на прыгадаць адметную падзею — прысваенне галоўнаму бухгалтару прадпрыемства Зоі Сцяпанаўне Ільіновай звання «Чалавек года Віцебшчыны». На пытанне, як адчувае сябе ў ролі знакамітасці, Зоя Сцяпанаўна адказвае: «Спачатку ад агульнай павышанай увагі было крыху няёмка, потым прызвычаілася. Галоўнае ж, стараюся зараз штодня «трымаць марку», апраўдваць высокі давер свайго працоўнага калектыву, раёна, вобласці».
Увогуле ДРБУ-105 багата на добрых працаўнікоў. Вось і сёлета з нагоды прафесійнага свята адзначаны лепшыя з іх: Ганаровай граматай абласнога аб’яднання КУП «Віцебскаблдарбуд» узнагароджаны вадзіцель Аляксандр Леанідавіч Магерка, Удзячнасцю абласнога аб’яднання — інспектар аддзела кадраў Галіна Іванаўна Карпёнак, званне «Ветэран працы» атрымаў дарожны рабочы Ігар Сямёнавіч Шнітко. Ушанаванне названых і іншых дастойных працаўнікоў калектыву прайшло ўчора на ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Дню аўтамабіліста і дарожніка. Не забываюцца на прадпрыемстве і пра сваіх былых работнікаў: і да Дня пажылых людзей, і да прафесійнага свята ветэраны працы атрымалі падтрымку ў памеры адной базавай велічыні.
***
Застаць будаўнічую брыгаду ДРБУ-105 ля адміністрацыйнага будынка не так проста, раніцай работнікі спяшаюцца на аўтобусе на аб’ект, вяртаюцца позна, працуюць жа ў асноўным па-за межамі раёна. Сёлета ім давялося пабываць на многіх значных аб’ектах: у прыватнасці, рыхтавалі да адметных свят Полацк і Глыбокае. «У тым, што гэтыя гарады набылі абноўлены і прыгожы выгляд, ёсць часцінка нашай працы, і гэта вельмі прыемна!» — адзначае машыніст катка Уладзімір Аляксандравіч Коршун, а яго калега, дарожны рабочы Дзяніс Мікалаевіч Салодкін дадае, што на гэтых аб’ектах стараліся працаваць надзвычай адказна і якасна, бо прадстаўлялі не толькі роднае прадпрыемства, але і ўвесь раён. Зараз жа брыгада займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторыі наваполацкага «Паліміра». «Працуем на гэтым аб’екце ўжо два гады, з чаго можна зрабіць выснову, што нашай работай тут задаволены,» — расказвае брыгадзір Андрэй Міхайлавіч Агіевіч. Задаволены гэтым плённым супрацоўніцтвам і ўшацкія дарожнікі. Увогуле ж, як сцвярджае кіраўніцтва ДРБУ, менавіта будаўнічая брыгада прыносіць прадпрыемству асноўны прыбытак.