Председатель Витебского областного объединения профсоюзов Юрий Деркач с рабочей поездкой посетил Ушачский район

Общество

“Каля сотні кароў на адну даярку, няхай і ў сучаснай даільнай зале, гэта сур’ёзная нагрузка, якую вытрымае далёка не кожны. Ваша нялёгкая праца заслугоўвае самых добрых слоў”, – адзначаў старшыня Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, член Савета Рэспублікі Юрый Мікалаевіч Дзеркач, уручаючы Ганаровую грамату і падарунак аператару машыннага даення кароў УП “Сафійскія дары” Кацярыне Вараб’ёвай (на здымку). Прафсаюзны лідар Віцебшчыны ў чацвер наведаў з рабочай паездкай Ушацкі раён, а адным з пунктаў візіту якраз і была сустрэча з працаўнікамі сяла.

Надой на адну карову за 6 месяцаў у К.Вараб’ёвай склаў 2222 кілаграмы. Не касмічныя лічбы, аднак гэта самы высокі паказчык у раёне. Для таго каб ён быў як мага вышэйшы, маладая жанчына вельмі стараецца. Гэта адзначалі і яе калегі, якія шчыра радаваліся за Кацярыну. Ю.М.Дзеркач пагутарыў і з іншымі работнікамі комплексу Завячэлле, азнаёміўся з умовамі працы і адпачынку.

Ганаровую грамату прэзідыума савета абласнога аб’яднання ён уручыў і яшчэ аднаму працаўніку “Сафійскіх дароў”. Без малага 1400 тон зялёнай масы на кормаўборачным камбайне сёлета нарыхтаваў Пётр Караткевіч – адзін з самых вопытных механізатараў. У чацвер ён таксама працаваў у полі, аднак якраз да прыезду гасцей камбайн выйшаў са строю і прыйшлося вярнуцца на мехдвор, каб выправіць паломку. “Агрэгат няновы, і такое здараецца”, – сціпла падаючы руку ў мазуце, кажа Пётр Феліксавіч. Юрый Мікалаевіч разам са сваім намеснікам В.М.Лугаўцовым падбадзёрылі механізатара не толькі добрымі словамі, а і падарункам: тэрмас на такой рабоце, безумоўна, спатрэбіцца.

Ю.Дзеркач, П.Караткевіч.

Гаворка аб тым, што трэба заахвочваць лепшых работнікаў, ішла і на сустрэчы з прафсаюзным актывам раёна. У прыватнасці, зараз уся ўвага – жніву. “Як адзначыў наш Прэзідэнт, пытанне паспяховай уборачнай кампаніі для Беларусі – стратэгічнае. Трэба забяспечыць насельніцтва прадуктамі харчавання, павялічыць стабілізацыйныя фонды, запасы на будучыню. Задзейнічаныя на ўборачнай кадры павінны быць забяспечаны ўсім неабходным, а іх праца – годна аплачана, – падкрэсліў Ю.Дзеркач. – Не трэба заставацца ўбаку і прафсаюзам, прадугледзець для аграрыяў бонусы. Прычым, прыкмячаць варта ўсіх старанных і дысцыплінаваных людзей, не толькі абсалютных лідараў. Да прыкладу, працуе механізатар з раніцы да ночы на старэнькім камбайне, рамантуе яго, зразумела, яму не зраўняцца з тымі, хто на навейшых прадукцыйных мадэлях”.

Абмеркавалі на пасяджэнні і тэму развіцця рэгіёнаў. Ю.М.Дзеркач прыкмеціў, што многае ў гэтым плане робіцца на Ушаччыне, але трэба ствараць яшчэ лепшыя ўмовы для жыцця і замацавання моладзі. “Разам магчыма многае, а таму прапаноўвайце праекты па любых накірунках. Буду шукаць магчымасці і рэсурсы дапамагчы раёну”, – адзначыў Юрый Мікалаевіч.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел і старшыні абласных галіновых прафсаюзаў, якія пасля працавалі па секцыях з прадстаўнікамі раённых арганізацый і прафсаюзных пярвічак. Дарэчы, за вялікі асабісты ўклад у развіццё прафсаюзнага руху Ганаровай граматай прэзідыума савета абласнога аб’яднання была адзначана загадчык аддзела дзіцячай кнігі раённай бібліятэкі Святлана Клачок.

У рамках візіту Ю.М.Дзеркач таксама сустрэўся з калектывамі УП ЖКГ і санаторыя “Лясныя азёры”. У здраўніцы, якая ўваходзіць у структуру Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, ён таксама азнаёміўся з умовамі лячэння і адпачынку.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *