В любую погоду навстречу пассажирам

К профессиональному празднику

Філіял Ушачы ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства №6 г.Наваполацк” – сэрца транспартных артэрый, якія злучаюць населеныя пункты Ушаччыны. Каб мы з вамі маглі своечасова прыехаць на працу і вярнуцца дадому, з’ездзіць у госці і на адпачынак, наведаць родных і проста пабываць у любімых куточках роднага краю, 23 аўтобусы па 37 маршрутах штодзень, зімой і летам, у любое надвор’е выязджаюць з варот Ушацкага АТП насустрач нам, сваім пасажырам.
Сёлета, дарэчы, быў значна абноўлены аўтапарк прадпрыемства: на змену тром старым ПАЗам, чатыром ГАЗелям і аднаму ЛАЗу прыйшлі больш сучасныя і камфортныя Форды, Богдан-Радзімічы і МАЗ-256. Зараз поўным ходам ідзе падрыхтоўка аўтобусаў да зімы: уцяпляюцца кабіны, устанаўліваюцца новыя печы, ад “а” да “я” правяраецца абсталяванне на гатоўнасць да маразоў, заносаў на дарозе, робіцца ўсё дзеля таго, каб не адбывалася “зрываў” на лініі.
Безумоўна, праблем у АТП хапае, як і на любым прадпрыемстве, асабліва ў цяперашні няпросты час. Зрэшты, пасажырскія перавозкі заўсёды былі справай малапрыбытковай. На ўсё гэта ёсць як аб’ектыўныя, так і суб’ектыўныя прычыны. АТП №6 выконвае сацыяльныя стандарты, адзінае транспартнае прадпрыемства, якое незалежна ад колькасці пасажыраў абавязкова прыбудзе па раскладзе практычна ў любую вёску раёна.“Дапамагаюць” і прыватныя перавозчыкі, якія “адымаюць” значную частку грошай. У некаторай ступені ўплывае таксама і паляпшэнне жыцця насельніцтва, калі амаль у кожнай сям’і ёсць асабісты аўтатранспарт. Калі раней, да прыкладу, у накірунку Касароў аўтобусы былі загружаны, як гаворыцца, пад завязку, то зараз такую карціну можна назіраць толькі па вялікіх святах ці ў выхадныя дні, па буднях жа гэта напаўпусты аўтобус з 15-20 пасажырамі. Моцна б’е па кішэні прадпрыемства кошт паліва і запасных частак, які ў апошні час павялічыўся ў разы. Не дзіўна, што зараз акупляюць сябе толькі лічаныя маршруты, самым прыбытковым з’яўляецца рэйс на Полацк.
Акрамя аўтобусаў у склад аўтапарка ўваходзяць грузавыя аўтамабілі, якія можна выкарыстоўваць для перавозкі сыпучых грузаў, на будаўнічых работах. Гэта прыбытковая сфера дзейнасці, на якую на прадпрыемстве ўскладаюць вялікія надзеі ў павышэнні сваёй рэнтабельнасці. Вадзіцелі машын пастаянна ўдзельнічаюць у перавозцы грузаў у перыяд найважнейшых сельскагаспадарчых кампаній. Зараз транспарт заняты на будаўніцтве дарог пад Мінскам, Магілёвам і Віцебскам.
– У нас склаліся добрыя партнёрскія адносіны і з Ушацкім ДРБУ-105, – адзначае начальнік АТП А.В.Бародзіч. – Дарэчы, карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць нашых партнёраў-дарожнікаў з прафесійным святам і пажадаць далейшага плённага супрацоўніцтва.
Развіваюць на прадпрыемстве і неасноўную дзейнасць. Рамонтна-механічны ўчастак ажыццяўляе шынамантаж. За невялікую плату любы жадаючы можа скарыстацца паслугамі аўтамойкі. Атрымліваюць даход у АТП і ад арэнды памяшканняў, выкарыстання камер захоўвання, ранняга браніравання білетаў і інш. Увогуле, на прадпрыемстве бяруцца за любую справу, якая прыносіць дадатковыя прыбыткі. Інакш выжыць немагчыма…
Напярэдадні прафесійнага свята начальнік філіяла Ушачы ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства №6 г.Наваполацк” Аляксей Васільевіч Бародзіч пажадаў усяму калектыву здароўя, дабрабыту, добрых дарог, ветлівых пасажыраў, выдатнага настрою, шчасця, поспехаў, каб усе непрыемнасці і беды абыходзілі стараной і каб вадзіцелі заўсёды і своечасова вярталіся дадому. Мы таксама далучаемся да гэтых пажаданняў. Са святам вас, ушацкія аўтамабілісты!
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымку: Вадзіцелі аўтатранспартнага прадпрыемства №6 І.Контараў, С.Кучаронак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *