За званне першага ўшацкага камбайнера-“тысячніка” змагаюцца ўсе, а перамагаюць ільюшынцы. Такую прымаўку ўжо можна запускаць ва ўжытак, бо хлебаробы гэтай гаспадаркі даволі часта раней за іншых перасягаюць гросмайстарскі рубеж, а ў апошнія тры гады ўвогуле нікому не саступаюць перамогу. Пазалетась лаўры пажынаў сямейны тандэм Уладзіміра і Віктара Лёлі, год таму якраз у такія ж дні ўшаноўвалі экіпаж А.Д.Спірыдзёнка і яго памочніка А.С.Плігаўкі, ну а сёлета Анатоль Дзмітрыевіч намалаціў тысячу тон “сольна”.
Якія ж сакрэты дапамагаюць ільюшынскім механізатарам апярэджваць калег, якія, канечне, таксама вельмі стараюцца? Па дарозе на поле за Жарамі, дзе ў чацвер шчыраваў лідар жніва, мы паспрабавалі выведаць іх у старшыні райсельгасхарча Ю.М.Ладновай, якая ўзначаліла традыцыйны для такіх выпадкаў “віншавальны” дэсант.
◆ Днямі з’явіўся ў раёне і яшчэ адзін “тысячнік” – першым адпаведную колькасць тон перавёз ад камбайнаў вадзіцель “Агра-Селішча” Дзмітрый Аляксандравіч Плігаўка. Перадавік ужо атрымаў віншаванні і падарункі. Падрабязней пра гэта мы раскажам у наступным нумары газеты.
“Напэўна, у Анатоля Дзмітрыевіча самы лепшы ў раёне камбайн? А можа яму кіраўніцтва наўмысна спрытныя ўчасткі выдзяляе?”. Але ў адказ на “правакацыйныя” пытанні Юлія Міхайлаўна ўсміхаецца і тлумачыць, што КЗС-1218 сапраўды распачаў толькі трэці свой сезон, аднак пазалетась у раён прыбылі некалькі адзінак такой тэхнікі. Абвяргае і другі пастулат, запэўніўшы, што ільюшынскія камбайны амаль на ўсіх палетках працуюць адным звяном. “Дык можа наш “тысячнік” уключае большую хуткасць, каб шпарчэй запаўняўся бункер?” – не здаёмся мы. І чуем у адказ: “Ну што вы, у камбайнераў нават прымаўка ёсць: “Марудны ход – лепшы абмалот!”. “Значыць, пазней за іншых змену завяршае?”. Але і тут трапляем “у малако”, бо кіраўнік аграрнай галіны тлумачыць, што калі ў ліпені можна было жаць і да 11 вечара, то зараз (паводле апошніх вымярэнняў) у 20 хвілін дзявятага на раслінах ужо з’яўляецца раса, а значыць, працоўны дзень ва ўсіх камбайнераў заканчваецца.
Наступным нашым субяседнікам стаў дырэктар гаспадаркі С.А.Халімоненка, які сустракаў гасцей на прыгожым полі, дзе тры экіпажы малацілі спелы авёс – экстранна пераехалі сюды з азімых палеткаў, бо гэту капрызную культуру вельмі лёгка “ўпусціць” і на першы ж непагодлівы дзень яна адрэагуе моцнай палегліцай. “Галоўнае, не замінаць Анатолю працаваць!” – патлумачыў Сяргей Анатольевіч, не надта прасвятліўшы сітуацыю.
Адным словам, давялося нам выведваць вытворчыя таямніцы ў самога героя жніва. “Увесь дзень амаль не пакідаю кабіну: нават абедаю лічы што на хаду. Выраз, што на жніве дарагая кожная хвіліна, – для мяне не проста прыгожыя словы, а рэальны дэвіз. Канечне, вельмі шмат залежыць ад камбайна: мы яго летась старанна даглядалі, так што сёлета, каб усё праверыць і адрэгуляваць, хапіла аднаго дня. Вядома ж, штовечар дасканала ачышчаю, перагледжваю вузлы. Не буду ўтойваць, што новая мадэль “Палесся” мае свае перавагі – панэль кіравання больш зручная, бункер умяшчае на тону больш зерня. Дарэчы, нельга не адзначыць намаганні нашага кіраўніцтва, старанні адвозчыкаў, якія робяць усё, каб мы не прастойвалі. Увогуле вялікі дзякуй усім калегам, якія былі заняты на розных земляробчых цыклах: так атрымліваецца, што камбайнерам дастаецца больш увагі, тады як ва ўраджай укладаюць сілы вельмі многія”. Такімі вось немудрагелістымі аказаліся вытворчыя сакрэты Анатоля Дзмітрыевіча.
◆ Сёлета Анатоль Дзмітрыевіч паказаў адметны вынік дзённага намалоту: на полі ля Ільюшына, дзе добра ўрадзіла азімая пшаніца, сабраў у бункер аж 100 тон за адну змену! Зрэшты, гэта не самы рэкордны паказчык у яго кар’еры. Год сем таму на ячменных палетках камбайнер намалаціў за дзень 102 тоны збожжа!
Напэўна, у гэты дзень у яго здарыўся адзін з самых працяглых прастояў: давялося ж прама на полі пераапрануцца ў майку і кепку лідара, прыняць шматлікія віншаванні, грамату і каштоўны падарунак ад райсельгасхарча і прафсаюзаў. Прыемна было атрымаць і грашовае ўзнагароджанне ад роднай гаспадаркі – прадугледжаную калектыўным дагаворам прэмію памерам у тры базавыя велічыні. Ну а вымпел перадавіка ўборачнай Анатоль Спірыдзёнак адразу замацаваў у кабіне – каб натхняў на новыя рэкорды. Хоць і раіў дырэктар “Ільюшынскага” не замінаць працы раённага лідара, але яшчэ адзін падобны прастой з нагоды намалоту другой тысячы нікога б не засмуціў!
Наталля БАГДАНОВІЧ.