На Ушаччине прошли районные соревнования «Белорусская лыжня-2021»

Cпорт

“Нарэшце ў нас людская зіма! А то за два апошнія гады нават неяк было лыжы з шафы дастаць”, – бадзёра перагаворваліся ўшачане, што сабраліся суботняй раніцай ля спарткомплексу. Надвор’е ж, быццам па заказе, прыберагло для раённых стартаў “Беларускай лыжні-2021” выдатны марозны дзянёк, а падрыхтаваная работнікамі фізкультурна-спартыўнага клуба цвёрдая траса давала падставу чакаць цікавых хуткасных забегаў.

На стартавай пазіцыі А.Федарэнка.

І спадзяванні цалкам апраўдаліся – прызнаныя лыжнікі паказалі дастойныя секунды, ветэраны здзівілі, а навічкі пераадолелі сябе і атрымалі на фінішы “цёплую сустрэчу” ад узброеных тэрмасамі балельшчыкаў. Спаборніцтвы праходзілі як у камандным, так і ў асабістым заліку, таму ўзяць у іх удзел мог кожны жадаючы.

Пачалася праграма з забегаў дзяцей і падлеткаў. На старт выйшлі прадстаўнікі Ушацкай школы і ДЮСШ, а паколькі на “Беларускай лыжні” высадзіўся магутны дэсант вялікадолецкіх спартсменаў на чале з настаўнікам Уладзімірам Мікалаевічам Лапіцкім, прысутных чакаў сапраўдны майстар-клас тэхнікі лыжнага ходу, што і нядзіўна, бо большасць членаў гэтай школьнай дружыны маюць вопыт выступлення на галоўных трасах краіны і вобласці.

Забег дзяўчат 10-13 год.

Зрэшты, удзельніцы самага юнага дзявочага забегу Ксюша Бука, Насця Корань і Злата Клімашэўская ўпершыню выйшлі на старт раённых спаборніцтваў, а таму дыпломы і медалі за першае, другое і трэцяе месцы адпаведна сталі іх дэбютнымі трафеямі. “Золата” і “срэбра” сярод 7-9-гадовых хлопчыкаў размеркавалі паміж сабой Кірыл і Аляксандр Пугачы. Прызавую тройку ў 10-13-гадовых склалі Ілья Падворны, Раман Лабецкі і Мікіта Жаваранак, а ў дзяўчынак гэтага ўзросту вызначыліся Яўгенія Сямяхіна, Маргарыта Стрыжонак і Аліна Папова. Да слова, тыдзень таму Жэня, Мікіта, а таксама Улад Асіпёнак абаранялі гонар Віцебскай вобласці ў фінале рэспубліканскіх біятлонных спаборніцтваў “Снежны снайпер”, і хоць узысці на п’едэстал вялікадальчанам сёлета не ўдалося (занадта моцнай была канкурэнцыя, а ў асобных момантах проста не пашанцавала), але яны дастойна выглядалі на раўбіцкай трасе.

А на ўшацкай лыжні ў падлеткавай катэгорыі 14-17 год “золата” заваявалі Дзіяна і Ігар Лабецкія, “срэбра” ў Дар’і Арцюх і Ільі Мялешкі. За апошняга, дарэчы, асабліва хварэла трэнер Таццяна Леанідаўна Клопава: яе былы выхаванец зараз займаецца ў вучылішчы алімпійскага рэзерву, спрабуе сябе ў спартыўнай хадзьбе – аднак, як бачна, упэўнена бегае і на лыжах.

На старце Н.Васілеўская, В.Балаболкіна, Л.Турчыновіч.

Следам за школьнікамі на трасу выйшлі самыя ўзроставыя лыжнікі – і ў запале, настроі зусім не саступалі моладзі! Традыцыйна сваіх удзельнікаў на спартыўныя мерапрыемствы дэлегуе клуб “Імпульс”, а старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Ніна Аляксандраўна Васілеўская асабіста паказвае аднагодкам прыклад прыхільнасці да актыўнага ладу жыцця. “Не так даўно перанесла каранавірусную інфекцыю, аднак для паспяховай рэабілітацыі добрыя эмоцыі патрэбны не менш, чым медыцынскія працэдуры – таму я тут!” – патлумачыла яна. І хоць выніковыя месцы для ветэранаў, канечне, не галоўная мэта, вельмі прыемна было Любові Турчыновіч атрымаць “золата”, а Алене Шынкоўскай, якая выступала за каманду Ушацкай школы, – “срэбра” спаборніцтваў. “Бронза” ж дасталася прыгаданай вышэй Н.Васілеўскай.

Захапляльнай была гонка мужчын-ветэранаў. У разборкі прызнаных мэтраў фізічнага даўгалецця Мікалая Фядосенкі, Аляксандра Тарасені, які прадстаўляў зборную Ушацкай СШ, і Васіля Алексяёнка нечакана ўмяшаўся “навічок” – жыхар Садкоў Аляксандр Пасканенкаў. Яго класічны ход па лыжні быў настолькі адточаным, што мужчына прымусіў сапернікаў змагацца толькі за “срэбра” і “бронзу” (яны дасталіся Мікалаю і Аляксандру). У экспрэс-інтэрвью пасля фінішу А.Пасканенкаў “раскрыў карты” свайго поспеху – у маладосці ён займаўся спартыўным арыентаваннем, быў майстрам спорту, а ў праграму трэніровак уваходзіла і лыжная падрыхтоўка. Зрэшты, падтрымлівае ён форму і зараз – праклаў лыжню на полі ля сваёй вёскі.

Т.Шышко, Э.Лабецкі, А.Бугай, К.Шастакова.

“Золата” сярод тых, каму за 50, заваявала Вікторыя Гугіна і прынесла ачкі ў скарбонку каманды райвыканкама. А вось мужчыны гэтага ўзросту разыгралі сапраўдны трылер. Усяго дзве секунды раздзялілі Паўла Пашкова (УП ЖКГ) і Уладзіміра Аўдошку, які, трэба адзначыць, з-за перанесенай складанай хваробы не мог паўнацэнна трэніравацца, таму сам факт его выхаду на лыжню ў складзе каманды райвыканкама ўжо з’яўляецца мужным учынкам. Толькі на некалькі хвілін адстаў ад іх уладальнік “бронзы” Уладзімір Качко (Ушацкая школа). Перамога ж прадстаўніка камунальнай службы была эфектнай: за некалькі метраў да фінішу ён згубіў раўнавагу і перасек рысу ў неймаверным кульбіце! “Шчыра кажучы, раніцай нават сумняваўся, што выйду на старт, – прызнаўся Павел Мікалаевіч. – Учора былі на галіновых абласных лыжных спаборніцтвах у Гарадку і пакінулі на вельмі складанай мясцовай трасе літаральна ўсе сілы! Але гэта таго каштавала: мы сталі трэцімі ў вобласці, а наш Канстанцін Красноў атрымаў “срэбра” асабістага заліку!”

На лыжні В.Алексяёнак і А.Пасканенкаў.

Медалём такой жа вартасці разжыўся ён і на раённай гонцы ў катэгорыі 40-49 год, саступіўшы толькі фаварыту Сяргею Ціханёнку з каманды райвыканкама – апошні, прынамсі, як і належыць кіраўніку спартыўнай сферы раёна, адказна падышоў да падрыхтоўкі, намотваючы за адну трэніроўку звыш дзясятка кіламетраў. Трэцім прыйшоў на фініш Віталь Клімашэўскі. У жанчын гэтага ўзросту першынствавала Таццяна Шышко (аб’яднаная каманда РАНС і ТЦСАН), другой стала Людміла Давыдава (цэнтр дзяцей і моладзі), а яе калега Ганна Бабянок была самай хуткай сярод 30-39-гадовых. Другое месца ў гэтай катэгорыі – у Маргарыты Далжонак з Ушацкай школы, трэцяе – у Ірыны Шчукінай (райвыканкам), а ў мужчын “золата” і “срэбра” заваявалі Аляксандр Федарэнка, які выступаў у асабістым заліку, і Аляксандр Бугай (РАНС і ТЦСАН). Лепшай сярод дзяўчат 20-29 гадоў аказалася Крысціна Шастакова з гэтай жа зборнай, а сярод хлопцаў – Аляксей Рудкоўскі, другім прыйшоў Эдуард Лабецкі, які таксама прадстаўляў аб’яднаную каманду выратавальнікаў і сацработнікаў, трэцім – Ілья Бірукоў.

Галоўнай інтрыгай стала падвядзенне камандных вынікаў. І калі з першым месцам зборнай РАНС і ТЦСАН пытанняў не ўзнікла, то каб вызначыць уладальнікаў другога, суддзям давялося не толькі падсумаваць балы (яны ў райвыканкама і Ушацкай школы аказаліся роўнымі), а і ўлічваць колькасць удзельнікаў у забегах. Толькі такім чынам дзяржслужачыя апярэдзілі настаўнікаў. Ну а 4 і 5 месцы падзялілі камунгасаўцы і прадстаўнікі цэнтра дзяцей і моладзі. У адрас гэтых дружных каманд хочацца выказаць асаблівыя словы падзякі. Так, усе сілы аддала на трасе Кацярына Глебка, а Юлія Няспяціна і Аляксандр Лабецкі, хоць і не мелі належнай падрыхтоўкі, экстранна замянілі выбыўшых з “абоймы” калег – у гэтым і праяўляецца камандны дух! А яшчэ хочацца прыгадаць Ганну Бабянок, якая з дзяцінства захапляецца лыжамі, самастойна асвоіла тэхніку каньковага ходу, а сёлета пасля заняткаў гуртка “Залатая саломка” вадзіла юных рукадзельніц на лыжню.

Увогуле гэтая зіма для многіх была спартыўнай – лыжныя трасы не пуставалі, а значыць, ушачане сталі больш загартаванымі, палепшылі свой настрой і жыццёвы тонус!

Наталля БАГДАНОВІЧ.

  • Традыцыйна раённае аб’яднанне прафсаюзаў зацвярджае для падобных спаборніцтваў спецыяльныя прызы. Сёлета іх уладальнікамі сталі самы ўзроставы ўдзельнік “Беларускай лыжні” Аляксандр Пасканенкаў, якому хутка споўніцца 70 год, і Павел Пашкоў, узнагароджаны за волю да перамогі.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *