У сувязі са святкаваннем 80-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” ўзнагароджаны яшчэ 9 населеных пунктаў краіны: Баранавічы, Дзяржынск, Дзятлава, Калінкавічы, Любань, Асіповічы, Чавусы, Обаль і Асвея. З 2004 года, калі Прэзідэнтам была зацверджана такая высокая ўзнагарода, вымпел атрымала 27 гарадоў і пасёлкаў, сярод іх і нашы Ушачы.
Сімвалічна, што указ Прэзідэнта аб прысваенні Ушачам вымпела быў падпісаны 29 чэрвеня 2009 года – у дзень 65-годдзя вызвалення раёна. Сама цырымонія адбылася на мемарыяльным комплексе “Прарыў” 25 жніўня. З таго часу вымпел, які захоўваецца ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, адкрывае святочную калону падчас усіх раённых урачыстасцяў.
“Для мяне гэта сцяг нашай партызанскай зоны, агульны ўсіх 16 брыгад, ды і мірнага насельніцтва Ушаччыны. Бо калі некаторыя гарады, напрыклад, Лепель, Орша атрымалі яго дзякуючы буйным франтавым аперацыям 1941-га і 1944 гадоў, то наш вымпел – сапраўды народны. Ён колеру крыві ўшацкіх падпольшчыкаў, партызан, жанчын і дзяцей, што бясстрашна выходзілі на барацьбу з акупантамі. Мае ўнукі выдатна ведаюць, што іх прадзед Сяргей Іванавіч Лосеў ваяваў у брыгадзе імя Панамарэнкі, і кожны год імкнуцца прайсціся з яго партрэтам менавіта па Ушачах і на комплексе “Прарыў”, хоць жывуць у Мінску і Віцебску, дзе ладзяцца велічныя парады. Тут больш узнёсла нават для іх, бо адчуваюць сябе пераемнікамі. А мне прыемна ўдвая, што патрыятызм, які прывіваю, носіць для іх асабовыя імёны”, – падзяліўся з намі А.С.Лосеў.
І сапраўды, у партызанскай сталіцы – заслужаная і асаблівая падстава для гэтай узнагароды. Нездарма Ушачы ў ліку цяпер ужо 36 – усяго 36 сярод 115 гарадоў і 88 гарадскіх пасёлкаў Беларусі, што атрымалі ганаровы вымпел.