На полях УП «Сафийские дары» дан старт уборочной кампании в Ушачском районе

Сельское хозяйство

Больш за 1,7 мільёна тон зерня ўжо намалочана ў Беларусі. І калі на Брэстчыне падбіраюцца да экватара жніва, у Віцебскай вобласці ўбрана толькі крыху больш за 5 працэнтаў плошчаў. Афіцыйны старт уборачнай кампаніі ў пятніцу быў дадзены і ва Ушацкім раёне падчас традыцыйнага абраду “Зажынкі”. Прайшло мерапрыемства на палях УП “Сафійскія дары”.

На ўчарашнюю раніцу ў раёне ўжо намалочана 1385 тон зерня, сярэдняя ўраджайнасць складае 36,3 цэнтнера з гектара.

Поле ва ўрочышчы Угрынкі ля дарогі радавала вока: прыгожая чыстая пшаніца без палегліцы і пустазелля выглядала, як на самым ідэальным малюнку. Нібы на парадзе, упрыгожаныя сцягамі і шарамі выстраіліся ў рад камбайны, грузавыя машыны. Механізатары і вадзіцелі сабраліся ля сваіх “жалезных коней” і з нецярпеннем чакалі магчымасці ўрэзацца ў залатую хлебную ніву і намалаціць першыя тоны новага ўраджаю. Раздзяліць ўрачысты момант пачатку жніва завітала не толькі кіраўніцтва раёна, а і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў-шэфаў, наведвальнікі школьнага лагера. Гледзячы на такі прыгожы малюнак, не маглі спакойна праехаць побач па шашы простыя грамадзяне, спыняліся і назіралі за абрадам. А пачаўся ён з частавання прысутных караваем, спечаным з мінулагодняга зерня, як знак таго, што новы ўраджай павінен быць больш важкім.

Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў.

“Жніво сёлета – найважнейшая стратэгічная задача для Беларусі. На селектарнай нарадзе Прэзідэнтам былі пастаўлены канкрэтныя задачы. Сёння час вельмі няпросты, аснова ўсёй палітыкі краіны – эканоміка. Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то гэта ў першую чаргу вытворчасць хлеба. Ад колькасці атрыманага ўраджаю, у тым ліку і намі, будзе залежаць дабрабыт, стабільнасць, і наша задача – сабраць хлеб без страт”, – звяртаючыся да аграрыяў, адзначыў кіраўнік раёна С.С.Садоўскі.

Каравай атрымліваюць С.Садоўскі, У.Сафронаў, Н.Марковіч.

“Сафійскія дары” ў ліку тых 44-х прадпрыемстваў, якія сёння ўваходзяць у структуру ААТ “Полацкі малочны камбінат”, а таму на “Зажынкі” завіталі і прадстаўнікі таварыства на чале з генеральным дырэктарам У.Л.Сафронавым. Як адзначыў Уладзімір Леанідавіч, усяго гаспадаркам холдынгу трэба ўбраць 62 тысячы гектараў зерневых культур. Укладзена шмат сіл і сродкаў, на палях вырас добры ўраджай, і аграрыі павінны прыкласці ўсе намаганні для яго збору.

Будзе хлеб на стале – будзе дабрабыт. Гэтую ісціну агучыў і благачынны Ушацкага раёна Аляксандр Таляронак, які правёў чын асвячэння тэхнікі і ўдзельнікаў жніва, блаславіў на яго працаўнікоў малітвай, пажадаў божай літасці, добрага здароўя і плёну ў рабоце.

Г.Буркенадзэ.

Права зжаць сярпом першы сноп новага ўраджаю было дадзена ўдзельніцам народнага фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына”, які быў перададзены гаспадару поля – дырэктару УП “Сафійскія дары” Гурамі Гівіевічу Буркенадзэ. Ён пажадаў сваім падначаленым і калегам з іншых гаспадарак поспехаў у бітве за ўраджай. Зжатыя ж першыя каласы збажыны як сімвал будучага багацця ўручылі ўсім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў.

Каравай для аграрыяў.

Калі быў дадзены старт і працаўнікі накіраваліся да тэхнікі, удзельнікі свята не спяшаліся пакідаць поле – з задавальненнем назіралі, як загулі камбайны і адзін за адным накіраваліся на круг. А хутка на Нью Холандзе загарэлася лямпачка, што сведчыла пра першы поўны бункер. Прагнозы спецыялістаў пацвердзіліся: азімая пшаніца сорту “Маркіза” на гэтым участку дала больш за 40 цэнтнераў з гектара. “Такі ўраджай убіраць – адно задавальненне!” – у адзін голас прыкмячалі камбайнеры. Усяго ж аграрыям гаспадаркі трэба ўбраць 2772 гектары, з іх 2411 – зерневыя. У поле выйшла 7 экіпажаў камбайнаў і сярэдняя нагрузка на кожнага немалая – амаль 390 гектараў.

У першую чаргу аграрыі раёна клапоцяцца пра выкананне дзяржзаказу. Сёлетні план – 3500 тон.

Выстава-дэгустацыя ААТ «Полацкі малочны камбінат».

У гэты ж дзень на палі адправіліся камбайны ўсіх гаспадарак. Добра сыпалася ў бункер азімая пшаніца ў ільюшынскіх аграрыяў на старасельскіх палетках. Каля 40 цэнтнераў далі ўчасткі і ў “Глыбачанах”. Адпаведна і настрой у працаўнікоў сяла быў прыўзняты. Адзінае, што замаруджвае рабочы працэс і не дае распачаць работу ад цямна да цямна – дажджы. Не на ўсе палі можа зараз заехаць тэхніка, а сырое зерне прыходзіцца дасушваць. Тым не менш, жніво на Ушаччыне набірае абароты. У наступным нумары мы ўжо надрукуем імёны перадавікоў у традыцыйнай Дошцы гонару. Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з райсельгасхарчам аб’явіў адпаведнае спаборніцтва.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *