Сустрэча старшыні райвыканкама Сяргея Сяргеевіча Садоўскага з насельніцтвам вёскі Двор Пліна аказалася ажыўленай і шчырай. Жыхары гэтага населенага пункта заўсёды праяўляюць актыўнасць падчас падобных мерапрыемстваў. Ёсць і яшчэ адно тлумачэнне дружнай яўкі: жаданне пачуць адказы ад першай асобы раёна.
Найбольш хвалюе вяскоўцаў пытанне якасці вады: мараць аб тым, каб з крана цякла не ржавая, а чыстая, прыгодная да ўжывання. Праблема кіраўніцтву раёна добра вядома, існуе яна не толькі ў Двор Пліне, а і ў іншых населеных пунктах. За апошняе дзесяцігоддзе станцыі абезжалезвання планамерна будаваліся ў раёне, аднак Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця спыніў фінансаванне праграмы “Чыстая вада”, а пошук новых крыніц грашовых сродкаў замарудзіў запланаванае. Зараз першай у чарзе на будаўніцтва станцыі якраз вёска Двор Пліна, на новы аб’ект ужо вяліся праектныя работы. Хутчэй за ўсё ачышчальныя збудаванні з’явяцца ў наступным годзе, дакладныя тэрміны жыхарам паведамяць пазней.
Не ўсе дворплінцы змаглі падключыцца да электраацяплення – няма тэхнічнай магчымасці, магутнасці дзеючых ліній не хапае для вялікай дадатковай нагрузкі. Як мы ўжо паведамлялі на старонках газеты, у населеных пунктах раёна вядзецца замена старых сетак на новыя, але адначасова ўсюды іх абнавіць немагчыма, распрацаваны перспектыўны план рэканструкцыі электрасетак, у якім Двор Пліна значыцца на 2025 год.
Скардзіліся жыхары і на дрэнную мабільную сувязь: “Бегаеш па сядзібе ў пошуках удалай кропкі, а калі гэта атрымліваецца, то нярэдка чуеш абанента на тым канцы провада праз слова”. Сапраўды, у сельскім клубе, дзе праходзіла сустрэча, на экране тэлефона то і справа высвечвалася “няма сувязі”. Мабільным аператарам будзе накіраваны запыт на ўзмацненне існуючай ці ўстаноўку новай базавай станцыі.
На вёсцы многія адмовіліся ад надзелаў, але некаторыя яшчэ трымаюць падсобную гаспадарку і вырошчваюць зерневыя, таму і прагучала пытанне наконт уборкі прыватных палосак. Як падкрэсліў С.С.Садоўскі, жніво ў цяперашні час – задача надзвычай важная, стратэгічная. Трэба сабраць ураджай аператыўна і без страт у першую чаргу на палях гаспадарак, выканаць дзяржзаказ. Тым часам у сельгаспрадпрыемствах маецца ўсяго 29 камбайнаў, нагрузка на кожны адна з самых высокіх у вобласці – каля 400 гектараў. На абмалот прыватных участкаў камбайны накіруюцца пасля завяршэння масавай уборкі.
Прагучалі нараканні на стан дарогі па вуліцы Паркавай у Двор Пліне, а таксама ва Угрынках, прасілі вяскоўцы іх падсыпаць.
Закранулі на сустрэчы і тэму гандлёвага абслугоўвання. Асартымент у магазіне палепшыўся, вельмі падабаецца людзям прадукцыя грамадскага харчавання, адзінае, што не задавальняе ў гэтым накірунку – якасць ушацкага хлеба. “Хутка чарсцвее і дрэнна захоўваецца: толькі купіш, а на наступны ці праз дзень ён ужо цвіллю пакрываецца”, – казалі жыхары Двор Пліна.
Дарэчы, агучаны былі не толькі праблемы і пытанні. Падзякавалі вяскоўцы раённай уладзе за спраўную працу аб’ектаў сацыяльнай сферы, напрыклад, з задавальненнем прыходзяць у мясцовы клуб і бібліятэку, а таксама за работы па добраўпарадкаванні, якія праводзяцца ў раёне: “Да райбальніцы цяпер так зручна ісці па новым тратуары, калі поўнасцю завершацца работы – будзе выдатна!”
Абмеркавалі дворплінцы са старшынёй райвыканкама і многія іншыя актуальныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Прычым, былі не пасіўнымі слухачамі, а актыўнымі субяседнікамі.
Вольга КАМАРКОВА.