У аддзел прымусовага выканання звярнуўся грамадзянін К. У дзень залічэння заработнай платы яго карт-рахунак аказаўся заблакіраваны. На наступны ж, калі зняць наяўныя магчымасць з’явілася, сума была ўдвая меншай за тую, што падлягала атрыманню. Вось і палічыў, што за нейкія старыя даўгі грошы спісалі судовыя выканаўцы… У ходзе разбору было ўстаноўлена, што ў дачыненні мужчыны няма выканаўчых спраў. Бясспрэчнае ж спісанне грашовых сродкаў з яго рахунку (дарэчы, законнае) ужыла для пагашэння запазычанасці ЗАТ “БеСТ”. Як высветлілася, К. заключыў дагавор на аказанне паслуг сувязі для свайго сябра і ўвесь гэты час наіўна меркаваў, што той штомесяц ажыццяўляе плату.
Варта нагадаць, што арыштаваць грашовыя сродкі даўжніка, якія знаходзяцца на яго банкаўскіх рахунках, ва ўкладах (дэпазітах) або на захоўванні ў банках і (ці) нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыях, электронныя грошы могуць не толькі судовыя выканаўцы, але і самі спагнаннікі. Дарэчы, так і адбылося ў прыгаданым выпадку. Яны маюць магчымасць таксама звярнуцца ў суд з прадстаўленнем аб абмежаванні чалавека ў выедзе з тэрыторыі нашай краіны, наведванні ігральных устаноў.
Крыху падрабязней – пра работу нашай службы. Згодна з арт. 60 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб выканаўчай вытворчасці”, з даўжніка спаганяецца сума, прапісаная ў выканаўчым дакуменце, а таксама тая, што спатрэбілася для яе ўтрымання, і прымусовы збор. Пры гэтым судовы выканаўца можа прымяняць самыя розныя меры ўздзеяння: арыштоўваць наяўныя грошы, іншую маёмасць даўжніка, яго банкаўскія рахункі, дэпазіты; апісваць ці канфіскоўваць маёмасць; часова абмяжоўваць права даўжніка (прычым, як фізічнай, так і юрыдычнай асобы) на выезд з Рэспублікі Беларусь, на кіраванне механічнымі транспартнымі сродкамі, маторнымі маламернымі суднамі, права на паляванне, на наведванне ігральных устаноў, удзел у азартных гульнях. Для максімальнага эфекту можа адначасова прымацца па некалькі з апісаных мер.
Складаючы дагавор на атрыманне крэдыту, аказанне паслуг сувязі, атрымліваючы ад судовага выканаўцы пастанову аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці, памятайце, што плаціць трэба своечасова. Блакіраванне рахунку можа аказацца не самым прыемным падарункам да навагодніх святаў.
А.МАСЛЮК,
начальнік аддзела прымусовага
выканання Ушацкага раёна.