«Только в школе чувствую себя творцом» — рассказывает учитель биологии Ушачской школы Ольга Анатольевна Житкая

Ими гордятся К профессиональному празднику Наш современник Экономика и малый бизнес

У маі бягучага года прысутнічала на ўроку біялогіі ва Ушацкай школе… і зайздросціла адзінаццацікласнікам. Не, нават не іх маладосці. А таму, як цікава, жыва, на ўшацкіх прыкладах і абмеркаванні замацоўвалася тэма энергазберажэння. Вяла той урок Вольга Анатольеўна Жыткая. Настаўнік, на рахунку якога падрыхтоўка некалькіх пераможцаў абласной алімпіяды па біялогіі, першае месца ў вобласці па дыстанцыйнай алімпіядзе сярод вучняў 7-9 класаў. Яе навучэнцаў добра ведаюць у рэспубліканскай вочна-завочнай дыстанцыйнай школе пры экалагічным цэнтры і тым больш падчас алімпіяд раённага ўзроўню. Настаўнік, чыё імя па выніках мінулага года занесена на раённую Дошку гонару.

Яе кабінет, зялёны ад разнастайных раслін, сёлета абзавёўся двума акварыумамі. Збылася мара. Цяпер заморскую фаўну дзеці вывучаюць па купленых рыбках, а беларускую – па ўшацкіх карасях. Мара яшчэ і таму, што у юнацтве Вольга Анатольеўна хацела даследаваць марскіх жывёлін. Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце пераключылася на мікрабіялогію і на гэты час, пераканана, мела б сур’ёзныя напрацоўкі ў перспектыўнай галіне, калі б не абавязак. На пятым курсе ўніверсітэта яна перавялася на завочную форму навучання і пераехала ва Ушачы, каб даглядаць хворую бабулю. Меркавала, што ненадоўга, ды так і засталася на радзіме дзядоў, дзе праводзіла кожнае лета і патрыёткай якой з’яўлялася з дзяцінства.
– Звычайна дзеці засынаюць пад казкі, а мы з братам пад успаміны дзеда пра партызаншчыну. Добры, дэмакратычны, справядлівы, ён вельмі многа даў мне. І ў педагогіцы таксама.
Ды і мары дзядулі, дарэчы, дырэктара Ушацкай вячэрняй школы, Паўла Міхайлавіча Карпоўскага, наконт будучыні ўнучкі збыліся. Ён хацеў, каб яна выкладала менавіта ва Ушацкай школе.
Каго акрамя дзеда лічыць настаўнікамі Вольга Анатольеўна? Былога дырэктара Ушацкай СШ Міхаіла Паўлавіча Сісковіча, у якога праходзіла педагагічную практыку. Нікога не ведала ва Ушачы, ён жа цёпла сустрэў, многаму навучыў і яшчэ працяглы час не шкадаваў часу на падказкі. А больш за ўсіх свайго трэнера па плаванні. Менавіта яму і спорту абавязана тым, што навучылася пераадольваць цяжкасці, сфарміравала характар. У 5.45 Оля Корбут (яе дзявочае прозвішча) ужо стаяла на аўтобусным прыпынку паўпустыннай вуліцы Слуцка, каб трапіць на ранішнюю трэніроўку, пасля заняткаў у школе ехала ў басейн на другую. Таму і не купляецца сёння на ўлоўкі ўласных вучняў, быццам з-за трэніроўкі не паспелі зрабіць урокі. Плаваннем яна сур’ёзна займалася 6 гадоў, мела разрады. І вучылася пры гэтым толькі на 4 і 5 (зразумела, па пяцібальнай шкале).
У жаданні настаўніка – аддаваць, а вучня – прымаць веды і ёсць залог паспяховага тандэму. Напэўна, таму і не можа быць многа апантаных толькі біялогіяй ці хіміяй. Аднак, па 2-3 такіх вучні ў кожнай яе паралелі ёсць. А сёлета яе дзесяцікласнікі і “чужыя” дзеці – адзінаццацікласнікі, у якіх не выкладае, сталі наведваць платныя факультатывы, на бясплатным жа збіраецца амаль цэлы клас. Ну а калі ёсць мэта – будзе і вынік. Трое сёлетніх выпускнікоў Ушацкай школы – яе вучняў, сталі студэнтамі медыцынскага ўніверсітэта бюджэтнай формы навучання. Ёсць такія і ў папярэдніх гадах. А што яшчэ вельмі важна – намнога больш дзяцей на ўсё жыццё будуць добрым словам прыгадваць Вольгу Анатольеўну, як яна ўспамінае сваіх настаўнікаў.
Аднойчы, калі працавала ў аддзеле адукацыі, Вольга Анатольеўна ішла па вуліцы, нечакана да яе падбег увесь былы клас. Абрадаваныя сустрэчай з былым класным кіраўніком, дзеці наперабой расказвалі пра свае навіны. Пасля нараджэння малодшага сына з падарункам у поўным складзе завітаў яе клас з Плінскай школы, дзе таксама адпрацавала не адзін год. Вось у такія моманты асабліва разумееш, для чаго працуеш. Яна ж, паспрабаваўшы і адміністрацыйную дзейнасць, – была завучам, і работу ў аддзеле адукацыі, зразумела, што толькі ў класе з дзецьмі адчувае сябе творцам.
– Я не магу стаяць на адным месцы. А разам з вучнямі падчас падрыхтоўкі да алімпіяд, тэсціравання шукаеш нешта новае, развіваешся. І атрымліваеш такое задавальненне, калі ёсць вынік. Наогул цесны кантакт з дзецьмі прывучае ісці ў нагу з імі. Лічу, што кожны настаўнік павінен мець класнае кіраўніцтва. Разам з маім цяпер сёмым класам мы наведалі спачатку ўсе славутыя месцы Ушаччыны, потым Полацка і Наваполацка, неаднойчы былі ў Віцебску, Мінску, у рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы, Оршы, Новалукомлі. Зараз збіраемся пабываць у дэльфінарыі. Я сама вельмі люблю падарожжы, новыя мясціны, таму проста сумую, калі даўно няма экскурсіі.
Наогул Вольга Анатольеўна вельмі рознабаковы чалавек. Каб адпачыць, пераключыцца ад планаў, прадметных тэм, займаецца творчасцю. Як біёлаг, яна канечне любіць расліны, і на ўласнай дачы – былой дзедавай сядзібе – расце мноства кветак. Разам яшчэ з некалькімі настаўніцамі Ушацкай школы займаецца ўпрыгожваннем прышкольнай тэрыторыі, прыдумвае і стварае розныя кампазіцыі. Заразілася вышываннем і бісерапляценнем. Адпачываць жа любіць пераважна актыўна. З дзяцінства катаецца на каньках, для чаго з дзецьмі свайго класа ездзілі нават на добры лёд у Сілічы і Наваполацк. Займалася ўсходнімі танцамі, фітнэсам, любіць хадзіць на лыжах ды і проста пагуляць па лесе, папрацаваць на зямлі.
Кажуць, што праца настаўніка няўдзячная. Я ж не магу забыцца, як другой мамай называла Вольгу Анатольеўну дыпламантка абласной алімпіяды па біялогіі Віка Волах і яе бацькі. Для дзяўчыны яна была і застанецца тым педагогам, якога з удзячнасцю прыгадваеш усё жыццё. А ў пераемнасці настаўніцтва – сувязь пакаленняў і рух да прагрэсу.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *