Ці купляеце вы рапсавы алей? Такое пытанне я задавала ў магазіне “Капеечка” жанчынам ля паліцы з аднайменным таварам і толькі адна з шасці адказала станоўча. Менавіта такі рэйтынг – 16-17 працэнтаў – мае на сённяшні дзень і сам алей у разнастайнай палітры сваіх “сародзічаў”. Чаму ўстойлівае лідарства па-ранейшаму трымае сланечнікавы? Мяркую, што справа ў прывычцы, а таксама ў адсутнасці належнай рэкламы.
Тлумачэнняў, чаму перавагу надаюць “Залатой семечцы”, ушачанкі і не давалі. Самая папулярная марка зрывалася з вуснаў, хаця рапсавага ніхто з іх ні разу і не спытаў. Толькі адна пакупніца сказала, што адчувае характэрны прысмак, затое Галіна Дук паведаміла, што даўно выкарыстоўвае і ў салаты, і для смажання пераважна рапсавы алей.
“Купляюць і вельмі ахвотна, вы паглядзіце: раней у нас гэтаму алею аддаваўся сціплы куток побач са сланечнікавым, а зараз асобная паліца, на якой пастаянна 5-6 відаў, – паказвала асартымент загадчык прыгаданай гандлёвай кропкі Галіна Маковіч. – Калі б не было попыту, мы б яго не заказвалі. А так вось за люты рэалізавалі 77 бутэлек, а за сакавік ўжо 225. Рост у тры разы! Нядаўна і з праванскімі травамі з’явіўся, беларускія вытворцы развіваюцца і пры гэтым захоўваюць асноўную перавагу прадукта – яго нізкі кошт”. Рост продажу адзначыла і загадчык магазіна “Санта” Святлана Вусько. У параўнанні са студзенем і лютым ён вырас у два разы.
Паўночная аліва
Аднак асноўная перавага прадукту зусім не ў цане. Гэтыя крыжакветныя часам называюць паўночнай алівай, бо па характарыстыках і пажыўнай каштоўнасці алей з іх не саступае шырока разрэкламаванаму аліўкаваму. У ім утрымліваецца поўны комплекс Амега – 3, 6 і 9 – такіх патрэбных і вельмі дарагіх кіслот, калі набываць іх праз аптэчныя сеткі ці марскую чырвоную рыбу. Пры гэтым суадносіны Амега-3 да Амега-6 роўныя 1 да 2, што лічыцца аптымальным балансам для здароўя.
У 100 міліграмах алею змяшчаецца 148% дзённай нормы вітаміна Е для дарослага. А гэта наш імунітэт, здаровая скура, востры зрок і працэсы, што стрымліваюць старэнне.
Рапсавы алей эфектыўна памяншае колькасць шкоднага халестэрыну ў крыві (што ўласціва нямногім прадуктам харчавання), прадухіляе развіццё атэрасклерозу, спрыяе ўмацаванню сасудзістых сценак і павышае іх эластычнасць. Ён процідзейнічае развіццю злаякасных працэсаў у малочных залозах і папярэджвае негатыўнае дзеянне свабодных радыкалаў. Характарыстыкі на дзясятку! Ва ўсякім выпадку ўсім, хто не карыстаўся прадуктам, варта звярнуць увагу. І падчас невялікага апытання Людміла Шарыпенка падзякавала пра напамін: “Многа рэкламы ў апошні раз чую, абавязкова паспытаю”.
У Беларусі зараз праходзіць месячнік рапсавага алею. Запушчаны і праект “Калегі па Амезе”, накіраваны на папулярызыцыю гэтага карыснага айчыннага прадукта.
Высокая кропка дыму
А вось ва Ушацкім філіяле асартымент гэтага алею зусім невялікі. Больш таго, яго прывабная цана не зацікавіла і кропкі грамадскага харчавання, якія за месяц у добрыя часы прадпрыемства расходавалі паўтоны алею. “Нашы тэхналагічныя карты не прадугледжваюць рапсавы, усё смажым выключна на сланечнікавым. Мабыць у ім застаецца нейкі прысмак, сама, шчыра кажучы, не спрабавала, а верагодней за ўсё, што вытворчасць развіваецца хутчэй, чым распрацоўваюцца і зацвярджаюцца новыя рэгламенты”, – тлумачыць загадчык аддзела грамадскага харчавання Наталля Чабатар.
А тым не менш рапсавы алей мае высокую кропку дыму – 190-230 градусаў, а гэта значыць, што менш схільны акісленню і найбольш устойлівы да высокіх тэмператур награвання без утварэння канцэрагенаў. І таму па характарыстыках вытворцаў ідэальна падыходзіць для гатавання смажаных і запечаных страў. Гаворка ідзе пра рафінаваны алей, на неачышчаным (любых гатункаў) смажыць наогул нельга.
Культура, выгадная для ўсіх
Рапс на палетках раёна вырошчваецца даўно і ўсімі гаспадаркамі. Сакрэт просты – беспраблемны закуп сыравіны Віцебскім маслаэкстракцыйным заводам і, прычым, па добрым кошце. Нават у мінулым годзе, пры вельмі нізкай ураджайнасці (6,9 цэнтнера масланасення з гектара) рэнтабельнасць продажу склала 2 працэнты і прынесла 11 тысяч прыбытку. У пазамінулым, калі сабралі рэкордныя за пяцігодку 874 тоны, яна дасягнула 5,9 працэнта.
Так што культура гэтая была і застаецца перспектыўнай, тым больш што ўсё больш прадпрыемстваў займаюцца перапрацоўкай сыравіны. І сярод іх не толькі вядомыя дзяржаўныя, як Мінскі ці Гомельскі маргарынавыя заводы, а і прыватныя. У суседнім Лепельскім раёне асвоіў яго філіял ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”.
Пры даволі нізкай пакуль запатрабаванасці прадукту на айчынным рынку: 60-70 працэнтаў належыць сланечнікаваму, 15-20 – рапсаваму і столькі ж іншым алеям, ён папулярны ў Еўропе, ЗША, Кітаі і таму з’яўляецца яшчэ і перспектыўнай валютнай крыніцай. Толькі апошняя краіна закупіла ў мінулым годзе яго на 239,9 мільёна долараў, а ў лютым гэтага – ужо на 32,1. Сярод імпарцёраў у Беларусі рапсавага алею – Расія, Ізраіль, Данія, Нарвегія. Невыпадкова, што за апошнія чатыры гады валавы збор рапсу павялічыўся з 733 тысяч тон у 2020-м да больш за мільён у 2024-м.
З аднаго кілаграма насення рапсу атрымліваецца каля 350 мілілітраў алею. Усё залежыць ад алейнасці культуры, прыродных умоў і тэхналогіі вырошчвання.
Вольга Караленка.