У панядзелак экіпаж Анатоля Дзмітрыевіча Спірыдзёнка і Аляксандра Сцяпанавіча Плігаўкі чакала экстраннае тармажэнне. Іх камбайн рухаўся міма прадстаўнічай дэлегацыі, што сабралася на полі за Наваселлем, не мяркуючы, што дэсант – па іх душу. А кіраўніцтва райсельгасхарча і “ААТ “Ільюшынскі” спецыяльна прыехала, каб павіншаваць з перамогай камбайнераў, якія першымі ў раёне намалацілі тысячу тон зерня.
Вельмі натужнай яна была, хоць Анатоль Дзмітрыевіч – не навічок, апошнія гады кожны сезон адным з першых атрымліваў гучнае званне “тысячнік”. Сёлета ж даволі весела напаўняліся бункеры падчас ўборкі азімых культур – асабліва добра ўрадзіла пшанічка, ды потым затармазіўся залаты паток. Яшчэ ў пятніцу да запаветнай лічбы заставалася ўсяго 60 тон, а дамалочвалі іх два з паловай дні, хаця пры добрай ураджайнасці такі танаж асільвалі і за дзень.
Працуе экіпаж на новым “Палессі” КЗС-1218. Атрымалі летась якраз у канцы жніўня. Апошняя мадэль лепш за папярэднікаў – і магутней, і захоп жняяркі больш. Хаця ўсё ж не толькі тэхніка вывела камбайнераў у перадавікі. Перш за ўсё, канечне, зладжаная, правільна размеркаваная праца. А.С.Плігаўка не проста памочнік старшага камбайнера, які тэхніку аглядае, чысціць, дапамагае хутка ліквідаваць якую няспраўнасць (а яны сустракаліся), а сапраўды другі камбайнер. Чаргуюцца за штурвалам, і з цёмным пры святле фар мог дамалочваць участак Аляксандр Сцяпанавіч. У яго таксама багаты стаж на жніве – пачынаў убіраць хлеб яшчэ ў калгасе імя Дуброўскага. А зараз, калі выйшаў на пенсію, згадзіўся дапамагчы калегам.
◆ Дарэчы, летась першы раённы “тысячнік” быў таксама ў ААТ “Ільюшынскі” – экіпаж Уладзіміра Уладзіміравіча і Віктара Лёлі.
Спрыяльнага надвор’я жадалі перадавікам начальнік райсельгасхарча Сяргей Сяргеевіч Садоўскі і яго намеснік Сяргей Аляксандравіч Белагрыўцаў, якія акрамя дыплома ўручылі эпіпажу і падарунак ад раённай арганізацыі “Белая Русь” – неабходны ў палявых умовах тэрмас. Ну а дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Анатольевіч Халімоненка, як і прадугледжана калектыўным дагаворам прадпрыемства, уручыў механізатарам заробленыя прэміі – тры і дзве базавыя велічыні адпаведна. “Намалаціць вам яшчэ столькі ж па некалькі разоў, каб трапіць і ў лік трохтысячнікаў!”, – жадаў кіраўнік. Жарт усе ўспрымалі па-філасофску, з жалем гледзячы на нізенькі ячмень. Што паробіш – зона рызыкоўнага земляробства. Не першы год планы аграрыяў перакрэсліваліся нябеснай канцылярыяй, толькі не апускаюць яны рукі. І будуць ўбіраць да апошняга астраўка, да апошняга перасушанага каласка яравых. Не дзеля ўзнагарод. Хаця, трэба прызнаць, што за паказчыкамі калег сочаць усе.
Вольга КАРАЛЕНКА.